Общество

«Вітольд казаў: «Ну што вы, што вы…» А мянты пасля крычалі пра мора крыві»

Уладзімір Гарох — рамеснік з Навагрудка, якога асудзілі на 7 гадоў калоніі. Гарох быў у суседняй камеры ШІЗА шклоўскай калоніі, калі паміраў Вітольд Ашурак. Уладзімір расказаў Нашай Ніве сваю гісторыю.

Уладзімір Гарох у дзень прыезду групы палітвязняў у Варшаву. Фота: «Люстэрка»

Сутнасць «карэліцкай справы» — людзей абвінавацілі ў тым, што летам 2020 года яны нібыта рыхтаваліся да масавых беспарадкаў у Навагрудку і некаторых іншых населеных пунктах і збіраліся падпальваць будынкі, супраціўляцца ўладам і блакаваць дарогі спілаванымі дрэвамі. Гароха затрымалі ў дзень выбараў, 9 жніўня 2020 года.

«Знайшлася адна мразота, якая мяне здала»

— Да арышту я займаўся вырабамі з дрэва, быў звычайным рамеснікам. Але ў 2020‑м не змог заставацца ў баку.

Усё пачалося з таго, што я сфармаваў групу аднадумцаў у Навагрудку: мы друкавалі і распаўсюджвалі ўлёткі, рыхтаваліся да сустрэчы з даверанымі асобамі Святланы Ціханоўскай. Мяне затрымлівалі яшчэ да выбараў, але адпускалі. А потым здарылася тое, што называюць класікай жанру — знайшоўся здраднік.

Гэтая мразота здала ўсё да дробязяў, нават мае пазнакі ў блакноце. 6 жніўня я заўважыў каля дома, дзе рабіў рамонт, пастку. Сын гаспадыні вывез мяне праз блакаду, была пагоня, але я здолеў сысці ў лес. Хаваўся ў сясцёр, у лясах, пакуль мяне не пераправілі ў Ліду.

Менавіта тады я пазнаёміўся з Вітольдам Ашуркам. Вітольд дамовіўся з адной мужнай жанчынай, якая не пабаялася мяне прытуліць. Але 9 жніўня мяне вылічылі і арыштавалі проста ў яе на кватэры.

Уладзімір Гарох. Фота з ягонай старонкі ў Аднакласніках

Гродна і Баранавічы. «Блатныя салідарызаваліся з намі»

У гродзенскім СІЗА мяне спрабавалі прэсаваць праз крымінальнікаў. Аператыўнікі спецыяльна закінулі мяне ў камеру да сматрачага за Гродна, каб там правялі «выхаваўчую работу». Але пасля некалькіх гадзін размовы, калі я патлумачыў, за што мы змагаемся, стаўленне змянілася.

У выніку мы пасябравалі, і яны цалкам салідарызаваліся з намі. Оперы спадзяваліся на прэс, а атрымалі падтрымку для нас ад блатных.

Потым былі Баранавічы. Я фіксаваў усе парушэнні ў сшытак: як забаранялі сушыць адзенне, як затрымлівалі ежу.

Гэты сшытак у мяне потым забралі і замалявалі ўсё ручкай, але адміністрацыя тады спалохалася — нам дазволілі мыцца і сушыць рэчы на батарэях.

Уладзімір Гарох пасля вызвалення. Фота: mostmedia.io

Пекла ў Шклове

3 мая 2021 года я трапіў у калонію №17 у Шклове. Адміністрацыя адразу забараніла іншым зняволеным са мной камунікаваць, пагражалі праблемамі.

У Шклове катавалі людзей. Мяне валілі на падлогу, расцягвалі ногі так, што сухажыллі трэшчалі, і малацілі. Цела заставалася чорным ад сінякоў па тры тыдні.

У ШІЗА нас катавалі холадам: фортку ў акне не зачынялі нават у маразы, быў пастаянны скразняк. Каб не змерзнуць, трэба было пастаянна рухацца, скакаць.

Харчаванне было жахлівым. Аднойчы накінулі ежы, аказалася — санстанцыя прыехала.

