Политика
Любоў Лунёва, Радыё Свабода

Ужо 14 маладафронтаўцаў абвясьцілі галадоўку

Да галадоўкі пяцёх сяброў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” у Салігорску, якія абвясьцілі галадоўку на знак пратэсту супраць перасьледу, далучыліся дзевяцёра іхных паплечнікаў у Менску. Маладафронтаўцы патрабуюць, каб улады спынілі крымінальны перасьлед моладзевых актывістаў апазыцыі.

Максім Сяменчык, Яўген Мядзьведзеў, Мікола Пацкевіч, браты Іван і Ільля Шыла галадаюць у Салігорску ад 29 траўня. На гаўбцы прыватнай кватэры хлопцы вывесілі расьцяжку “Галадоўка”. Міліцыянты запатрабавалі, каб яе зьнялі. Але ў выніку зрываць расьцяжку давялося самім міліцыянтам. Праз паўгадзіны хлопцы вывесілі бел-чырвона-белы сьцяг.

Ільлю Шылу 13 гадоў, а Івану — 15. Іхная маці лічыць, што недзіцячая справа — трымаць галадоўку, але падтрымлівае сваіх дзяцей.

“Яны малаватыя для гэтага, але… Ведаеце, я б, канечне, хацела, каб яны не галадалі, бо гэта не дзіцячая справа. Я таксама разам зь імі галадаю. Падтрымліваю іх. Бачыце, дарослыя ў нас не рэагуюць.Лічу, што здароўе ў Беларусі ў дзяцей, наагул, ня добрае, таму, канечне, я вельмі непакоюся за іхнае здароўе. А пераканаць іх не магу, бо ня слухаюцца”, — сказала Сьвятлана Шыла.

Яе сын Іван заявіў “Свабодзе”, што ня будзе есьці, пакуль грамадзкасьць не запатрабуе ад уладаў спыніць перасьлед моладзевых актывістаў.

(Іван: ) “Увечары актывісты іншыя, якія ня ўдзельнічаюць у галадоўцы, будуць раздаваць улёткі. Актывісты іншых дэмакратычных партыяў і рухаў плянуюць далучыцца да нашай галадоўкі. Афіцэры міліцыі запісалі ўсе нашы патрабаваньні. Я думаю, гэта неяк зварушыць грамадзкасьць у Салігорску. Горад адносна невялікі. Чуткі хутка разыходзяцца. Нам тэлефануюць сябры, знаёмыя, ды іншыя людзі, бо на сайце нашы тэлефоны ёсьць”.

У Менску да галадоўкі салігорцаў далучыліся дзевяцёра сяброў “Маладога фронту” — Зьміцер Хведарук, Наста Палажанка, Уладзімер Дубовік, Антаніна Вежнявец, Павал Давідовіч, Аляксей Янушэўскі, Аляксандра Яначка, Тацяна Анікеенка й Алена Ігнацьева.

Гаворыць Зьміцер Хведарук:

(Хведарук: ) “Мы абвяшчаем галадоўку ў зьвязку з тым, што рэжым у гэтым годзе пайшоў на беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі. Мы патрабуем сваёй галадоўкай спыніць палітычны перасьлед усіх актывістаў дэмакратычнага руху і асабліва сяброў “Маладога фронту”.

Маладафронтаўцы паведамілі “Свабодзе”, што галадоўка будзе бестэрміновая. Яны разьлічваюць, што ўлады зрэагуюць на іхныя патрабаваньні.

Пазьней да чатырнаццаці сяброў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”, якія абвясьцілі галадоўку ў Менску і Салігорску, далучыліся яшчэ трое маладафронтаўцаў у Горадні: Яўген Скрабутан, Яўгенія Шасьцерыкова і Зьміцер Цесьлянок. Сябры “Маладога фронту” разьлічваюць, што цягам сутак іх сябры зь іншых рэгіёнаў далучацца да галадоўкі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)