Відавочца пра здарэнне ў парку Перамогі: «Выбух — і ўсё, дым. Нам усім вушы залажыла»
Мянчук Андрэй быў побач зь месцам, дзе загінула жанчына. Ён паведамiў Радыё Свабода, людзі сабраліся ля Сьвіслачы, таму што іх не пусьцілі бліжэй да стэлы.
Позна ўвечары 3 ліпеня ў Менску адразу ў некалькіх раёнах гораду быў заплянаваны сьвяточны салют. Як мінімум на дзьвюх пляцоўках запуск фаервэркаў пайшоў не паводле пляну. На набярэжнай Сьвіслачы насупраць парку Перамогі была сьмяротна параненая жанчына. СК завёў крымінальную справу, паведамляецца пра 10 пацярпелых.
Жыхар Менску Андрэй, які быў побач зь месцам трагедыі.
— Салют быў заўсёды за Сьвіслаччу, і ў парк Перамогі заўсёды пускалі людзей, — расказвае ён. — А гэтым разам не пусьцілі. Стаялі людзі ў цывільным, мне сказалі, што ўваход толькі па сьпісах. Таму я застаўся на мосьце, але не на тым, па якім ішоў парад, а на пешаходным, які бліжэй да Палаца моладзі.
Па словах відавочцы, праз дзеяньні людзей у цывільным на набярэжнай набралася дастаткова шмат людзей. Большасьць зь іх назіралі за відовішчам з другога боку ракі, ад спарткомплексу «Дынама» на вуліцы Даўмана.
— Стаяў, чакаў салюту, — кажа відавочца. — Побач са мной было каля 50 чалавек, гэта ўсе, каго не пусьцілі ў парк. У асноўным людзі стаялі за ракой, акурат там, куды паляцелі аскепкі потым. Сем’і зь дзецьмі ў асноўным, вельмі шмат дзяцей. Калі салют пачаўся, амаль адразу я пачуў два выбухі. Прыкладна праз хвіліну пасьля пачатку. Я здымаў усё на відэа, выбухі добра чуваць. Спачатку ўсё ў неба ляцела, а потым стрэл, нешта па зямлі разышлося. Затым выбух — і ўсё, дым. Нам усім вушы залажыла. Перада мной тры дзяўчыны стаялі. Яны адразу за вушы схапіліся і прыселі.
Андрэй гаворыць, што выбухі былі вельмі моцнымі. Ён адразу зразумеў, што ў вайскоўцаў нешта здарылася:
— Мне знаёмая, якая была побач са стэлай, пазваніла пасьля ўсяго. Сказала, што нават там гук выбухаў быў чуваць. Больш пацярпелых я ня бачыў, толькі гэтая жанчына. Бачыў, як на месца «хуткія» ехалі. Але пра разьбітыя ў дамах шыбы і іншае я ўжо дома даведаўся.
Паводле відавочцы, людзі далёка не адразу зразумелі, што адбываецца. Частка зь іх заставаліся на месцы падзеі і пасьля выбухаў. Сьвяточны салют працягваўся ў іншым баку Парку Перамогі, і людзі назіралі за залпамі.
— Пасьля выбухаў салют ля Сьвіслачы скончыўся адразу, але з боку стэлы ён яшчэ працягваўся, — кажа Андрэй. — Людзі проста пачалі назіраць за іншым салютам, мы даглядзелі яго. Разыходзіцца пачалі, толькі калі салют скончыўся зусім. Тады ж пачаўся і канцэрт ля стэлы.
Відавочца гаворыць, што моцна ўзрушаны тым, што здарылася. Дагэтуль ён лічыў, што сьвяточныя салюты — бясьпечнае відовішча, якое ня можа мець цяжкіх наступстваў:
— Я ня першы раз хаджу глядзець салют на 3 ліпеня, ніколі такога раней ня бачыў. Заўсёды ўсё было цудоўна. Я знарок выбіраю гэтае месца ля Сьвіслачы, там прыгожа агні адбіваюцца ў вадзе. Мне вельмі падабаецца. Але налета я дзесяць разоў падумаю, перад тым як пайсьці.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное