Васіль Быкаў і скрадзеная перамога

100-годдзю народнага пісьменніка прысвячаецца.

Месяц таму «Салідарнасць» прыгадвала гісторыю сярэдзіны 1990-х, калі Васіля Быкава ды іншых франтавікоў не пусцілі на плошчу Перамогі на 9 мая.

Пасля таго прыкрага выпадка народны пісьменнік напісаў артыкул «Перамогу над фашызмам імкнуцца прыватызаваць».

Сёння мы прыгадаем іншае выказванне Васіля Уладзіміравіча, зробленае ім у эфіры «Радыё Свабода» за паўтара месяца да смерці:

— Я лічу, што перамогу сапраўды адабралі. І ў беларусаў, і ў расейцаў, і ня толькі. Але гэтае адбіраньне адбылося адразу пасьля перамогі. І адабраў яе ні хто іншы, як самы вялікі кумір гэтых народаў — «вялікі» Сталін.

Кожныя пераможцы разьлічваюць нешта здабыць у выніку перамогі, асабліва пасьля такой крывавай вайны, і гэта было правільна, заканамерна.

Але што ў выніку яны атрымалі — што атрымалі народы Савецкага Саюзу? Зноў жа тую камуністычную кабалу, тую заняволенасьць і галечу, у той час як народы Эўропы — і пераможцы, і пераможаныя, дарэчы — сапраўды скарысталіся гэтай перамогай. У тым ліку і нашай перамогай.

Зноў жа, з ініцыятывы Злучаных Штатаў Амэрыкі быў вылучаны плян Маршала, які ўзьняў Эўропу з руінаў, з гэтых самых папялішчаў, які ўдыхнуў жыцьцё, і якому, па сутнасьці, Эўропа абавязаная і дасюль.

Але ж Сталін адмовіўся ад гэтага пляну. Ён як вайну, так і перамогу, так і пасьляваеннае аднаўленьне, адбудову зноў жа ўзваліў на плечы свайго народу. І гэтым увергнуў яго ў неймаверную шматгадовую галечу.

Апроч таго, яшчэ ў выніку нашай гэтай перамогі былі заняволеныя краіны так званай «народнай дэмакратыі», усходнеэўрапейскія краіны. І гэтая нашая перамога яшчэ на паўстагодзьдзя затрымала іх натуральнае гістарычнае разьвіцьцё ў кірунку прагрэсу.

З гэтага правалу яны яшчэ дагэтуль ня могуць выбрацца, мы гэта бачым на прыкладзе нашай Усходняй Эўропы. Але яны робяць спробы, усё ж даволі пасьпяховыя, ізноў жа пры падтрымцы міжнароднай супольнасьці — Эўропы і найперш Амэрыкі. А Беларусь стаіць убаку.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(24)