Апытанка

Марына Міхайлава

«Вельмі простае пытанне: чаму сам Маркаў разважае пра «моўны раскол» па-руску?»

«Салідарнасць» паглядзела, як на сёння адчувае сябе ў краіне беларуская мова: нагадваем рэальны стан рэчаў. А яшчэ мы спыталі беларусаў унутры краіны, што не так з беларускамоўным кантэнтам на ТБ, ці стае ім беларускай мовы ў паўсядзённым жыцці і дзе часцей яе сустракаюць.

У Беларусі міністр інфармацыі зноў прыгразіў тым, хто заяўляе пра ўшчамленне беларускай мовы ў нашай краіне. Праўда, асадзіў і барацьбітоў за рускую мову. Чыноўнік заявіў, што і тых, і другіх можна западозрыць у праяве экстрэмісцкіх ідэй, і з тымі, і з другімі трэба змагацца.

У праграме «Суровый взгляд» Марат Маркаў выказаўся пра «моўны раскол». Што паказальна — па-руску: «Cуществуют две противоположные группы — одни говорят, что белорусский язык ущемляют в стране, а другие кричат, что ущемляют русский язык. И те, и другие работают не на благо государства.

Недопустимо допускать раскол по языковому признаку! Равно как нельзя заниматься ущемлением любого языка любой из 150 национальностей, которые проживают в республике. Это главный принцип — не навреди».

Паводле міністра, на сёння крыху больш за 1% аўдыторыі глядзіць беларускамоўны тэлевізійны кантэнт. Яшчэ каля 30% «спакойна ўспрымаюць кантэнт на любой мове», а ўсе астатнія, маўляў, аддаюць перавагу рускай мове.

З гэтага Маркаў зрабіў выснову, што трэба правесці аналагічнае апытанне праз пару год і паглядзець, як змянілася сітуацыя. А тым часам стымуляваць інтарэс да беларускай мовы «спакойна, без надрыву — прыгожа, умеючы, прафесійна».

Дыктоўкі раз на год

Вядома, пры належнай чыноўніцкай спрактыкаванасці можна не заўважаць праблем у моўнай сферы доўгія гады. Але аргумент пра «дзве дзяржаўныя» прадстаўнікі беларускіх уладаў выцягваюць на свет тады, калі больш няма, што сказаць, а абвергнуць факты не атрымліваецца.

Мінск, гэтыя дні. Ілюстратыўны здымак

А факты паказваюць непрывабную карціну. У 40% беларускамоўных школ (фармальна ў нашай краіне так) навучаюцца ўсяго 10% беларускіх вучняў. Пры гэтым са школамі нацыянальных меншасцяў (польскімі, літоўскімі) справы яшчэ горш — ужо некалькі год, як навучанне на родных мовах у іх афіцыйна адмянілі. Самае большае, што можна ствараць профільныя групы ці класы.

За мінулы год у Беларусі былі выдадзеныя 982 кнігі і брашуры па-беларуску, але наклад іх у сярэднім упаў з ранейшых 3 тысяч да 2,7 тысяч асобнікаў. Прытым выдавецтвы, якія падначалены Мінінфарму, выдалі ўсяго 149 найменняў кніг на роднай мове. А незалежныя выдавецтвы пазбаўленыя ліцэнзій або нават прызнаныя «экстрэмісцкімі фармаваннямі» (днямі ў гэты спіс трапіла Gutenberg Publisher).

Абсалютовая большасць заканадаўчых актаў (каля 98%) прымаецца па-руску і не перакладаецца на беларускую мову. Станам на 2023 год з больш як 25 кодэксаў беларускую версію мелі ўсяго 16.

З 2023 года ў выніку «барацьбы» прарасійскіх актывістаў беларускую лацінку афіцыйна прыбралі з геаграфічных назваў, з шыльдаў на вуліцах, дарогах і ў метро. Таксама беларуская мова знікла з шэрагу з банкаўскіх і мабільных дадаткаў. І дыктоўкі альбо паэтычныя вечарыны раз на год сітуацыю ніяк не выратоўваюць.

А што пра становішча мовы і «раскол» думаюць самі беларусы? Мы папрасілі суайчыннікаў знутры краіны падзяліцца назіраннямі — і ім такі ёсць, што адказаць Маркаву.

«Ва ўсім беларускім бачаць пагрозу рэжыму»

— Нешаноўны міністр адмыслова блытае цёплае з мяккім, — гаворыць мінчанка Алена. — Бо «расколам па моўнай прыкмеце» займаюцца акурат ягоныя падначаленыя, якія ва ўсім беларускім бачаць пагрозу рэжыму. Вельмі простае пытанне: чаму прапагандысты не любяць, а па вялікім рахунку, не ўмеюць гаварыць па-беларуску? Чаму сам Маркаў разважае пра «моўны раскол» па-руску? Таму што мову яны ўсе ненавідзяць, як і яе носьбітаў.

І калі заўтра той жа Маркаў ці ўмоўны Азаронак раптам пяройдуць у сваіх перадачах на беларускую — гэта не дадасі папулярнасці ні ім, ні мове, толькі раззлуе гледачоў.

Што ж да таго, каб прасоўваць (не прапагандаваць!) беларускую мову прыгожа і прафесійна — я абедзвюма рукамі «за». Ды толькі тых, хто быў здатны гэта рабіць, з нашага тэлебачання так ці інакш «сышлі».

А як прыгожа Кацярына Ваданосава распавядала пра беларускія абрады і традыцыі!

Як захапляў аповедамі і вандроўкамі Юры Жыгамонт — ведаеце, я дагэтуль помню, як гучала музычная застаўка ў «Падарожжах дылетанта».

Якім промнем святла быў у свой час Сяргей Філімонаў і ягоная, не пабаюся гэтых слоў, культавая праграма «Відзьмо-невідзьмо».

А «Калыханка» з Маляванычам, дала маім дзецям больш разумення беларускай, чым усе ўрокі ў малодшай школе.

І дзе гэта ўсё цяпер, ці зможа міністр адказаць, ці пачне ўхіляцца і вярзці пра «экстрэмізм»?

«Пытанне не да аўдыторыі»

— Па працы і з асабістай зацікаўленасці я часта бываю на імпрэзах, якія звязаныя з беларускай культурай, якія ладзяцца па-беларуску, — дзеліцца досведам жыхар райцэнтра Кастусь. — І магу засведчыць, што пуста там ніколі не бывае — наадварот, заўжды вялікая колькасць ахвотных. Прычым гэта не толькі заўсёднікі, а кожны раз новыя людзі.

Беларускае — запатрабаванае, калі рабіць якасна і з душой. А калі ў Беларусі паводле перапісу чвэрць насельніцтва гаворыць па-беларуску, а вашыя беларускамоўныя праграмы запатрабаваныя ў 1% гледачоў, то гэта пытанне не да аўдыторыі, а да вас саміх: што робіце, як робіце і хто гэтым займаецца.

Вось нядаўна адзін актор хацеў пахваліцца, што пяць год грае ў спектаклю «Паўлінка» — ды толькі зняславіўся, бо нават слоўца без памылкі не здолеў напісаць.

Літаральна гэтымі днямі мы з сям’ёй былі на Масленіцы ў адным з паркаў недалёка ад Мінска — шчыра, файна, інтэрактыў па-беларуску, у захапленні нават замежныя турысты. І народу штогод процьма, нягледзячы на не самыя танныя квіткі.

Альбо кінапаказы «Уладара пярсцёнкаў» па-беларуску ў Мінску — ужо два тыдні, як гледачы валам валяць. У той час, як на прэм’еры ад «Беларусьфільма» (па-руску, на беларускую агучку ў іх ані смеласці, ані жадання, ані грошай няма), як правіла, зганяюць людзей праз школы і прафсаюзы.

«Сайты галоўных музеяў, універсітэтаў, выканкамаў — па змоўчанні на рускай»

Святлана кажа, што свядома перайшла на беларускую крыху больш за год таму — «яшчэ цяжкавата, але я працую над сабой і шукаю аднадумцаў».

— Калі я вучылася ў Інстытуце культуры, аднакурснікі любілі троліць прадавачак у навакольных кіёсках і кавярнях, замаўляючы каву з цынамонам — а тыя палохаліся малазнаёмых слоў. Цяпер, як мне бачыцца, сітуацыя іншая.

Я рэальна чую больш беларускай мовы ад навакольных, з захапленнем чытаю беларускамоўныя допісы ў Threads, размаўляю з тымі ж барыста, цырульніцамі, прадавачкамі. У краме ля дома, дзе набываю корм для коткі, супрацоўнікі мяне наогул называюць любімай пакупніцай і заўжды стараюцца перайсці на беларускую. Цешуся, калі беларусакую мову выкарыстоўвае бізнэс (назвы крамаў і аддзелаў, аўтазапраўкі, упакоўкі прадуктаў)

Ад дзяржавы ж такога імпэту ўсё меней. Вось размаўляю з вамі і спраўджваю дзеля цікавасці: сайты нашых вядучых музеяў (гістарычны, нацыянальны мастацкі, Вялікай Айчыннай вайны), інтэрнет-старонкі Нацыянальнай бібліятэкі і бібліятэкі імя Коласа, сайт Акадэміі навук, сайты ўсіх выканкамаў, універсітэтаў, школ — па змоўчанні галоўная старонка на рускай мове. Выключэнні — адзінкавыя.

А ў тых выканкамах, нават у аддзелах культуры, сядзяць чыноўнікі, якія на беларускамоўны запыт нярэдка адказваюць з памылкамі. І ў выступленнях чытаюць з паперкі — у мяне ШІ на тэлефоне прыкладна так чытае. Выключэнні, зноў жа, адзінкавыя.

Калі дзяржустанова спрабуе выкарыстоўваць беларускую — часам гэта забаўна (як з талончыкам у паліклініцы на «плот крыві»), але ж часта — гішпанскі сорам.

Ну, і кантрольны стрэл — нядаўнія затрыманні беларускіх кнігавыдаўцоў і стваральніка праекта агучкі па-беларуску. Гэта ўсё паказвае, якую мову насамрэч у Беларусі дыскрымінуюць.

«Нібыта ім нехта замінае перайсці на родную мову»

— Вядома, беларускай мовы стала адчувальна меней, — зазначае Рэгіна Аляксееўна. — Што да тэлебачання —  ёсць нешта цікавае на «Беларусь 3», але ж гэта такі мізер. А каб пачуць у горадзе ў нас, то не ведаю. Хіба на аўтастанцыі рэйсы абвяшчаюць па-беларуску. Ва ўстановах, у паліклініцы там ці выканкаме — нават і спадзявацца не выпадае.

Што праўда, у мінулую пятніцу мы пісалі беларускую дыктоўку ў бібліятэцы, але ж удзельнікаў няшмат было, чалавек 10 дарослых і адзін клас школьнікаў. Дыктаваў наш мясцовы пісьменнік, вось ён у жыцці таксама беларускамоўны.

Бібліятэкарка, былыя настаўнікі, інтэлігенцыя — тыя калі самі па-беларуску не размаўляюць штодня, то прынамсі гутарку падтрымаюць. Але гэта рэдкая з’ява. Большасць людзей толькі кажуць, ой, як вы прыгожа гаворыце, і так тужліва ўздыхаюць, нібыта ім нехта замінае перайсці канчаткова на родную мову.

А вось дзецям і ўнукам маёй суседкі па пад’ездзе — ніхто не замінае. Як прыязджаюць з Мінска, ажно цешуся, слухаючы жывую гаворку.

«У дзяржустановах — гамон поўны»

Мінчук Павел пацвярджае назіранні іншых нашых суразмоўцаў: калі ў сацсетках усплёскі беларускай мовы бачныя, то ў «афіцыйнай» прасторы яе ўсё меней.

— Ну, зрабілі рэпартаж да Дня роднай мовы ў рускамоўных навінах — раз на год зрабілі і забыліся. Раней, па адчуваннях, у навінах 50/50 было.

У дзяржустановах — гамон поўны. На маю думку, тут сацыялагічны чыннік: да кіравання на ўсіх узроўнях прыйшло іншае пакаленне, тыя, хто нарадзіўся ў 1990-ыя. І ў іх, адпаведна, ніякіх дзевяностых, ніякага адраджэння ў жыцці не было.

Гэта выскачкі і кар’ерысты, якія выразна адчуваюць, куды вецер дзьме — а вецер у бок пашырэння сферы рускамоўя.

Прыпынкі ў аўтобусах і метро яшчэ абвяшчаюць на беларускай. Але газэт беларускамоўных усё меней, праграм цікавых амаль няма. І гэта дакладнае люстэрка моўнай палітыкі «беларускае дзяржавы».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(7)