Общество
Ігар Карней, ”Радыё Свабода”

Васілевічу не даспадобы кватэрны сэрвіс "на суткі"

Генэральны пракурор Рыгор Васілевіч накіраваў у Савет міністраў ліст. У ім гаворыцца, што неабходна як мага хутчэй прыняць захады, каб урэгуляваць здачу ўнаём жылых памяшканьняў на кароткатэрміновы пэрыяд.

Прадстаўнікі Генэральнай пракуратуры зазначаюць: “Няма адпаведнай рэакцыі і з боку органаў унутраных спраў на факты выкарыстаньня жылых памяшканьняў у мэтах утрыманьня прытонаў разбэшчанасьці, п'янства і азартных гульняў”.

Агенцтвы нерухомасьці не здаюць кватэры на кароткі тэрмін

Зьняць кватэру ў вялікім горадзе не ўяўляе ніякай праблемы. Мноства аб'яваў разьмешчана ў спэцыялізаваных газэтах і на інтэрнэт-сайтах, на подступах да вакзалаў заўсёды можна сустрэць бабулек, якія прапануюць начлег ці “нумары” на гадзіну-другую. Цэны на паслу розныя: ноч у “начлежцы” вакзальнай кватэры можа каштаваць 10 тысяч рублёў, а арэнда кватэры на суткі ў раёне праспэкту Пераможцаў каштуе ад 50 даляраў з чалавека.

Агенцтвы нерухомасьці не здаюць кватэры на кароткі тэрмін. Прадстаўніца адной з рыэлтарскіх кантораў кажа:

«Такое жыльлё здаюць прыватнікі. Гэта неяк несур'ёзна, а ўявіце, колькі гэта працы, шмат гэтай бегатні. Гэта трэба толькі гэтым займацца і толькі гэта кантраляваць. Таму гэта такая больш прыватная справа, гэта бабкі самі робяць. Хоць у мяне ёсьць знаёмыя агенты, якія кажуць: калі хтосьці прыяжджае і пільна трэба, то мы знойдзем. А знайсьці можна, калі ўвесь час нешта шукаеш».

Адно спальнае месца – ад 56 тысяч рублёў

Кватэры на кароткі тэрмін здымаюць альбо прыежджыя, альбо пары, якія шукаюць куток для таго, каб пабыць сам-насам.

На маё тэлефанаваньне прапанавалі адразу дзьве кватэры ў раёне Парку Чалюскінцаў.

«Ёсьць аднапакаёўка. Колькі вас будзе? Пара ці два спальныя месцы патрэбныя? Запытваю, таму што ёсьць таксама кватэра з двума асобнымі спальнымі месцамі. Па цэньніку – адно спальнае месца ў раёне парка Чалюскінцаў на суткі будзе каштаваць ад 56 тысяч рублёў. Усё залежыць ад таго, якая кватэра будзе там вольная і колькі насамрэч будзе там чалавек».

Карэспандэнт: «На колькі загадзя трэба вам паведаміць?»

«Ніяк. Вы тэлефануйце менавіта ў той дзень, калі вам трэба. Дзесьці за гадзіну. І я вам кажу: ёсьць штосьці ў патрэбным вам раёне ці не».

Ёсьць магчымасьць легалізавацца

Спадар Аляксей доўгі час займаўся тым, што здаваў кватэру на суткі. Як кажа, меў прыбытак «нядрэнны, але нерэгулярны». Нейкі час таму Аляксей вырашыў легалізаваць свой падзаробак:

«Ідзеш у ЖЭС, атрымліваеш паперу, потым з гэтай паперай – у падатковую. Там рэгіструесься, і табе даюць паперу з падатковай інспэкцыі, на які рахунак штомесяц неабходна пералічваць разьлічаную суму.

Тут усё залежыць ад таго, дзе знаходзіцца кватэра. То бок, залежыць ад мэтражу і месца знаходжаньня дому. У мяне, напрыклад, побач з мэтро, таму я плачу паўтары базавыя велічыні, на гэты момант – 52 500 рублёў. Можна плаціць гэтаксама на год наперад. Тады на цябе ніяк ня будзе ўплываць падвышэньне базавай велічыні. Нават калі яна зьмяняецца, то ты адзін раз заплаціў, і ўсё. А калі плаціць штомесяц, то мусіш адсочваць базавую велічыню і ў выпадку чаго даплочваць».

На інтэрнэт-старонцы Генэральнай пракуратуры зьмешчаны ліст Рыгора Васілевіча, які заклікае ўрад прыняць неадкладныя захады супраць бескантрольнага «гандлю» жылымі памяшканьнямі на некалькі дзён, на суткі ці гадзіны. Фармальна, піша спадар Васілевіч, заканадаўствам замацавана права ўласьнікаў і наймальнікаў жылых памяшканьняў здаваць у дамах прыватнага і дзяржаўнага жылых фондаў памяшканьні іншым грамадзянам па дамовах найму.

Канстытуцыйны суд Беларусі, якім некалі кіраваў цяперашні генпракурор, летась разглядзеў пытаньне аб юрыдычным рэгуляваньні адносінаў, зьвязаных са здачай фізычнымі асобамі жылых памяшканьняў для кароткага пражываньня. Канстытуцыйны суд яшчэ тады прапанаваў Савету міністраў урэгуляваць пытаньне здачы жылых памяшканьняў іншым грамадзянам на кароткі пэрыяд. Аднак гэтая праблема не вырашаная дагэтуль.

 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)