Відэаназіраньне ў прымяральнях менскіх крамаў. Ці законна?

Усё часьцей пакупнікі выяўляюць у айчынных крамах камэры назіраньня непасрэдна над прымяральнямі. Што важнейшае: гаманец прадаўца, які спрабуе засьцерагчыся ад крадзяжоў, ці асабістая свабода пакупніка?

Татальны кантроль робіцца ўсё больш татальным. У інтэрнэце, як абаранак зьесьці, можна сустрэць фота ці відэа, зробленыя схаванымі камерамі. У тым ліку і ў месцах, асноўнае прызначэньне якіх менавіта ў тым, каб схавацца ад чужога вока.

Наўздагон суседзям усё часьцей камэры назіраньня пачалі зьяўляцца і ў беларускіх крамах. Напрыклад, у прымяральні буціку «Tally Weijl», што ў менскім гандлёвым цэнтры «Сталіца».

«Лёгіку ўвогуле прыватных асобаў і юрыдычных кампаніяў, якія займаюцца ўсталяваньнем камэраў перад прымяральнямі, у прынцыпе, паводле беларускіх рэаліяў, зразумець можна: шмат хто заходзіць з адным бюстгальтарам, пакідаюць свой — ну, вы памятаеце вядомыя пэрсанажы. Менавіта каб пазьбегнуць уласных стратаў, усё гэта і робіцца», распавядае Уладзімір Навасяд з таварыства «Абарона правоў спажыўцоў».

Паводле гаспадароў «Tally Weijl», камэра хоць і вісіць літаральна над прымяральняю, аднак здымае выключна калідор, а відэа па-за межы крамы не выходзіць. Аднак такое тлумачэньне супакойвае далёка ня ўсіх: ролікі, якія неаднойчы выклікалі скандалы ў суседніх краінах, у інтэрнэце маглі зьявіцца толькі праз службу аховы. Людзі кіруюцца зразумелаю лёгікаю: калі ты бачыш камэру, значыць, камэра можа бачыць цябе.

Жыхары Менску:

«Глядзяць на мяне. Я ня ведаю, што далей будзе адбывацца з гэтым відэа. Я саромеюся!»,

«Паставіць камэру ў прымяральні — гэта тое самае, што і паставіць яе ледзьве не ў прыбіральні!».

«Там будуць сядзець і назіраць за табою — мне здаецца, гэта рэальна дурна! Ну, і ў дачыненьне людзей, грамадзянаў гэта непаважліва!».

«Гэта парушае маю асабістую прастору — у яе папросту ўломваюцца! І мне папросту не падабаецца, калі за мною сочаць».

Наўпроставай забароны на разьмяшчэньне камэраў назіраньня ў прымяральнях заканадаўства не прадугледжвае. Затое ёсьць нарматывы, якія акрэсьліваюць права кожнага грамадзяніна на асабістае жыцьцё. І калі на ўваходзе ў краму няма папярэджаньня пра вядзеньне ў памяшканьні відэафіксацыі або калі камэра замест публічнай прасторы — агульнай залі ці калідору — зазірае за шырму, пакупнікі могуць сьмела скардзіцца ў міліцыю ды суд.

Уладзімір Навасяд распавядае:

«Маё прыватнае жыцьцё — гэта маё прыватнае жыцьцё, і ўмешвацца туды нельга! То бок да нас ніхто ня можа, напрыклад, зайсьці ў кватэру, усталяваць камэру і сачыць за намі бяз нашай згоды. Альбо з дазволу пракурора, альбо пастановы судзьдзі. Тое ж самае дзейнічае і тут. То бок чалавек прыйшоў ажыцьцяўляць набытак — ён нікому не даваў згоды здымаць, як ён гэта робіць».

Зрэшты, пазьбегнуць канфлікту можна і ў дасудовым парадку, адзначае экспэрт. Менавіта для гэтага і існуюць тыя ж кнігі скаргаў.

Акрамя нявольнага эксгібіцыянізму ня меншае абурэньне выклікае і пытаньне: а што ж з прэзумпцыяй невінаватасьці? Атрымліваецца, апроч таго, што хавае вопратка, праз схаваныя камэры ў нас разглядаюць яшчэ і злодзеяў. Каб татальны кантроль не пераўтварыў, урэшце, нас у жыхароў адной вялікай камэры, свабоду варта адстойваць. Найперш — асабістую.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)