Общество
Анастасія Зелянкова

Вернікі сустрэнуцца з галоўным ідэолагам

Улады нарэшце адгукнуліся на галадоўку вернікаў у абарону царквы “Новае жыццё”. Мінскі гарвыканкам дазволіў удзельнікам акцыі правесці 21 кастрычніка на плошчы Бангалор мітынг пратэсту. Акрамя гэтага сёння вечарам павінна адбыцца сустрэча пастара царквы Вячаслава Ганчарэнкі з Алегам Праляскоўскім, памочнікам прэзідэнта, начальнікам галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі.

— Пастару ўчора патэлефанавалі з Упраўлення і запрасілі на сустрэчу, — расказалі “Салідарнасці” ў прэс-службе царквы. — Пра што пойдзе гаворка і якія пытанні будуць абмяркоўвацца, невядома. Праляскоўскі не той чалавек, які можа штосьці канкрэтна вырашаць у дадзенай сітуацыі, ён — галоўны ідэолаг. Тым не менш гэта першае афіцыйная рэакцыя, і мы расцэньваем такі крок як запрашэннне да дыялогу.

Дазвол на правядзенне мітынгу пратэсту ўдзельнікі акцыі ўспрынялі з энтузіязмам. Вернікі кажуць, што гэткім чынам яны змогуць яшчэ раз заявіць пра свае патрабаванні, сярод якіх адмена рашэння Мінгарвыканкама аб пазбаўленні царквы будынка і зямлі, магчымасць выкарыстання пабудовы як культавай і спыненне пераследу евангельскіх хрысціян на Беларусі. Між тым удзельнікі акцыі выказваюць у сувязі з будучым мітынгам і некаторую занепакоенасць.

— Тое, што нам даюць магчымасць выказацца, гэта добра, — адзначае прэс-сакратар суполкі Іна Давыдовіч. — Але ж, з другога боку, усе выйсці на мітынг і пакінуць без нагляду будынак царквы мы не можам. Што азначае гэты дазвол — шырокі жэст уладаў ці стратэгічны ход — стане вядома толькі пасля.

Ёсць і яшчэ адна акалічнасць. Мінгарвыканкам перанёс час правядзення мітынгу на перыяд з 18 да 20 гадзін, хаця ў заяўцы пазначалася — з 14 да 16 гадзін. Гэты перанос улады матывавалі правядзеннем на плошчы ў заяўлены час сельскагаспадарчага кірамашу. У выніку акцыя пратэсту будзе адбывацца ў вечарам, калі на вуліцах горада ужо даволі цёмна.

Самі вернікі вельмі здзіўлены такім рашэннем Мінгарвыканкама і пакуль не зусім уяўляюць, у якім выглядзе можна праводзіць акцыю ў дадзены прамежак часу. Фармат мітынгу плануецца абмеркаваць заўтра на сходзе пастараў.

На сённяшні дзень у галадоўцы ў абарону царквы “Новае жыццё” ўдзельнічае каля 170 чалавек з усёй Беларусі. Пакуль стан галадоўнікаў здавальняючы. Па словах вернікаў, гэтая ноч прайшла з большага спакойна, хаця не ўсіх прыхаджан сёння можна было бачыць на ранішняй малітве — некаторыя так і не здолелі падняцца з ложкаў. За ўвесь час галадоўкі ў будынак царквы толькі двойчы наведваліся афіцыйныя медыкі.

— Гэта адбылося пасля тэлефанавання аднаго з вернікаў у Міністэрства аховы здароўя з патрабаваннем нейкім чынам прарэагаваць на сітуацыю, — сцвярджаюць у царкве. — Першы раз прыехала брыгада з дзесяці чалавек, другі раз — ужо толькі шэсць. Яны агледзелі нас і заявілі, што не бачаць сэнсу кожны дзень прыязджаць сюды, паколькі наш стан не выклікае ў іх занепакоенасці. Сказалі: калі будзе дрэнна — выклікайце “хуткую дапамогу”. Дарэчы, якраз пасля іх візіту аднаму з удзельнікаў стала дрэнна і ён быў шпіталізаваны.

Нагадаем, што акцыя пратэсту цягнецца з 5 кастрычніка. За гэты час у галадоўцы прынялі ўдзел больш за 200 чалавек з розных куткоў Беларусі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)