Візуальны гонар краіны
Партфоліа беларускіх ілюстратараў – семь маладых і перспектыўных мастакоў, якія ўражваюць прадуктыўнасцю і ўласным стылем, што адразу чапляе.
Ілюстрацыя – магчыма, самы незразумелы жанр мастацтва: нейкі несур’ёзны, забаўляльны. Да чаго ні зрабі малюначак, ён збягае на ПМЖ у тую сферу, для якой быў падрыхтаваны: ілюстрацыя ў часопісе становіцца адразу журналістыкай, у дзіцячай кніжцы – часткай свету дзіцячай літаратуры, а ў падручніку фізікі адразу пераўтвараецца ў навуку. Адбываецца гэта таму, што ілюстрацыя мае адмысловую ролю – ствараць напружанне паміж тэкстам, пераказваць сэнс па-новаму, а час ад часу і спрачацца з ім.
Мала хто пра гэта кажа, але ілюстрацыя канкурыруе з тэкстам за права прыцягваць чытача і расказваць інфармацыю.
Мы вырашылі прабегчыся па маладых цікавых ілюстратарах і ілюстратарках, якія здолелі вынайсці, як пераказваць словы і перапрацоўваць рэальнасць у аўтэнтычнай эстэтыцы.
Улада Юрчанка





Улада – тэатральная мастачка-ілюстратарка, якая ўвасабляе яскравыя мінімалістычныя малюнкі, што маглі б лёгка стаць дэкарацыямі да спектакля ці скетчам для макета ў тэатры лялек. Юрчанка стварае насычаныя сімвалічна-вобразныя кампазіцыі, якія на адным аркушы месцяць цэлы свет з зямным і тагасветным, чым робіць адсылку да батлейкі і сярэднявечных карцін.
Ганна Крук
Ганна любіць пяшчотны грандж – у яе ілюстрацыях цеплыня і супакаенне, але не пакідае пачуццё, што праз секунду герой ускочыць – і пачнецца драйв.
Яна працуе ў розных стылістыках, але праз колер і аўтэнтычную атмасферу, увасобленыя цвёрдай і чуйнай рукой, пазнаецца сувязь паміж ілюстрацыямі. А яе нядаўняя серыя коміксаў пра Melancholiac Macarena – асобная глава творчасці, дзе мастачка стварыла вар’яцкага персанажа, у якім кожны лёгка можа пазнаць сябе.



Улад Хвастоў
Яго яскравыя, крышку хуліганскія ілюстрацыі выскокваюць за межы паперы і ўваходзяць у публічную прастору, становячыся стыкерамі, насценнымі роспісамі ці мураламі. Ілюстрацыі прасякнуты гісторыямі пра супергерояў, коміксамі, паштоўкамі 60-х, музыкай і духам бунтарства.
Працы Хвастова маюць моцную экспрэсію, якая перадаецца праз колеры і лініі, а некаторая нядбайнасць стварае індывідуальны стыль і нерафінаваны візуал, якога так часта не хапае.



Анастасія Сакалоўская
Анастасія стварае краіну прывідных троляў, малюючы ілюстрацыі на сутыкненні нардычнага фальклору, тлену і зімніх сноў. Гэта асобны свет, дзе жывуць намаляваныя кавай з малаком істоты, прапісаныя так старанна і шчыльна, што лёгка ўявіць, як будуць выглядаць іншыя героі, калі патрапяць туды, а маленькі Зай і вожык могуць хадзіць у госці з кніжкі ў кніжку.




Усе партфолiа тут
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное