«Ваша кампанія скончаная». Новыя падрабязнасці выдварэння Святланы Ціханоўскай з Беларусі

Дэталі жнівеньскіх падзей у вялікім артыкуле The New Yorker.

Часопіс The New Yorker, які цягам дзесяцігодзьдзяў лічыцца адным з самых уплывовых выданьняў сярод амэрыканскай палітычнай і творчай эліты, апублікаваў вялікі артыкул, прысьвечаны Сьвятлане Ціханоўскай і сытуацыі ў Беларусі. Падрабязнасці артыкула публікуе Радыё Свабода.

Аўтар публікацыі, ляўрэат Пулітцэраўскай прэміі Дэкстэр Філкінс, наведаў Беларусь, сустрэўся зь лідэрамі і ўдзельнікамі пратэстаў 2020 году. Большасьць фактаў, якія падае Філкінс, вядомая наведнікам сайту Радыё Свабода, аднак ёсьць і новыя — напрыклад, абставіны выезду Сьвятланы Ціханоўскай зь Беларусі ў жніўні 2020-га.

Фота Joel Saget, AFP

Журналіст распавядае пра візыт Ціханоўскай і яе адваката Максіма Знака ў ЦВК 10 жніўня 2020, на наступны дзень пасьля выбараў. Ціханоўская і Знак мелі намер абскардзіць вынікі. Ля ўваходу стаяў кардон сілавікоў з аўтаматамі, а ўнутры іх чакалі двое мужчынаў, адным зь іх быў кіраўнік апэратыўна-аналітычнага цэнтру Андрэй Паўлючэнка.

Мужчыны сказалі Знаку адысьці, пасьля павялі Ціханаўскую ў цёмны пакой і зачынілі дзьверы. «Ваша кампанія скончаная», — сказаў ёй Паўлючэнка. Яна прыгадвае, што яны далі ёй выбар.

Яна магла сесьці ў турму, пакінуўшы сына і дачку на выхаваньне іншым. Або яна магла неадкладна пакінуць краіну; чакала машына. «Усё, пра што я магла думаць, гэта пра маіх дзяцей», — сказала яна».

Калі празь некалькі гадзінаў Ціханоўскую выводзілі з будынку, яна ўбачыла на ўваходзе Знака. «Прабач, Макс» — пасьпела яна сказаць.

— Мужчыны везьлі Ціханоўскую праз горад, міма натоўпаў пратэстоўцаў, некаторыя скандавалі яе імя, — піша The New Yorker. — Скандаваньне было нагэтулькі гучным, што вокны машыны, здавалася, вібравалі. «Паглядзі, што ты нарабіла», — сказаў адзін з мужчынаў.

Потым яны прыехалі ў дом Ціханоўскай, і мужчыны сказалі ёй сабраць валізку. Там да яе далучылася Марыя Мароз, кіраўніца яе выбарчага штабу.

Марыя Мароз, жнівень 2020. Фота Уладзь Грыдзін, Радыё Свабода

Жанчын пасадзілі ў аўтамабіль Мароз, Паўлючэнка заняў пасажырскае месца. Наперадзе і ззаду ішлі міліцэйскія машыны. Каля трох гадзінаў начы прыехалі да мяжы зь Літвой, куды ўжо былі дастаўленыя двое дзяцей Марыі Мароз. Каля мяжы Паўлючэнка выйшаў з машыны і сказаў рухацца праз памежны пост, які ўжо, як выглядала, быў падрыхтаваны да іх прыбыцьця.

«Ціханоўская на імгненьне падумала, што яе могуць застрэліць, але машына працягвала рух, і яна прыехала ў Літву», — піша The New Yorker.

На наступны дзень зьявіліся два відэазапісы Ціханоўскай.

— Яна выглядала змучанай, сумнай, зламанай, — заўважае аўтар публікацыі. — У першым, зробленым падчас затрыманьня ў Беларусі, яна сказала пратэстоўцам разысьціся па дамах, што пратэсты скончаныя. У другім, запісаным пасьля таго, як яна ўцякла з краіны, Ціханоўская была на волі, але гэты яе мэсэдж, як выглядала, ставіў канчатковую кропку. Яна сказала народу Беларусі, што пацярпела паразу.

— Я думала, што гэтая кампанія сапраўды загартавала мяне і надала мне столькі сілаў, што я магла справіцца з чым заўгодна, — сказала яна, стрымліваючы сьлёзы. — Але я думаю, што я ўсё тая ж слабая жанчына, якой была заўсёды.

Аўтар публікацыі цытуе адказ Ціханоўскай на пытаньне, ці можа яна ўявіць, што барацьба з Лукашэнкам будзе працягвацца і праз пяць гадоў. «Я не магу гэтага ўявіць. Тое, што мае дзеці пражывуць пяць гадоў бяз бацькі — цалкам не».

— Лукашэнка, падобна, асвоіўся надоўга, — завяршае Дэкстэр Філкінс публікацыю ў The New Yorker і цытуе выказваньні Ціханоўскай: — «Гэта можа доўжыцца доўга — многія месяцы». Але Ціханоўская сьцьвярджае, што ягоная адміністрацыя была сьмяротна параненая, і яе легітымнасьць не падлягае аднаўленьню: «Рэжым даў расколіну, і расколіна пашыраецца. Унутры ідуць працэсы, якіх мы ня бачым».

Калі апазыцыя будзе ізаляваная ад радзімы, вырашальны ўдар можа быць нанесены знутры. «Рэжым у пастцы ўласных дзеяньняў — няма каго вінаваціць, — сказала яна. — Нехта з унутранага кола можа вырашыць, што час прыйшоў.

Нагадаем, што ў ліпені 2021-га ў інтэрв’ю амерыканскаму выданню BuzzFeed Святлана Ціханоўская расказала пра падзеі 10 жніўня 2020-га.

Па яе словах, ёй прыгразілі турмой. Размова ішла аб 15-гадовым тэрміне. Акрамя таго, ёй прыгразілі забраць дзяцей і распавялі «ў жудасных падрабязнасцях пра тое, як з жанчынамі абыходзяцца ў турме».

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 3.3 (оценок:32)