Выборы-2020

Віктар Бабарыка: У мяне адчуваньні вельмі дзіўныя, што ўлада менш мяне баіцца, чым апазыцыя

Вядомы банкір, які вылучаецца на пасаду прэзідэнта, у інтэрв’ю Свабодзе выказаўся пра тое, як яго топіць апазіцыя, і чаму сёння галоўнае для беларусаў — аб’яднацца.

— Наша задача на гэтым этапе — максымальна адысьці ад пытаньняў, якія разьядноўваюць нашую нацыю. Словы «Будзе ў нас незалежнасьць — будзе ў нас і мова, і сымбалі» належаць Васілю Быкаву. Чалавек, які зьяўляецца гонарам нацыі. Ён дакладна сказаў, што падмурак — гэта незалежнасьць, далей разьбярэмся.

Мы мусім аб’яднацца, даць магчымасьць пабудаваць сыстэму, якая дазваляе краіне быць свабоднай і правільнай, а мы спрабуем яе разарваць! — кажа Віктар Бабарыка.

У мяне адчуваньні вельмі дзіўныя, што ўлада менш мяне баіцца, чым апазыцыя. Апазыцыя ўжо забылася пра ўладу, ужо там усё нармальна, «давайце не хадзіць на выбары», «давайце затопім Бабарыку, Цапкалу і ўсіх астатніх». Я неяк і зьдзівіўся: што мы робім? Чаго мы хочам? Мы хочам увесь час мець дзьве крайнасьці, якія змагаюцца паміж сабой? Ці мы хочам незалежную Беларусь? Я не будую кансьпіралягічных тэорыяў, але я быў у шоку. Я аказаўся для ўлады менш небясьпечны, чым для апазыцыі? Вам гэта не падаецца дзіўным? Для мяне гэта нечакана.