«Вельмі шкада людзей, асабліва пенсіянераў. Зіма будзе для іх галоднай»
Дачка палітвязня Мікалая Статкевіча атрымала ліст ад бацькі. Зняволены палітык прызнаны цалкам працаздольным і працягвае працаваць на пілараме. Статкевіч распавёў у лісце пра жыццё ў калоніі і пра праблемы, якія яго найболей хвалююць.
Палітвязень нармальна сябе адчувае, працуе, рыхтуецца да зімы:
– Кажуць, што зімой тут холадна, але я добра «экіпіраваны», бо Марына перадала цёплую вопратку і абутак, і зіма мяне не палохае, – піша ён у лісце да дачкі, Кацярыны Статкевіч. – Што акрамя надвор'я робіцца ў Беларусі, ты ведаеш. Па крамцы, дзе раз на тыдзень мы можам набыць тое-сёе з прадуктаў, бачна як выраслі цэны. А заробкі, асабліва ў правінцыі, засталіся амаль без зменаў. І перспектыў паляпшэння сітуацыі я не бачу. Вельмі шкада людзей, асабліва пенсіянераў. Зіма будзе для іх галоднай.
Самай вялікай праблемай у калоніі Статкевіч лічыць тых, «хто кідаецца выконваць любыя, нават самыя вар'яцкія загады свайго начальніцтва».
Апроч таго, як вынікае з ліста, зняволеных прадпрымальнікаў, якія маюць матэрыяльныя іскі, абмяжоўваюць у краме да 35 тыс. рублеў на месяц.
– Атрымоўваецца, што катуюць людзей голадам, каб грошы заплацілі. Але ж не ўсе і маюць такія грошы, каб разлічыцца з дзяржавай, – заўважае палітвязень.
Сам Мікалай Статкевіч можа выдаваць у 5 разоў болей – 175 тысяч на месяц.
Навінаў ад Мікалая Статкевіча з калоніі не было на працягу некалькіх месяцаў. Ён прызнаўся, што не пісаў з сярэдзіны жніўня, каб пазбегнуць «публічнага чытання і калектыўных пакаранняў», тым болей што лісты не даходзілі. А зараз паспрабаваў – і праз 11 дзён адрэсат атрымаў ліст.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное