Беседка
Вольга Караткевіч, ”Радыё Свабода”

Валянцін Акудовіч: “Я сам па жыцьці, напэўна, кантрабандыст”

Філёзаф Валянцін Акудовіч адказаў на пытаньні праграмы “Начная Свабода”. Ён распавёў пра тое, што кахаў мацней за Рамэа, якой краінай хацеў б кіраваць і чаму ў палітыцы не бывае здрадаў.

“Чалавек дзеля каханьня гатовы на ўсё, і нават на самае горшае”

— Як Вы адзначылі дзень сьвятога Валянціна — неяк Вашае імя стасуецца з гэтым сьвятам, у сэнсе ўвагі да Вас у гэты дзень?

— Апошнія гады кожны дзень сьвятога Валянціна пачынаецца для мяне аднолькава: з далёкага мястэчка Сьвіслач мне тэлефануе маці і віншуе мяне з днём сьвятога Валянціна, днём закаханых. Ёй ужо за 80 год, але калі яна мяне віншуе, то голас яе маладзее, робіцца проста дзявочым — мне гэта так прыемна. Яна цешыцца з таго, што яна калісьці так удала выбрала мне імя, якое будзе асацыявацца са сьвятам, а я цешуся зь яе радасьці. Дарэчы, вось што цікава: мая маці, такая "крутая", радыкалка проста сярод праваслаўных, але яе не абыходзіць, што гэтае сьвята мае каталіцкае паходжаньне і прыйшло да нас зусім не з таго боку, куды яна хіліцца і куды кладзе паклоны свае.

— Як бы Вы, Валянцін, адказалі на пытаньне: на які ўчынак Вы гатовы дзеля каханьня?

— Я думаю, што ў запале каханьня чалавек гатовы сапраўды на ўсё. Я ў маладосьці перажыў два вялікіх каханьні, прычым лічу, што яны былі больш моцнымі, чым тыя, што нам апісаў Шэксьпір у "Рамэа і Джульеце". Таму я ведаю сам па сабе, што гатовы на ўсё, і нават на самае горшае, на жаль.

— І нават кінуць курыць.

— Ня ведаю, як кінуць курыць, але паверце, калі кахаеш — вельмі лёгка.

“У палітыцы здрадаў не бывае”

— Каго зь беларускіх палітыкаў Вы лічыце вызначальнымі для гісторыі Беларусі?

— Пакуль яшчэ нікога. Я думаю, вельмі істотную ролю напачатку 1990-х адыграў Зянон Пазьняк, а потым — я б не сьпяшаўся хоць каго ўздымаць на п'едэстал. Перад гэтым я думаю, што беларускія палітыкі ролі не адыгрывалі, за выключэньнем сытуацыі з БНР. Тыя людзі, якія стварылі БНР — так, яны зрабілі вызначальны крок, але там кагосьці аднаго я б ня выдзяліў, там быў цэлы гурт вартай нашай увагі людзей.

— Дарэчы, учора нашым госьцем быў Аляксандар Мілінкевіч, ён на гэтае пытаньне адказаў гэтаксама як і Вы. Натуральна, усе зараз абмяркоўваюць зварот А.Мілінкевіча да Аляксандра Лукашэнкі — гэта захаваць сувэрэнітэт Беларусі, не дапусьціць эканамічнага краху і разам адзначыць Дзень Волі 25 сакавіка. Як Вы ставіцеся да гэтай прапановы і да гэтай сытуацыі?

— Кожны крок палітыка ў той час, калі ён робіцца, нельга назваць ні слушным, ні няслушным. Усё, што робіць палітык, ацэньваецца толькі празь нейкі час, калі час пакажа, што гэта было палітычна мэтазгодным, калі не — дык палічым яго аблудным, памылкай. Да пісьма А.Мілінкевіча зараз стаўленьне такое — 50 на 50: адны падтрымліваюць гэты крок, другія зьвязваюць яго нават са здрадай. У палітыцы здрадаў не бывае — калі здрада вядзе да палітычнага посьпеху, яна ператвараецца потым у нейкі станоўчы міт, інтэрпрэтуецца як крок правідцы.

“Пры ўсіх мінусах эканамічных канфліктаў, для працэсу нацыяўтварэньня яны вельмі станоўчыя”

— Як Вам бачыцца разьвіцьцё адносінаў з Расеяй? Стаўленьне людзей да яе цяпер горшае, усе гавораць, што такі дзяржаўны патрыятызм народжаны — а як зрабіць, каб ён перайшоў у нацыянальны? Ці нічога ня трэба рабіць?

— Адзін з эўрапейскіх філёзафаў сказаў, што ніводная эўрапейская нацыя не паўстала, не дааформілася як нацыя без сваёй нацыянальнай вайны. У беларусаў не было сваёй нацыянальнай вайны, і дзякаваць богу, будзем спадзявацца, што ня будзе, а вось тыя канфлікты — газавыя, нафтавыя й г.д. — магчыма, якраз і адыграюць у мірнай праекцыі ролю "вайны", якая неабходная нам з усходнім суседам, каб разарваць тую пупавіну, якая нас, у масавай сьвядомасьці, аб'ядноўвае з расіянамі і дазваляе нашым і расейскім палітыкам казаць, што мы адзін народ. Пакуль гэты зьвяз ня будзе абарваны, мы як нацыя не дааформімся.

Пры ўсіх мінусах гэтых канфліктаў, для працэсу нацыяўтварэньня яны вельмі станоўчыя. Што да таго, як дзяржаўны патрыятызм ператварыць у нацыянальны, то яго ніякім іншым чынам не ператворыш, пакуль нацыя ня станецца нацыяй. З другога боку, думаць, што нацыянальны патрыятызм базуецца толькі, скажам, на мове, гісторыі, культуры нацыянальнай — гэтак думаць было б зусім няправільна, нацыянальны патрыятызм складаецца зь вельмі-вельмі вялікага комплексу чыньнікаў, сярод якіх — і дзяржаўны патрыятызм.

“Францыяй можна было б і пакіраваць”

— Вы працавалі экспэдытарам на хлебапякарні, токарам, вартаўніком, лодачнікам, піянэрважатым, выкладчыкам катэдры спартовага турызму ў беларускім інстытуце турызму, выкладаеце ў “Беларускім калегіюме”, пішаце. А ці не хацелі б Вы пакіраваць краінай?

— Ведаеце, я ня тое што краінай, я брыгадай сантэхнікаў ня змог бы кіраваць. Але вось калі б гіпатэтычна, у фармаце гульні, то калі б я і хацеў ці думаў пра кіраўніцтва краінай, то адзіная краіна, якой бы я хацеў кіраваць — гэта Францыя. Для мяне эта краіна інтэлектулалаў і апрыёры, па вызначэньню свабодных людзей. Такой краінай з такімі людзьмі можна было б і пакіраваць.

“Якія б ні былі моцныя рукі ў мужчыны, яны ніколі не ўтрымаюць жанчыны”

— А як Вы абстрагоўваецеся, калі мазгі стамляюцца — і ці стамляюцца яны ў Вас увогуле?

— Ведаеце, у адрозьненьне ад акадэмічнага філёзафа, які паводле сваёй прафэсіі павінен думаць, пісаць плянавыя работы, я чалавек вольны ў гэтым пляне, і я не прымушаю сябе мысьліць — я проста чакаю, калі мысьленьне само завітае да мяне ў госьці, і калі такое здараецца, то гэта цудоўна, гэта для мяне сьвята, а калі не здараецца — я проста займаюся чым-небудзь іншым і чакаю, чакаю...

— І вяртаючыся да закаханых — як бы філёзаф параіў прызнацца ў каханьні? І як зрабіць так, каб утрымаць жанчыну?

— Ведаеце, я сам у першы раз прызнаўся толькі праз 5 гадоў, таму параіць каму-небудзь пра гэта ў мяне ніяк не атрымаецца. Больш за тое, мне цікавы гэты фэномэн — чаму ў тым, што ёсьць лепшае ў чалавеку, людзям так складана прызнавацца? І я тут думаю, што рэч вось у чым: хоць кахаем мы сэрцам, але спадысподу гэтага каханьня заўсёды ўдзельнічае наш ніз, а вось сказаць жанчыне "Я цябе кахаю" — гэта значыць сказаць недзе, другім сэнсам, "Я цябе хачу", а вось гэта казаць услых вельмі складана.

А як утрымаць? Якія б ні былі моцныя рукі ў мужчыны, яны ніколі не ўтрымаюць жанчыны, прынамсі — доўга. Для таго існуе і інстытут сям'і, каб гэты зьвяз мог трымацца ўсё жыцьцё. Ён не каханьнем трымаецца, а гэты зьвяз трымаецца толькі сям'ёй.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)