Віку Мароз ня выпусьцілі на вакацыі ў Італію

Як падаюць італьянскія СМІ, у мінулы чацьвер, 2 жніўня, 11-гадовая Віка Мароз мела вылеціць зь Менску ў Кагалета. У якасьці дарослых суправаджальнікаў дзяўчынкі ў Італію павінны былі ляцець і яе апекуны -- жодзінская сям’я Васілеўскіх. Падобная турыстычная паездка была адзінай магчымасьцю для Вікі ўбачыцца з тымі, каго яна лічыць сваімі мамай і татам - Алесандрам Джустам і Марыяй К’ярай Барначын. Для сустрэчы ў аэрапорт прыбылі мэр Кагалета Атыльё Занэці і маці Марыі К’яры Элена Дан’іна, аднак, як высьветлілася, дарэмна.

“Мы ведаем, што Віка мусіла вылецець у Італію, аднак штосьці пашкодзіла гэтаму ў менскім аэрапорце”, цытуюць словы мэра Занэці італьянскія мэдыі Il Vostro Giornale і Il Secolo XIX.

Тым часам афіцыйны адвакат беларускага амбасадара ў Рыме Дыега Пэруджыні абвяргае падобную інфармацыю. У размове з журналістамі ён падкрэсьліў, што ня мае ніякіх дадзеных пра нейкія перашкоды для вылету дзяўчынкі з боку супрацоўнікаў менскага аэрапорту.

Адвакат тлумачыць сытуацыю пэўнымі юрыдычнымі фармальнасьцямі, якія быццам бы ня выканала адна адказная за афармленьне паездкі асацыяцыя.

Некалькі раней у размове са Свабодай ды іншымі беларускімі СМІ чыноўнікі Міністэрства адукацыі Беларусі сьцьвярджалі, што фармальна для выезду Вікі Мароз на замежныя вакацыі не існуе ніякіх перашкод. Выключэньнем могуць быць хіба што наступныя акалічнасьці : адмова з боку апекуноў -- жодзінскай сям’і Васілеўскіх ды адмова з боку ўпраўленьня адукацыі Менскай вобласьці.

Што да сям’і Васілеўскіх, то яна ўвесь час была ня супраць такой паездкі. У прыватнасьці, Алена Васілеўская падкрэсьлівала, што “Віка вельмі прывязалася да Джуста - Барначын і тыя яе любяць”.

Што да ўпраўленьня адукацыі Менскай вобласьці, то ня так даўно ў размове з Эўрапейскім радыё першы намеснік кіраўніка ўпраўлення Мікалай Кулеш сказаў: маўляў, ён ня супраць замежнага адпачынку Вікі ў складзе групы, адкак сумняецца ў мэтазгоднасці новай сустрэчы дзяўчынкі зь сям’ёй з Кагалета.

Як пішуць італьянскія выданьні, праўдападобна, што 11-гадовая беларуская сірата стала прадметам армрэстлінга (жорсткай мужчынскай бойкі) паміж італьянскай сям’ёй і менскімі ўладамі.

У беларускім нацыянальным аэрапорце адмовіліся камэнтаваць інфармацыю. У Міністэрстве адукацыі сёньня, як вядома, выходны. Таксама выходныя і ў амбасадзе Італіі ў Менску, якая мусіла афармляць візу дзяўчынцы.

Нагадаем, што да мінулага лета выхаванка Вілейскага інтэрнату Віка Мароз неаднойчы прыяжджала ў Кагалета да сям’і Джуста-Барначын. Летась сямейная пара вырашыла не аддаваць сірату назад у інтэрнат. Муж і жонка з Кагалета сьцьвярджалі, што дзяўчынка стала ахвярай фізычнага і сэксуальнага гвалту на радзіме. Цягам 20 дзён маці абодвух сужэнцаў хавалі дзяўчо ў Альпах.

Пры канцы мінулага году беларускія органы апекі ўладкавалі Віку ў сям’ю жодзінцаў Васілеўскіх. Разам зь дзяўчынкай у гэтай сям’і выхоўваецца і яе старэйшы брат.

Паводле беларускіх законаў, сіроты, якія ўладкаваныя ў адну сям’ю разам з братамі і сёстрамі, не падлягаюць міжнароднаму ўсынаўленьню. У сваю чаргу, паводле італьянскіх законаў, сям’я ня можа ўсынаўляць дзяцей, якія старэйшыя за ўласных. Днямі ў Джуста-Барначын нарадзіўся сын Эмануэле.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)