Комментарии
Віктар Марціновіч, budzma.by

Віктар Марціновіч: «Рускі выхад» у свет навукі і культуры

Прачытаў ганебны допіс «Новай газеты», якая знянацку вырашыла адмовіць беларусам у праве на родную мову.

Па палітычнай сутнасці тэксту я не выкажуся лепей, чым зрабіў гэта Стась Карпаў. Беларускія інтэлектуалы ўжо адказалі «НГ» па шмат якіх аспектах. Напрыклад, па тым, як спрытна пад танюткай яблычнай скуркай рускага ліберала праскрэбваецца кудлатая, закіданая бацвіннем манархісцкая барадзенцыя. І як бы пераканаўча маскоўскі калумніст ні плакаў пра Навальнага, лібералізм і дэмакратыю, калі ён толькі адварочваецца ад Пуціна і азіраецца навокал, ён умомант ператвараецца — не, не ў Дугіна нават, а ў Лімонава.

Дмитриев ответил журналистке, которая предложила белорусам слезть с шеи России

Не буду звяртаць увагу і на тое, што ачарняльныя артыкулы пра маю краіну менавіта ў расійскіх ліберальных медыях (згадайма нечаканую зацятую цікаўнасць да Беларусі тэлеграм-канала «Незыгарь») ужо складаюцца ў паўнавартасную кампанію. Як быццам некаму хацелася падрыхтаваць рускую ліберальную публіку да нейкіх трывожных падзей у будучыні (публіку неліберальную супраць Беларусі настройваць няма чаго, склад яе галоваў супадае з тым, што паказваюць па тэлевізіі).

То адрэагую толькі на адзін закід. На тэму, з якой сутыкаюся штодня ў сваёй выкладчыцкай і чытацкай практыцы.

«Так, людзі ў Мінску не гавораць у масе на беларускай. Гэта азначае, што ім патрэбныя іншыя мовы. Напрыклад, руская, якая падтрымліваецца 150 мільёнамі чалавек і дае выхад у свет навукі і культуры», — зазначае Анастасія Міронава.

Тут можна было б спыніцца на вобразе мовы, якая «падтрымліваецца» тымі, хто ёй карыстаецца, быццам яна не сродак камунікацыі, а карумпаваны губернатар. Які даўно ўжо прызначаецца з цэнтра, але пры любой спробе аспрэчыць яго ўладарства спасылаецца на «ўсенародную падтрымку» сябе. Але я не буду смяяцца з таго, як Анастасія Міронава разумее мову. Урэшце, як можа беларускі пісьменнік вучыць рускага ліберальнага калумніста мове выказвання на тэму рускай мовы?

Што мяне тут зацікавіла — згаданы «НГ» «рускі выхад» у свет навукі і культуры.

Допіс, у якім Анастасія Міронава прынялася завабліваць беларусаў навуковым патэнцыялам рускай мовы, супаў па часе з наступам на апошнюю прыватную навуковую ўстанову Расіі — Маскоўскую вышэйшую школу сацыяльных навук (Шанінку). Пасля праверкі, у якой удзельнічалі кандыдаты навук з малазначных рэгіянальных ВНУ, праверкі, якую ўзначальвала асоба, у чыёй дысертацыі знайшлі элементы плагіяту, Шанінку пазбавілі права выдаваць дзяржаўныя дыпломы. Афіцыйныя прэтэнзіі да Шанінкі па-кафкіянску абсурдныя, і з гэтага абсурду выбягае толькі тое, што насамрэч накат на ВШСЭ ідзе праз тое, што яна была хіба не адзіным мастком, які звязваў расійскую думку з усім астатнім сусветам. Кажуць, у ФСБ выклікала неспакой ВНУ, заснаваная прафесарам Манчэстэрскага ўніверсітэта.

І гэта вяртае нас да тэмы «рускага выхаду» ў свет навукі і культуры. Разумееце, Анастасія, руская мова сапраўды некалі давала шмат магчымасцяў тым, хто займаецца навуковымі даследаваннямі і цікавіцца сусветнай літаратурай. Але ж было тое даўно і параўнальна нядоўга. Той непрацяглы прамежак часу, які прайшоў паміж падзеннем адной імперыі, што старанна фільтравала гуманітарныя тэксты, адкідаючы адны плыні і перайначваючы іншыя, і паўстаннем новай ідэалагічнай глыбы.

Апошняя адметная яшчэ й тым, што амаль не ўкладаецца ў культурную інтэграцыю Расіі ў навакольны сусвет.

У параўнанні з часамі СССР расійская мова сёння — вельмі слабы кампаньён для інтэлектуала. Непараўнальна слабейшы за англійскую. Супастаўце хуткасць, з якой важныя замежныя тэксты перакладаюцца на рускую, англійскую, літоўскую і ўкраінскую, і расчаруйцеся ў сваіх шавіністычных імператывах. Я магу вам даць інсайдарскае тлумачэнне, чаму так адбываецца. Навуковыя тэксты купляюцца горай, чым мастацкая літаратура. Таму ў значнай ступені хуткасць іх распаўсюду залежыць ад грантавай падтрымкі і актыўнасці еўрапейскіх навуковых і культурных фондаў. Якія апошнім часам у Расіі прызнаюцца «замежнымі агентамі», «ворагамі» і «шпіёнамі».

Памятаеце, як у 2016-м Рэспубліка Комі апратэставала факт палення кніг, выдадзеных Фондам Сораса? І выявілася, што Міністэрства адукацыі пастанавіла «знішчыць іх з дапамогай знішчальніка для папер»? Вось так, Анастасія! Вось такая духоўнасць!

Гэта тычыцца і мастацкай літаратуры. Сёння рускія выдавецтвы, якія чэшуцца набываць правы на важныя іншамоўныя прэм’еры ды ўкладаюцца ў іх пераклад, можна пералічыць на пальцах адной рукі. Corpus, Ad Marginem, LiveBook — каго вы згадаеце яшчэ? Памятаеце, як у эпоху LiveJournal рускамоўныя людзі перакладалі свежыя англа- і франкамоўныя кнігі ўсёй грамадой, не спадзеючыся дачакацца прафесійнай версіі ў афіцыйным папяровым выданні? І пасля таго, як кніжка ўсё ж выходзіла, выяўлялася, што якасць яе мовы — абы-якая. Бо выдаўцы вырашылі сэканоміць на дарагіх спецыялістах.

150 мільёнаў, кажаце? Здавалася б, здаравенны рынак! Палякі, у якіх новы раман Франзена будзе рэкламавацца ў метро, мусілі б абзайздросціцца. Але ж па сутнасці тыя 150 мільёнаў — аўдыторыя не Corpus і не Ad Marginem. Гэта заўзятары Rutorent ды «Флібусты». Найбуйнейшы пірацкі кантынент.

Сёння руская мова дае неаспрэчную праходку ў адзін свет. У свет рускай навукі, культуры і літаратуры. Тут ёсць цікавыя імёны і аўтары, пра якіх я стараюся час ад часу пісаць, каб трымаць сваіх чытачоў у курсе. Але пра рускую інтэграванасць у свет давайце не пачынаць, добра?

Слухаць пра навуковую прывабнасць рускай мовы я буду гатовы пасля таго, як у Пецярбургу зноў адкрыецца Еўрапейскі ўніверсітэт, Шанінцы вернуць права выдаваць дыпломы, а Генпракуратура Расіі выключыць фонд «Адкрытае грамадства» з пераліку арганізацый, непажаданых на тэрыторыі Расіі.

Ізаляцыя заўсёды ўплывае на якасць думкі.

Бо гэта ў Сярэднявеччы каштоўнасць ведаў вымяралася іх замкнёнасцю. І кляштар, які ўтрымліваў рукапіс працы пра ўласцівасці раслін, лічыўся інтэлектуальна багацейшым за суседні кляштар, у якім такога рукапісу не было. Сёння веды ў галіне гуманітарных навук толькі тады называюцца ведамі, калі наконт іх каштоўнасці ёсць кансэнсус за межамі «кляштара2. А для гэтага мусіць быць абмен і дыялог з іншымі культурамі і мовамі. Якому ў выпадку з Расіяй пачынае перашкаджаць падазронасць тых, хто ўпаўнаважаны правяраць, ціснуць і закрываць.

Калі так пойдзе далей, адзіным запатрабаваным інтэлектуальным прадуктам на рускай мове стануць «даследаванні» пра сацыякультурную еднасць крымскага і рускага народаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)