Общество
Анастасія Зелянкова

Вечарына Бураўкіна адбудзецца пры любым надвор’і

Кіраўніцтва Палаца мастацтваў адмовіла сёння ў правядзенні творчай вечарыны паэта Генадзя Бураўкіна. Немагчымасць прадаставіць памяшканне, на якое яшчэ папярэдне была заключана дамова, у Палацы мастацтваў патлумачылі аварыйнай сітуацыяй з электраправодкай.

— Мне сёння зраніцы патэлефанаваў старшыня Саюза мастакоў Уладзімір Басалыга і паведаміў, што атрымаў паперу, быццам у сувязі з аварыйнай сітуацыяй у Палацы мастацтваў сёння з трох гадзін дня і да самага вечара будзе адключана святло, — распавёў “Салідарнасці” Генадзь Бураўкін. — Нельга сказаць, што для мяне гэта было вельмі нечакана, але ўсё роўна дзіўна. Была ж заключана адпаведная дамова, аплачана арэнда. Канешне, адносіны ўлады да мяне вядомыя. І ўсё ж мы збіраліся праводзіць не нейкую палітычную акцыю, а творчую вечарыну. Пра гэта яшчэ загадзя было абвешчана ў СМІ. Абяцалі выступіць народныя артысты, мастакі, паэты — Леанід Шчамялёў, Рыгор Барадулін, Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч. Нават гэтага не дазволілі. І я не думаю, што гэтае рашэнне прыняў нейкі раённы электрычны начальнік.

Каб даведацца, што за праблемы перашкодзілі правядзенню творчай вечарыны, мы патэлефанавалі непасрэдна ў Палац мастацтваў.

— Ничего у нас не случилось с электричеством, — здзівіліся там нашаму пытанню. — А, вы про концерт... Это нам пришла такая телефонограмма, что должны свет отключить. Еще в понедельник должны были вестись какие-то работы, но потом решили перенести на сегодня.

На дадзены момант святло ў Палацы мастацтваў гарыць — зараз там праходзіць міжнародная канферэнцыя па пытаннях, звязаных са страхаваннем аўтамабіляў. А вось пасля трох гадзін святло ў будынку павінна згаснуць.

Тое, што забарона творчай вечарыны Генадзя Бураўкіна — не просты збег акалічнасцей, сведчыць хаця б той факт, што яшчэ за дзень да мерапрыемства некаторых артыстаў настойліва папрасілі адмовіцца ад удзелу ў гэтай імпрэзе.

— Учора вечарам мне патэлефанавала Ядзя Паплаўская і сказала, што ім з Аляксандрам забаранілі выступаць, — распавядае Зінаіда Бандарэнка, якая была запрошана весці святочную сустрэчу. — Яна вельмі шкадавала і прасіла прабачэння. Тады я яшчэ не стала з гэтым турбаваць Генадзя Мікалаевіча — у яго і так хворае сэрца. Ноччу прыдумвала, як зрабіць, каб гучалі песні Бураўкіна, хаця б проста музычным фонам — пра тое, што нам увогуле не дазволяць сабрацца, мы яшчэ не ведалі. А зараз нават слоў няма, як гэта назваць. Гэта ж трэба так не паважаць людзей. Ды якіх людзей!

На жаль, самі музыканты гэтую сітуацыю каментаваць адмовіліся.

— Я ў палітыку не гуляю, — заявіў карэспандэнту “Салідарнасці” Аляксандр Ціхановіч. — Прабачце. Вельмі шкадую, што так адбылося.

І ўсё ж песні на словы Генадзя Бураўкіна сёння будуць гучаць, як, дарэчы, і ягоныя вершы. Генадзь Бураўкін збіраецца сустрэцца са сваімі прыхільнікамі на прыступках Палаца мастацтваў у 18.30. Далей удзельнікі і госці рушаць памяшканне Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны, што размешчана непадалёк. З музыкантаў выступіць Зміцер Вайцюшкевіч.

 

 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)