Калі я ўбачыў сваё адлюстраванне, быў шакаваны: пры росце 175 см я важыў каля 60 кг, страціў больш за 20 кілаграмаў. На ягадзіцах не засталося тлушчу, толькі мышцы, абцягнутыя скурай. Перада мной стаяў хадзячы шкілет.

Апошнія дні Вітольда Ашурка

14 мая 2021 года мяне закрылі ў ШІЗА па сфабрыкаваным акце. І там, у суседняй камеры, быў Вітольд.

Я запомніў тры чорныя даты. 19 мая я чуў, як да яго звярталіся: «Недаразвіты». 20‑га чысла я чуў гукі, нібыта яму прычынялі боль, ён толькі казаў: «Ну што вы, што вы…».

А 21 мая ў абед кантралёр клікаў яго атрымліваць ежу, але Вітольд ужо не адгукаўся. Потым набегла куча мянтоў, уключылі радыё на ўсю моц, нешта крычалі пра «мора крыві».

Раніцай мне сказалі: Вітольд памёр. Гэта быў шок, які немагчыма апісаць словамі.

Быў там такі вязень Улад, былы спецназавец, асуджаны за наркотыкі. Я чуў, як мент казаў яму: «Будзь асцярожней, каб не атрымалася, як з Ашуркам, што мы ледзь адпісаліся». Відавочна, яго падсаджвалі да Вітольда для «выхаваўчай работы».

Скрыншот з відэа СК, якое выклалі як відэа «апошняга дня Вітольда Ашурка»

Пасля смерці Вітольда я зразумеў: мяне тут могуць проста забіць ці зрабіць інвалідам.

Магілёўская турма

Пасля мяне перавялі на турэмны рэжым. У магілёўскай турме №4 мне пастаянна падсялялі псіхічна хворых людзей. Быў адзін, які згвалціў дзіця, напрыклад. Гэта рабілася спецыяльна, каб я паехаў дахам.

У асноўным гэта былі хітрыя і подлыя людзі. Першы час я спрабаваў па-добраму, быў такім выхаваным батанікам, але яны гэтым карысталіся. Прыйшлося паказваць зубы, прымушаць іх мыць посуд і прыбіраць.

Адзіны палітвязень, з якім я перасякаўся ў турме — гэта Арцём Сакаў, аператар Ціханоўскага. Мы пасябравалі. Яго прэсавалі страшна: пастаянныя ШІЗА, даносы ад зэкаў з нізкіх статусаў.

Арцём вярнуўся ў Шклоў, у гэтую забойчую калонію №17. Я прашу ўсіх: біце ў званы за яго! Гэта месца, дзе людзей нішчаць фізічна.

Вызваленне: мяшкі на галовах і 10 канваіраў на 10 чалавек

Вызваленне было раптоўным. Прыйшоў палкоўнік, потым нейкі дэпутат. Сказалі: ёсць магчымасць выехаць, але толькі ў Літву. А 5:30 раніцы — «15 хвілін на зборы». Нас пасадзілі ў аўтобус, надзелі мяшкі на галовы, кайданкі за спінай перакруцілі так, што рукі адвальваліся. 10 канваіраў на 10 чалавек.

Калі знялі мяшкі, я ўбачыў, што мы ў Чарнігаўскай вобласці. Нас прывезлі ва Украіну. Украінцы прынялі нас вельмі цёпла, хоць у іх ідзе вайна.

Зараз я на волі, але мае рукапісы, маю праграму будаўніцтва новай дзяржавы, мае вершы — усё знішчылі ці скралі. Скралі нават фатаграфіі і лісты ад беларусаў, якія мяне трымалі на плыву. Але ўсё гэта засталося ў галаве.

Я не збіраюся маўчаць, як некаторыя. У мяне ў Беларусі засталіся дзеці, яны цяпер фактычна ў закладніках. Але я не буду лізаць зад Лукашэнку. Калі я замаўчу, значыць, барацьба была дарэмнай.

Наша краіна хворая, і хворы не толькі Лукашэнка. Хворы савецкі менталітэт многіх кіраўнікоў і абыякавасць «нейтральных» грамадзян. Нам патрэбная глыбокая трансфармацыя.

Перамога будзе за намі, гэта нават не абмяркоўваецца. Калі не верыш у перамогу — ты ўжо прайграў. А я веру.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(4)