Віталь Гуркоў падвёў вынікі збірання лайкаў з Саладухам

«Людзям не цікавыя спартыўныя дасягненні і навуковыя адкрыцці».

Шматразовы чэмпіён свету па муай-тай і ўдзельнік гурту Brutto Віталь Гуркоў падвёў вынікі збору лайкаў у сацсетках пад сваім фотаздымкам у кампаніі з папулярным спеваком Аляксандрам Саладухам.

«Калі гэтая фатаграфія набярэ за суткі 10 тысяч лайкаў, то ён будзе спяваць з намі на «Мінск-Арэне»!!!)))», — напісаў колькі дзён таму Гуркоў на сваёй старонцы ў Facebook.

Цяпер спартовец падводзіць вынікі, пра якія таксама паведамляе ў сацсетках.

— Мой сацыяльны эксперымент з поспехам скончыўся. Фотаздымак спрацаваў як лакмусавая папера для нашага грамадства. Фота з Аляксандрам Саладухам пабіла ўсе рэкорды маіх сацсетак. Ажыятаж і цікавасць да персоны «легенды беларускай эстрады» нязгаслая з 1995 года! На другім месцы фота, дзе я на рынгу трымаю наш гістарычны сцяг. Людзям не цікавыя спартыўныя дасягненні і навуковыя адкрыцці, творчая высокамастацкая рэалізацыя. Куды цікавей шоў і чаканне неверагоднага, абмяркоўванне абсурдных недарэчных пытанняў, — напісаў Віталь Гуркоў.

Нагадаем, канцэрт Brutto на «Мінск-Арэне» адбудзецца 8 сакавіка 2017-га.