Общество

Валянтэры-дакумэнталісты трапілі ў аварыю. Двое загінулі, адна ў цяжкім стане

У аварыі загінулі рэжысэр Уладзімер Міхайлоўскі і мастак-гукарэжысэр Максім Гаўрыленка. Рэжысэрка Любоў Зямцова ў рэанімацыі ў цяжкім стане. Яна знаходзіцца ў шпіталі ў Мар’інай Горцы, пiша Радыё Свабода.

— Учора ў яе (Любові) быў дзень народзінаў, яны ўвесь дзень развозілі, з 5 ранку, дапамогу па шпіталях, — расказала маці Любові Зямцовай Сьвятлана. — Яны несьлі важную місію і здымалі ўсё гэта. Вярталіся ў добрым настроі. У 18.10 я зь імі размаўляла, а ў 19.30 адбылося сутыкненьне. З сустрэчнай паласы ішла на Гомель машына. Валодзя і Максім загінулі.

Сьвятлана Зямцова кажа, што становішча Любові пакуль складанае:

— Аніякіх сьлёз, аніякага смутку, я вельмі прашу! Дапамога можа быць толькі ад сіл сьвятла. Бласлаўляйце яе на сьветлае і доўгае жыцьцё, каб яе другое нараджэньне было магутным і моцным, вельмі вас прашу.

Пахаваньне Ўладзімера Міхайлоўскага адбудзецца 16 траўня ў Бабруйску.

Любоў Зямцова — вядомая беларуская дакумэнталістка. Скончыла Waida School Doc Pro (Варшава). Фільмы Зямцовай былі ўдзельнікамі такіх фэстываляў, як Astra Film Festival, Артдоксфест, Watch Docs Belarus ды іншых.

Апошнім часам разам з Уладзімерам Міхайлоўскім яны здымалі цыкль пра Беларусь для тэлеканалу «Настоящее время».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(11)