Большасці беларусаў зараз аднолькава цяжка. Але я хачу падаваць добры прыклад. Ну выпала на наша жыццё вось такая сітуацыя, але мы павінны годна гэта прайсці, павінны супрацьстаяць злу. Гэта адзінае што мяне сапраўды трымае.
Валянціна Гарцуева: «Мы так доўга рабілі выгляд, што ўсё нармальна, што забыліся як гэта — расказваць пра свае праблемы»
Прыма Купалаўцаў распавяла «Салідарнасці», як лячыць боль, зразумець будучыню і зрабіць мужа лепшым сябрам.
Валянціна Гарцуева зараз жыве і працуе ў Варшаве. І адразу адгукнулася на прапанову паразважаць на тэму, як выжываць у цяперашнім складаным свеце.
— Файна выглядаеш! Здаецца, што і ўнутранае адчуванне жыцця і таго, што адбываецца навокал, такое ж самае, даволі ўпэўненае і спакойнае. Мо ёсць якія парады тым, каму баліць?
— Я сама знаходжуся ў пошуку стымула і адказа на пытанне «як увогуле зразумець сваю будучыню»? Здаецца, гэта складана зараз для ўсіх.
З іншага боку было б дзіўна, калі б большасці беларусаў зараз не балела. Гэта нармальная рэакцыя на ненармальнае становішча, у якім мы апынуліся.
Любы боль трэба лячыць. Мне дапамагае паглядзець навокал. У Варшаве шмат беларусаў, якія ці то ў бізнэсе, ці то ў культуры робяць шмат, і мяне гэта натхняе. Схадзіць на выставу, адчуць яднанне беларусаў, набыць новую беларускую кнігу. Зараз з гэтым тут няма праблем.
На сваім прыкладзе магу сказаць, што нам усім трэба вучыцца размаўляць. Бо мы так доўга маўчалі, рабілі выгляд, што ўсё нармальна, што забыліся, як гэта — расказваць пра свае праблемы, увогуле паважаць сябе і іншых.
Мне спатрэбіўся час, каб зразумець, што свае вельмі глыбокія праблемы нельга перакладаць на сям’ю. Трэба каб бацькі заставаліся бацькамі, а муж — мужам, лепшым сябрам.
Яны не дактары і, калі ёсць сур’ёзная праблема, нам трэба вучыцца звяртацца да прафесіяналаў, калі трэба — да псіхатэрапеўта. Гэта дапаможа не только табе, але і тваёй сям’і крочыць далей.
І трэба дбаць пра сябе. Бо калі мы здадзімся... Я б не хацела каб зло перамагло. Не дамо яму гэтую магчымасць, ведаць што нас загналі, што мы слабыя.
Я не маю права падыгрываць рэжыму ці складаці рукі. Гэта ж тое, што ім і трэба.
«Не да ўнутраных чорцікаў зараз, узніклі больш вялікія праблемы»
— Калісьці, перад 30-годдзем, ты распавядала мне, што тады галоўным было разабрацца і дамовіцца са сваім унутраным чорцікам, пра якога табе некалі казала бабуля.
Зараз, здаецца, у многіх гэтыя чорцікі, нават чэрці, павылазілі ўжо з новай сілай. Можаш параўнаць тагачаснага і сённяшняга, і як спраўляешся?
— Яны розныя, змянілася не толькі сітуацыя, а ўсё жыццё. Я заўсёды думала, што я чалавек неспакойны, складаны, у мяне «гэты чорцік».
Але ўсё, што з намі адбылося з 2020-га, цалкам знішчыла ўсе былыя праявы мяне. Доўгі час хапала сілаў толькі реагаваць на праявы знешняга свету. Калі ты жывеш у чаканні: што далей? Куды кінуцца? Што зрабіць?
