Экономика
Радыё Свабода

Вілейскі “Антэй” падае сыгналь SOS

Станцыя ваеннага сачэньня блізу Вілейкі будзе альбо мадэрнізаваная, альбо зьліквідаваная. Збудаваная больш за сорак гадоў таму, радыёстанцыя “Антэй” марскога флёту Расеі састарэла як тэхнічна, так і маральна, і калі не прыняць тэрміновых захадаў, яна пераўтворыцца ў грувасткі помнік савецкаму ваенна-прамысловаму комплексу. Між тым, у Міністэрстве абароны Беларусі гавораць, што прадпрымаць нічога не зьбіраюцца, паколькі ў студзені 1995 году вілейская станцыя разам з 650 гэктарамі зямлі на 25 гадоў перададзеная ва ўласнасьць Расеі — без аплаты арэнды і падаткаў.

Калі да сярэдзіны 1980-х на ўдасканаленьне сыстэмы інфармаваньня выдаткоўваліся немалыя сродкі, то апошнія 20 гадоў “Антэй” працуе на старых рэсурсах. У часе вучэньняў “Шчыт Саюзу-2006” са спасылкай на камандзіра часткі Ўладзімера Кузьняцова, які кіруе станцыяй амаль 20 гадоў, дзяржаўныя СМІ напісалі: калі мадэрнізацыя ня будзе праведзеная, станцыю трэба закрываць. Капітан І рангу Кузьняцоў не такі катэгарычны.

(Кузьняцоў: ) “Мы ў мадэрнізацыі маем патрэбу, але ў нас дастаткова сродкаў і запчастак, каб мы маглі некалькі гадоў яшчэ прапрацаваць. Тэхніка пакуль працуе нармалёва, даюць запчасткі, сродкі, каб пакуль што працаваць”.

Прадстаўнік Міністэрства абароны Беларусі Вячаслаў Раменьчык удакладняе, што беларускае ведамства ня мае да радыёстанцыі ўжо ніякага дачыненьня.

(Раменьчык: ) “Гэта аб’ект Узброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі, разьмешчаны на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Таму ўсе пытаньні мадэрнізацыі, удасканаленьня — гэта трэба зьвяртацца ў Міністэрства абароны Расеі. Яны, натуральна, працуюць, і ў інтарэсах Расейскай Фэдэрацыі, і Рэспублікі Беларусь, але ўсё, што тычыцца тэхнічнага складніка, дык гэта ўсё прэрагатыва расейскага Міністэрства абароны”.

Высачэнныя вышкі Вілейскай радыёстанцыі “Антэй” бачныя на дзясяткі кілямэтраў навокал, і ўжо 40 гадоў ёсьць звыклым элемэнтам мясцовага пэйзажу. Гэта 15 пэрыфэрыйных мачтаў і тры 270-мэтровыя цэнтральныя, якія трымаюць 900-тоннае антэннае палатно плошчай 400 гэктараў. Аднак колісь па самаму вялікаму рахунку засакрэчаны аб’ект даўно не выконвае перашапачатковых задач. У Міністэрстве абароны Расеі адкрыта не гавораць, ці будуць выдаткаваныя сродкі на рэканструкцыю “Антэя”, спасылаючыся на стратэгічны статус станцыі. Вядома толькі, што расейскае камандаваньне працягнула эксплёатацыю аб’екту на пяць гадоў. Вось што сказаў прадстаўнік расейскага абароннага ведамства Юрый Хведчын.

(Хведчын: ) “Самі зразумейце — пытаньне досыць спэцыфічнае, патрабуюцца кансультацыі кампэтэнтных людзей, якія валодаюць абстаноўкай. І мы давайце адразу абгаворым: калі гэтыя пытаньні не ўяўляюць вялікай сакрэтнасьці, мы, натуральна, вам дапаможам”.

Падобны аб’ект падчас існаваньня СССР працаваў у Латвіі, аднак у сярэдзіне 1990-х на патрабаваньне латвійскага ўраду станцыя ў Скрундзе была зьліквідаваная, а расейскі вайсковы пэрсанал працаўладкаваны ў Ганцавічах, дзе высілкамі беларускіх уладаў быў здадзены даўгабуд Міністэрства абароны СССР. Ці не атрымліваецца, што насамрэч радыёлякацыйная станцыя ў Ганцавічах і вілейскі “Антэй” толькі дублююць адзін аднаго? Гаворыць Уладзімер Кузьняцоў.

(Кузьняцоў: ) “Яна выконвае свае функцыі, абсалютна іншыя. Таму яны нават у іншых родах войскаў. Мы для флёту працуем, а яны для космасу, касьмічных войскаў. Таму мы, як кажуць, толькі сябруем. Паколькі і яны, і мы знаходзімся на беларускай зямлі”.

Галоўнай задачай Вілейскай радыёстанцыі, збудаванай у 1964 годзе, была перадача падводнаму і надводнаму флётам сыгналю ў выпадку ядзернай атакі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)