Общество
Арцём Мартыновіч, Еўрарадыё

Узноўленыя пасля меліярацыі балоты зноў хочуць асушыць

Балоты Дакудаўскае і Марочна ўжо ўзнаўляліся за грошы ПРААН.

У Беларусі зноў асушаюць балоты. Як даведалася Еўрарадые, пад пастанову Саўміна № 794 "Аб некаторых пытаннях здабычы торфу і аптымізацыі сістэмы асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторый" падпадае адразу 8 балот, якія пад аховай дзяржавы.

“Калі заказнік змяншаецца, чырвонакніжныя жывелы і расліны будуць выключаныя з заказніка і падчас торфаздабычі яны будуць знішчаныя. Да таго ж мясцовыя жыхары хвалююцца за свой заробак, які яны маюць з журавін”, — расказвае Вольга Каскевіч – каардынатар кампаніі па захаванні балотаў таварыства “Зяленая сетка”. Цяпер актывісты збіраюць подпісы супраць асушэння.

У Вецярэвіцкага заказніка, што ў Пухавіцкім раене пад здабычу торфу забіраюць дзвесце гектараў. Кіруюся туды разам з экалагічнымі актывістамі.

Адразу па дарозе з Мар’інай горкі бачым статак казуль, якія проста гуляюць перад дарогай.

На пад’ездзе да вескі Шацк, жыхары якой улетку зарабляюць журавінамі ўжо бачныя першыя балоты. Але найбольш збіраюць менавіта ў заказніку, дзеліцца мясцовы жыхар Канстанцін Пазняк:

“Там непраходнае балота. Людзі многія жывуць за кошт журавін, здаюць нарыхтоўшчыкам. За сезон жывуць толькі на журавінах. На матацыклах едуць удвох муж з жонкай. Матацыкл у кустах пакідаюць і збіраюць”.

Пра асушэнне балота ен ведае, таму адразу ставіць свой подпіс супраць меліярацыі ў паперы эколагаў.

У сезон за вядро журавін бяруць 70 тысяч рублеў, за маленькае у пяць літраў — 50 тысяч. Збіраць яе можна цэлы месяц, у дзень па некалькі ведзер.

“Ужо адно балота асушылі — нічога няма. Вось гэта, слуцкае. Тут таксама ўсе паасушвалі каля Пцічы”, — скардзіцца мясцовая жыхарка Галіна. І пытае, дзе падпісацца, каб балоты захавалася.

Жыхар Шацка Уладзімір, найбольш хвалюецца за лес, бо калі асушаць балоты — там таксама стане суха.

“Тут і так улетку ўсе сохне, бо высока. Пасля Лагойска самая высокая кропка тут”, — тлумачыць Уладзімір. І спадзяецца, што балоты чапаць не будуць.

Амаль усе жыхары вескі падпісваюцца ў лісце ў актывістаў “Зяленай сеткі”, каб балоты захаваліся. Агулам, каля паўсотні подпісаў.

Асушэнне часткі заказніка прывядзе да яго ліквідацыі, а таксама знікнення рэдкіх відаў раслін. Гэта вынікае з навуковага і тэхніка-эканамічнага абгрунтавання пераўтварэння заказніка “Вецярэвіцкі”.

“Далейшае пашырэнне пляцоўкі торфаздабычы прывядзе да поўнай гібелі рэдкіх для рэгіена Беларусі высокаўзроставых сасновых лясоў на залішне вільготных землях. Знікнення ахоўваемых відаў раслін: журавіны дробнаплоднай і вярбы чарнічнай, зніжэння запасаў журавіны балотнай, якую актыўна назапашвае мясцовае насельніцтва. Адначасова павысіцца пажаранебяспека тэрыторыі. Усе гэта прывядзе да неабходнасці ліквідаваць заказнік”, — гаворыцца ў дакуменце, які трапіў у рукі Еўрарадые.

У Слуцкім філіяле "Старобінскага торфабрыкетнага завода" магчымае асушэнне балота ў Вецярэвіцкім заказніку адказваюць проста: “Патрэбныя новыя распрацоўкі”, — і больш не хочуць гаварыць на тэму меліярацыі.

З 2006 па 2010 гады ПРААН прафінансавала ўзнаўленне парушаных тарфянікаў у Беларусі больш, чым на 1 мільен долараў. У прыватнасці, узноўленыя балоты Дакудаўскае і Марочна зноў збіраюцца асушыць.

Балоты пачынаюцца ўжо па дарозе на Шацк

Нездалек ад балот блукаюць казулі

Экалагічныя актывісты хвалююцца, што асушэнне балота адаб'ецца і на рацэ Пціч

А таксама зменшыць узровень грунтовых вод, што можа нашкодзіць лесу

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)