З’ехаўшы напрыканцы 2021-га на праект, я збіралася вярнуцца ў Менск. Пасля пачатку вайны зразумела, што не вярнуся, што не дадуць мне жыцця ў Беларусі. Але я пакутліва і доўга чакала, што «заўтра усё пераменіцца, і я вярнуся».
Жыць у чаканні складана, гэта з’ядае і не дае пачынаць новае жыццё. Але без гэтай надзеі таксама немагчыма, у мяне яна ёсць і па сёння.
Не магу сказаць, што на 100 адсоткаў забылася на ўсё і будую сваё жыццё за мяжой Беларусі. Гэта напаўжыццё. Калі шчыра, не да чорцікаў зараз, узніклі больш вялікія праблемы, якія трэба было вырашаць.
Мы засталіся тут усёй сям’ёй, з бацькамі, я раз на месяц езджу да свайго мужа ў Нямеччыну, альбо ён прыязджае да мяне. Побытавыя праблемы зрабілі з мяне больш чалавека.
Чорцік быў звязаны з дзяцінствам, і гэты дзіцячы момант з мяне ніяк не сыходзіў. Здаецца, зараз я з ім усё ж такі развіталася, таму што прыйшлося сутыкнуцца з рэальнымі праблемамі і рэальным злом.
— Які на сёння галоўны страх і галоўная праблема?
— Галоўны страх нават прамаўляць не хачу, каб не рэалізаваўся недзе ў космасе. Баюся болей не вярнуцца ў Беларусь.
У мяне няма ілюзій наконт свайго ўплыву на гэту страшную сітуацыю. Я проста артыстка, якая займаецца праектамі разам з Купалаўцамі.
Я магу толькі кожны дзень рабіць маленькія крокі. Залежыць малае? Рабіце малае, гэта таксама дапаможа, калі будзем рабіць гэта ўсе разам крок за крокам. Маленькі каменчык ад кожнага для пабудовы нашай агульнай беларускай будучыні.
Што тычыцца праблем, іх шмат, пачынаючы ад пашпартоў, якія сканчаюцца. Як быццам ты разумееш што рабіць, табе дапамагаюць, але не вельмі весела адчуваць сябе бясконца ў эміграцыі. Без свайго ўласнага жытла, не маючы сталай працы, не ведаючы што ўвогуле будзе заўтра.
Параўноўваючы як зараз сябе адчуваюць палітвязні, гэта невялікая праблема. Але ж некаторыя кажуць, што такія параўнанні — пэўная непавага да сябе і свайго жыцця.
«Нам прыходзіцца вельмі шмат працаваць, каб дамагчыся фінансавання якога-небудзь праекта, напрыклад, раз на год»
— Як бы ты апісала свой сенняшні стан і стан, калі толькі пачалася эміграцыя?
— Чалавек прызвычайваецца да болю, і гэта ненармальна. Але немагчыма заўсёды рэагаваць востра. Гэта так як і са стратай роднага чалавека, мы ня можам жыць жыццё з вострым болем.
Спачатку было страшна, шмат непаразуменняў што рабіць. Цяпер, калі можна так сказаць, гэта ператварылася ў хранічную хваробу. Гэта хроніка, якая, здаецца, не мае фізічных, знешніх праяваў, але ўнутры ўсё адно копіцца. Не думаю, што гэта можна кампенсаваць, забыць. І само не пройдзе, калі гэтым болем не займацца.
— Нехта шпацыруе, нехта займаецца медытацыяй. Джазмэн Павел Аракелян мне сказаў: «Чаго сакрэт рабіць — я бяру бурбон і тыдзень бухаю, калі накрывае». Што табе дапамагае?
— Мне ў пэўны момант дапамаглі размовы з псіхатэрапеўтам. Шпацыры, бухнуць — гэта часам можа быць добра, калі дапамагае ў моманце. Можа купіраваць сітуацыю, але гэта не выйсце, не тое, што лечыць.
Мне вельмі дапамагае, калі мы пачынаем новы праект з Купалаўцамі. Вялікае шчасце, што я не адна, што ёсць калектыў, людзі, сябры, з якімі ты побач.
Ты разумееш, што справа жыве, што мы ствараем новае. І становіцца лягчэй. Быццам на нейкі час я забываюся, што мы ня дома, што правіла гульні моцна змяніліся.
— Што бы ты зараз сказала пра тэатральныя заробкі і працу, калі параўноўваць з менскімі?
— У Купалаўцаў тут не сталая праца. Напрыклад, у Варшаве гэта праекты. Я не працую кожны дзень, не хаджу кожны дзень на рэпетыцыі ці граць спектакль. Але я маю магчымасць арэндаваць жыллё, жыць нармальна.
Мне, як і раней, у Беларусі, дапамагаюць здымкі. Я і там ніколі не жыла на тэатральныя заробкі, гэта было немагчыма. Таму тут у гэтым сэнсе нічога не змянілася.
Зараз мы працуем нашмат менш, але ўзровень жыцця не стаў горшы. Мы хацелі б працаваць больш, але не маем магчымасці.
Гледзячы на варшаўскіх артыстаў, знаходзячыся з імі ў кантакце, разумееш, што розніца паміж тэатральнымі заробкамі ў Польшчы і Беларусі вельмі вялікая.
Беларускім артыстам вельмі цяжка. Культуру трэба подтрымліваць, тэатры трэба подтрымліваць. Культура сама сябе не можа акупіць, яна не для таго існуе, каб прыносіць грошы ў казну, як спрабавалі зрабіць з намі.
Драматычны тэатр не можа зарабіць грошы. А ў нас у Беларусі ўсё было перакручана, таму што калі зверху нікому не цікава і не зразумела, што такое ўвогуле культура, нікому яна не патрэбна, ніхто ёй не займаецца, атрымліваецца адпаведны ўзровень, заробкі і гэтак далей.
«Я не магла нават глядзець у бок Купалаўскага»
— Ведаю артыстаў, журналістаў і дактароў, якія ў эміграцыі вымушаны ісці ў дастаўку ці «Бядронку». Ці думала ты, што можа і так скласціся?
— Яшчэ ў 2020-м, калі мы звальняліся, я разумела, што раблю і што можа быць усё, што заўгодна. Пакуль што, дзякуй Богу, мне пашчасціла.
Усё, што даводзіцца рабіць у Варшаве, забяспечвае мяне. Канешне, не Купалаўскія праекты, а шэраг іншых прац. Здымкі ў кіно або нейкая агучка, падпрацоўкі. Дзякуй Богу, пакуль што па маёй прафесіі.
Але калі я зразумею, што нічога няма і нічога далей не будзе, я сябе так настроіла — я не баюся. Калі трэба будзе — пайду працаваць куды заўгодна. Гэта не самы мой вялікі страх — пайсці ў «Бядронку», на склады, альбо на пошту. Пайду і не бачу нічога страшнага.
— Не сакрэт, што ў эміграцыі ў многіх пагаршаюцца і сямейныя адносіны. Як гэтаму даваць рады і ў чым, на твой погляд, галоўная прычына?
— Цяжка. Мне заўсёды здавалася, што ўсё прасцей і калі паміж вамі моцныя сувязі, то ніякая турбулентная сітуацыя гэтую сувязь не парушыць. Калі ўжо гэтая сувязь надарваная, не такая моцная, то, канешне, знаходзячыся ў эміграцыі, у абсалютна іншых цяжкіх умовах, разрывы адбываюцца хутчэй.
Нікога не хачу пакрыўдзіць, мы таксама праходзілі розныя моманты, і напачатку было цяжэй. Прыйшлося дамовіцца, што мы будзем рабіць далей.
Мы зразумелі, што не гатовыя зараз згубіць нашу маленькую сям’ю. Што трэба дамаўляцца як жыць далей, на дзве краіны. Пакуль што, як быццам, знайшлі выйсце.
Галоўнае каб людзі бачылі агульную будучыню і не бачылі іншага выйсця, толькі быць разам.
— А як заставацца пры гэтым лепшымі сябрамі?
— Мы прайшлі вялікі шлях, каб навучыцца размаўляць і казаць адно аднаму, што менавіта ты хочаш. Пра свае шчырыя жаданні, як ты бачыш, чаго табе не хапае, пра свае крыўды.
Як толькі я навучылася гэта рабіць — усё стала значна прасцей. Калі шчыра табе чалавек кажа, што яму здаецца, напрыклад, што «нам далей не па дарозе» — гэта таксама давер у нейкім сэнсе. Часам трэба прызнацца, што адносіны трэба скончыць, гэта, магчыма, будзе больш слушна.
Я прыхільніца таго, што як бы гэта дзіка не гучала, трэба дбаць пра сябе, трэба захаваць сябе ў нармальным стане, а потым ужо усё астатняе. Калі мы не захаваем сябе, далей усё будзе развальвацца.
Таму трэба дамовіцца з сабою, сваімі жаданнямі, зразумець, што ты хочаш і пастарацца навучыцца пра гэта казаць спакойна і спакойна рабіць пэўныя высновы.
— Прыгожыя словы, але калі блізкія так робяць, бачыш іх больш эгаістычнымі.
— Магчыма. Я разумею, што лёгка сказаць, параіць, але вельмі цяжка зрабіць. Бо мы ўсе жывыя, і ніхто не можа прывесці ідэальны прыклад свайго жыцця. На тое мы і людзі.
Карацей, закрэсліце ўсе мае словы (смяецца) Таму што я такая, як і ўсе. Я таксама не ведаю, што рабіць далей.
— І вось у гэтай сітуёвіне (смяемся)...
— ...няма ніякага выйсця. Насамрэч мяне вельмі падтрымліваў муж, хай мы і жывем на дзве краіны. Яднанне таксама важна адчуваць.
Вельмі важнае пачуццё, калі разам збіраюцца беларусы. Нас шмат, усе прыгожыя, цікавяцца беларускім культурным жыццём. Гэта вельмі натхняе, адчуванне што ты не адзін.
— Калі памарыць, што перш за ўсё зробіш, калі вернешся ў Менск?
— Зараз перад вачыма толькі дарога, уяўляю нейкі аўтобус, у якім вяртаюся. Пасля сыходу з Купалаўскага я яшчэ год жыла ў Беларусі, але не магла, нават праязджаючы па праспекту, павярнуць галаву ў бок Купалаўскага. Нешта такое здарылася пасля звальнення, што я не магла нават глядзець у бок тэатра.
— Такі боль?
— Нават не магу сказаць, што боль. Магчыма, і боль, але такі глыбокі, што я яго не адчувала...
Таму не ўпэўнена, што першым крокам будзе паход у Купалаўскі. Не ведаю, мне вельмі б хацелася вярнуцца туды, але не думаю, што гэта будзе першае, што я зраблю.
З адной сяброўкай, якая заязджала з Менску на пару дзен, я падзялілася: «Ведаеш, сумую. Так хочацца дадому». Яна адказала: «Перастань сумаваць, бо няма пра што. За той час пакуль цябе не было, Менск ужо змяніўся разы чатыры. Там ужо нічога не засталося пра што ты сумуеш».
Мяне гэта вельмі напалохала. Думаю, яна так казала, бо зараз там знаходзіцца і для яе па-іншаму ўсё выглядае.
Але я зразумела, што, напэўна, у той Менск, з якога з’язджала, ўжо не вярнуся. Гэта будзе нейкая іншая гісторыя, нейкае іншае месца. Магчыма, новае, і таксама добрае, і таксама роднае, але нешта зусім іншае.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное