Комментарии
Аляксандр Класкоўскі, «Наша нiва»

Ва ўлюбёнай беларускім кіраўніком палітыцы ківача пайшла прарасійская фаза

Учора Мядзведзеў прапанаваў Лукашэнку «зверыць гадзіннікі». Банальнасць атрымалася двухсэнсоўнай. У нас жа розныя гадзінныя паясы. І наш час, калі хочаце, болей еўрапейскі.

Калі быў анансаваны візіт беларускага кіраўніка да патрыярха Кірылы, аналітыкі азадачыліся. Неяк слаба верылася, што такі прагматычны палітык, як Лукашэнка, на фоне шалёнага дэфіцыту замежнага гандлю, дзікага падзення экспарту, у тым ліку і значных страт на расійскім рынку, раптам адкінуў матэрыяльнае — і так заклапаціўся духоўным яднаннем.

Канечне, РПЦ блізкая да Крамля, і патрыярха можна лічыць дастаткова ўплывовым палітыкам. Разам з тым, цяжка ўявіць, што іерарх пойдзе да Пуціна прабіваць пытанні паставак трактароў ці масла з Беларусі.

Тут хутчэй ствараўся піяраўскі фон для расійскай аўдыторыі. Вось, глядзіце, мы свае, адзінаверцы, не прадаліся, як плявузгаюць ворагі, Захаду! Карацей, ва ўлюбёнай беларускім кіраўніком палітыцы ківача пайшла прарасійская фаза.

Пад вечар пятніцы стала зразумела, што яго сустрэча з патрыярхам, усе гэтыя развагі пра Беларусь як частку «святой Русі» — толькі «аперацыя прыкрыцця».

Кульмінацыя ж была ў Горках. Мядзведзеў запрасіў госця ў падмаскоўную рэзідэнцыю, каб без лішніх вушэй пагутарыць пра справы зямныя — эканоміку ды геапалітыку. Калі яшчэ болей канкрэтна — пра газ ды «Усходняе партнёрства».

Лукашэнка перад гэтым па ўсіх правілах баявога мастацтва зладзіў артпадрыхтоўку. Спачатку са Светлагорска абстраляў Маскву папрокамі, што не пускае нашы тавары ды бязбожна дзярэ за газ. У чацвер прэтэнзіі былі прадубляваны на сустрэчы з губернатарам Ленінградскай вобласці.

Пры гэтым можна было заўважыць, як убіваўся клін між Мядзведзевым і Пуціным: маўляў, два прэзідэнты ў лютым на дзяржсавеце дамовіліся і пра газ, і пра іншае — а тут хто-кольвек пачынае ўсё перакручваць па-свойму.

І другі момант — звыклая нотка лёгкага шантажу: глядзіце, маўляў, і вокам не міргнеце, як страціце сінявокую рэспубліку!

«Усходняе партнёрства» сапраўды торгае Маскву. Канечне, афіцыйныя асобы не могуць публічна сказаць, каб Беларусь туды ні-ні. Але максімальна аслабіць ініцыятыву Бруселя расійцы пастараюцца.

У тым ліку і за кошт эканамічных саступак.

Магчыма, Мінску дазволяць расплачвацца за газ па лагоднай таксе 150 долараў, а не па 210, як патрабавалі дасюль. Заўважце, хвалёная еўрапейская формула разліку цаны блакітнага паліва ператварылася ў анекдот. Усё адно прэзідэнты дамаўляюцца па панятках.

Што ж да пратэкцыянізму, то дамаўляйся не дамаўляйся, як прагучала ў Горках, «трымаць чыноўнікаў у тонусе», але кожны бок ва ўмовах крызісу будзе падгульваць сваім вытворцам. Так што гандлёвыя мікравойны будуць успыхваць і надалей.

Затое замову на будоўлю АЭС Расія вось-вось атрымае. Лукашэнка цвердзіць, што гэта стане найвялікшым дасягненнем ягонай эпохі. Але авантурны, затратны праект, завязаны на Маскву, на самай справе можа стаць пятлёй.

Наступныя некалькі тыдняў абяцаюць быць інтрыгоўнымі. Ці улучаць у парадак дня Палаты пытанне пра каўказскія рэспублікі? Потым: у Мінск прылятае эмісар Еўразвязу — чэшскі міністр Шварцэнберг. У яго далікатная місія. Бо што да запрашэння Лукашэнкі ў Прагу на саміт «Усходняга партнёрства», то тут Еўропе надта мулка.

Зрэшты, калі ў Горках той паабяцаў Мядзведзеву, што на саміт ні нагой, то праблема можа ціха вырашыцца пры задавальненні усіх бакоў. Уключна з беларускай апазіцыяй.

Хаця ўвогуле ад «Усходняга партнёрства» Лукашэнка не адмовіцца, колькі б ні заклікалі яго зверыць гадзіннік па Маскве. І патрыярхавы словы пра «адзіную святую Русь» наўрад ці так ужо грэлі госця ў мінулую пятніцу. Мо’ нават свярбела ерэтычная думка: калі «адзіная», то чаму не даюць газ па цэнах смаленскага пояса?:)

Ну а калі за кожны скормлены вітамін Масква патрабуе мноства паслуг — то і партнёр будзе паціху хітраваць, гуляць у сваю гульню.

Дарэчы, у Горках дамоўлена, што наступным разам Мядзведзеў прыляціць у Мінск. Хай бы зверыў гадзіннік па стрэлках на ратушы :)

Між іншым, хоць гэтая будыніна і навароб, але ж нагадвае, што яшчэ да эпохі Расійскай імперыі беларускія гарады мелі магдэбургскае права нароўні з гарадамі старой Еўропы. Без усялякага «Усходняга партнёрства», заўважце :)

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)