Общество

Віцябляне пераначавалі ў амбасадзе Швецыі: «Амапаўцы крычалі: «Аддайце іх нам!»

Бацька і сын, 47-гадовы Віталь і 29-гадовы Ўладзіслаў Кузьнечыкі зь Віцебску, якія папрасілі палітычнага прытулку, пераначавалі ў памяшканьні амбасады Швэцыі.

«Мы пераначавалі, нас тут кормяць, пакуль што ўсё добра, да нас добра ставяцца. Але што будзе далей — пакуль невядома, будзем спадзявацца на лепшае», — сказаў Свабодзе Віталь Кузьнечык.

Уладзіслаў Кузьнечык на тэрыторыі амбасады Швэцыі ў Менску, 11 верасьня

Амбасада ў суботу не працуе, уцекачы пераначавалі на яе тэрыторыі, пацьвердзілі Свабодзе яе супрацоўнікі. Як будзе разьвівацца сытуацыя з просьбай уцекачоў аб прыстанішчы, стане вядома пазьней.

З Кузьнечыкамі пагутарылі швэдзкія дыпляматы, амбасадар пакуль знаходзіцца ня ў Менску. Таксама мужчыны зьвязваліся з прадстаўніцтвам ААН і праваабаронцам Алесем Бяляцкім.

У прадстаўніцтве ААН сказалі, што пытаньне павінна вырашаць швэдзкая амбасада.

Віталь Кузьнечык і ягоны сын, які займаецца бізнэсам у сфэры гандлю, 11 верасьня папрасілі палітычнага прытулку ў амбасадзе Швэцыі ў Менску, асьцерагаючыся перасьледу сілавікоў за ўдзел у акцыі пратэсту 6 верасьня ў Віцебску. Некалькі дзён яны хаваліся, ведаючы, што іх шукаюць сілавікі.

«Учора пасьля 10-й мы прыйшлі да амбасады, пазванілі ў дамафон, нам не адчынілі і сказалі, што не даюць палітычнага прытулку. Але нам ужо не было куды падзецца і мы пераскочылі цераз плот у задні дворык. Мы ўключылі свае тэлефоны, калі ўжо апынуліся на тэрыторыі амбасады. Праз хвілін 10 амбасаду ўжо ачапілі амапаўцы, выйшаў кіроўца амбасады. Мы крыху схаваліся пад лесьвіцу, а амапаўцы пагрозьліва крычалі: «Аддайце іх нам, яны знаходзяцца ў вышуку!».

Але нас ніхто не аддаў, чакаем вынікаў. Мы папрасілі амбасаду, каб нас не выпускалі, іначай нас будуць перасьледаваць, невядома што прышыюць, і ёсьць пагроза жыцьцю», — сказаў Віталь Кузьнечык.

Паводле Віталя Кузьнечыка, ён і ягоны сын забясьпечаныя людзі. У сына двое дзяцей 7 і 4 гадоў. Таму яны рашыліся на такі крок не з эканамічных прычынаў.

Віталь кажа, што яны ня згодныя з вынікамі выбараў і супраць цяперашніх уладаў у Беларусі, таму штонядзелю выходзілі на акцыі пратэсту. Спачатку ўсё было мірна, а 6 верасьня пачаліся жорсткія затрыманьні.

Сілавікі выхоплівалі людзей з калёны, білі дубінкамі, закідвалі ў аўтазакі. Астатнім яны перакрылі дарогу, людзі былі заблякаваныя.

«Нехта выскачыў праз турнікеты, пачалі зьбягаць, мы з сынам таксама, пабеглі ў розныя бакі. Сына пачалі хапаць, ён вырваўся, мяне зьбілі з ног, пачалі біць прыблізна сямёра амапаўцаў, потым пырснулі газ у вочы, пасьля чаго ўпаў зрок. Сын гэта ўбачыў і пабег у мой бок, і за ім пабеглі людзі. Ён скочыў у натоўп міліцыі і выхапіў мяне.

У мяне ў руках былі парасон і газэта, я не адбіваўся, ляжаў на зямлі. Сын мяне выхапіў, натоўп падбег, і міліцыя адступіла. Мы адышлі ў двары, людзі далі вады, каб прамыць вочы. Дадому мы пабаяліся ісьці і хадзілі па знаёмых. Высьветлілася, што нас шукае міліцыя».

Віталь кажа, што Швэцыя — самая гуманная краіна, таму яны вырашылі зьвярнуцца да яе па дапамогу.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(20)