Васіль Быкаў і страхі вайны

«Мёртвым не баліць»: «Апроч, як праз міны, дарогі ў нас няма». 100-годдзю народнага пісьменніка прысвячаецца.

Фрагмент вокладкі зборніка аповесцяў «Абеліск» і «Мёртвым не баліць»

Васіль Быкаў, як і кожны франтавік, напэўна, неаднойчы чуў гэтае пытанне: а ці страшна было на вайне. Адказаў на яго ён у сваіх успамінах:

— Адчуваю сакрамэнтальнае пытаньне пра страх: цi баяўся? Канешне, баяўся, а можа, калi i трусiў. Але страхаў на вайне шмат, i яны ўвогуле розныя.

Страх перад немцамi — што маглi ўзяць у палон, застрэлiць; страх ад агню, асаблiва артылерыйскага цi бамбовак. Калi побач выбухне, дык, здаецца, цела само, без удзелу розуму, гатовае разарвацца на кавалкi ад дзiкiх пакутаў.

Але ж быў i страх, што iшоў ззаду, — ад начальства, усiх тых карных органаў, якiх у вайну было ня менш, чым у мiрны час. Нават болей.

Калi цябе камандзiр абяцае расстраляць пад ранак, калi ты ня возьмеш страчаны хутар цi вышыню, цi траншэю (што па тым часе зусiм верагодна), дык яшчэ невядома, каго ты пачынаеш баяцца болей — немцаў цi камандзiра.

Немцы яшчэ могуць не пацэлiць, i табе абыдзецца. А свае, камандзiры (цi калi ўвяжацца трыбунал), ужо прамашкi не дадуць. Тут ужо ўсё дужа пэўна i катэгарычна.

читайте также

Той самы страх перад самадурствам вышэйшага начальства не раз праходзіў скразной тэмай у ваенных аповесцях Быкава. Камбат Мікалай Валошын у «Трэцяй ракеце» паўстаў перад няпростым выбарам: парушыць дурны загад свайго камандзіра і выратаваць жыцці сваіх падначаленых і самому апынуцца перад пагрозай трыбуналу.

І ці не самы яскравы вобраз камандзіра-самадура паўстае перад чытачамі быкаўскай прозы ў асобе капітана Сахно ў аповесці «Мёртвым не баліць». Яе пісьменнік напісаў пасля свайго ранення пад Кіраваградам. Прывядзем невялікі ўрывак:

«Minen» — папярэджвае надпіс на дошцы, прыбітай да вешкі, што тырчыць на дарозе. Надпіс не знялі, значыць, нашых тут яшчэ не чакалі, мы першыя. Гэта, вядома, шмат дабра не абяцае. Але танкавыя часці ўсё ж недзе прайшлі.

Аб тым сведчыць грымоцце бою, якое калоціць зямлю недалёка наперадзе. Недзе ў тым жа баку нізка над гарызонтам каруселяй уюцца «ІЛы» — штурмуюць немцаў. Злева ж далёка за балкай відаць доўгія будынкі прыгараднага саўгаса. Пад іх сценамі туляцца машыны і фурманкі. Вядома, там немцы.

Мы ўсе разам спыняемся, кладзём на снег Юрку. Сахно выдзірае з дарогі вешку, адрывае ад яе дошку і кідае ў снег. Пасля з палкай павяртаецца да свае прыціхлай чацвёркі.

— Так... Пойдзем праз міннае поле! — аб’яўляе ён і па чарзе, нібы выпрабоўваючы, з-пад ілба аглядвае нас. Каця ўскідвае голаў.

— Вы што? Ці ў сваім розуме?

— Не ваша справа. Я з вамі не жартую. Я загадваю, — уставіўшыся ў дарогу, змрочна аб’яўляе Сахно. — Зрэшты, калі хто не згодны, гаварыце адразу. Для таго я знайду іншае выйсце.

Хвіліну мы ўсе маўчым. Я таксама не зусім разумею яго. Калі б ён выпраўляў нас адных, дык усё было б проста. Але ж, відаць, па мінным полі прыйдзецца ісці самому. Гэта ўжо бянтэжыць.

— Пайшлі вы к д’яблу! — шырока раскрыўшы гняўлівыя вочы, лаецца Каця. — Вы нас пагробіце. I раненых. Ці вы звар’яцелі?

Сахно цярпліва выслухоўвае дзяўчыну, стоячы да яе бокам, і бровы яго ўсё ніжэй асаджваюцца на сцюдзёныя вочы.

— Я выконваю загад. У арміі палагаецца выконваць загады. Апроч, як праз міны, дарогі ў нас няма. Немцам жывымі я вас не пакіну.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(11)