Вардамацкі: Прапаганда ўперлася ў столь, яна не здольная падвысіць колькасьць прыхільнікаў інтэграцыі з Расеяй
Чаму стабілізавалася доля адэптаў цесных адносінаў з Масквой.
Беларуская аналітычная майстэрня (БАМ), якую ўзначальвае прафэсар Андрэй Вардамацкі, 13 ліпеня ў Варшаве прадставіла вынікі чэрвеньскага апытаньня ў Беларусі, паведамляе Радыё Свабода.
Рэспандэнтаў апытвалі праз тэлефон па выпадковай выбарцы, вынікі рэпрэзэнтуюць усё дарослае насельніцтва краіны.
Паводле апытаньняў БАМ, пасьля пачатку вайны Расеі з Украінай адбылося павелічэньне долі прыхільнікаў інтэграцыі з РФ. Аднак, нягледзячы на інтэнсіўную прапаганду Расеі і на беларускую дзяржаўную прапаганду, якая паўтарае расейскія наратывы, доля прыхільнікаў інтэграцыі з РФ стабілізавалася.
Паводле тлумачэньня прафэсара Вардамацкага, прапаганда ўперлася ў столь, яна няздольная падвысіць колькасьць адэптаў эўразійскай інтэграцыі.
Ні туды, і не сюды
У чэрвеньскім апытаньні БАМ задаў таксама пытаньне, якое дапускала выбар у выглядзе інтэграцыі і на Ўсход, і на Захад, а таксама адмову ад абедзьвюх формаў інтэграцыі. Абодва варыянты выбралі прыкладна па 20% рэспандэнтаў. У адказах на пытаньне ў такой форме зьнізіліся долі прыхільнікаў інтэграцыі як з ЭЗ, гэтак і з РФ.
Жаданьне нейтралітэту
Апытаньне выявіла таксама, што большасьць беларусаў аддаюць перавагу неўступленьню ні ў які зь вайскова-палітычных саюзаў. Год вайны Расеі з Украінай не зьмяніў прынцыпова прапорцыі. Толькі невялікая частка беларусаў выступае за ўступленьне краіны ў NATO, доля прыхільнікаў сяброўства краіны ў АДКБ значна большая, але яна меншая, чым тых, хто супраць сяброўства і ў АДКБ, і ў Паўночнаатлянтычным альянсе.
Антываенны кансэнсус
Апытаньні БАМ фіксуюць кансэнсус у беларускім грамадзтве наконт нежаданьня, каб беларускае войска ўдзельнічала ў вайне ва Ўкраіне. Гэтае меркаваньне падзялялі на працягу году 80–85% апытаных.
Траціна за расейскую вайсковую прысутнасьць
Таксама большасьць адмоўна ставіцца да выкарыстаньня Расеяй беларускай тэрыторыі і вайсковай інфраструктуры для ваенных апэрацыяў супраць Украіны. Але ў гэтым пытаньні перавага меншая, чым у пытаньні пра ўдзел Беларусі ў ваенных дзеяньнях: каля 30% апытаных ухваляюць расейскую вайсковую прысутнасьць і напады расейскага войска зь Беларусі на Ўкраіну.
Столькі ж — станоўча ставяцца за расейскай ядзернай зброі ў Беларусі
Паводле чэрвеньскага апытаньня БАМ, больш за палову рэспандэнтаў да разьмяшчэньня ў Беларусі расейскай ТЯЗ ставяцца адмоўна, аднак каля траціны — станоўча. Паводле апытаньняў Chatham House, якія праводзіліся ў Беларусі, доля праціўнікаў расейскай ТЯЗ у Беларусі вышэйшая.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное