Общество
Зьміцер Панкавец, ”Наша нiва”, фота "Салідарнасьці"

Уявіце «Нас да халеры» — з хорам БРСМ

У пятніцу 23 лістапада Беларуская асацыяцыя журналістаў арганізавала прэс-канфэрэнцыю з музыкамі, якія два дні да гэтага сустракаліся з галоўным ідэолягам краіны Алегам Праляскоўскім. Сустрэча з журналістамі задумвалася дзеля таго, каб канчаткова расставіць кропкі над «і» ў гэтым пытаньні.

Лявон Вольскі (NRM), Піт Паўлаў (NRM), Ігар Варашкевіч («Крама»), Аляксандар Кульлінковіч («Нэйра Дзюбэль») і Алег Хаменка («Палац») зьявіліся перад журналістамі ў досыць добрым настроі. Шмат жартавалі і сьмяяліся.

Лідэр «Палаца» Алег Хаменка адразу адзначыў, што іхняя сустрэча з Праляскоўскім — гэта не падзея.

«Падзея — тая рэакцыя, якая зьявілася пасьля сустрэчы. Тое, што пішуць на розных сайтах і форумах. Нас проста залічылі ў здраднікі. Мы даўно хацелі падобнай канструктыўнай размовы і цяпер адчулі, што яна магчымая», — сказаў А.Хаменка.

«Мне пляваць, што сёньня пра нас пішуць. Мы засталіся тымі, хто ёсьць. Нічога не зьмянілася», — адзначыў І.Варашкевіч.

Піт Паўлаў каротка расказаў, як адбывалася размова з ідэолягам:

«Сустрэча доўжылася прыкладна паўгадзіны. Праляскоўскі пачаў гаворку досыць прыязна, нават папрасіў прабачэньня за тое, што з гуртамі склалася такая сытуацыя. Ён выказаў поўную гатоўнасьць да дыялёгу.

Па словах чыноўніка, сустрэча праходзіла з асабістай ініцыятывы Лукашэнкі. Кожны з нас атрымаў слова, дзе мы выказвалі свае крыўды за апошнія тры гады.

Музыкі гаварылі па-беларуску, чыноўнік таксама час ад часу ўжываў некаторыя беларускія словы. Мы ад пачатку ставіліся да гэтай сустрэчы досыць скептычна, бо ня верылі, што яна можа скончыцца нечым добрым.

Праляскоўскі прапанаваў нам рыхтаваць перадачу для БТ, а таксама арганізаваць канцэрт «Рок за Беларусь». Мы, натуральна, адмовіліся ад апошняга, але можна зладзіць канцэрт пад назвай «Рок для Беларусі».

Ня трэба крыўдзіцца на словы Кульлінковіча, што Праляскоўскі адэкватны чалавек — гэта сапраўды так. Падчас размовы асабіста я ўжываў такія выразы, як «крывавы рэжым» і ніхто не спрабаваў мне заткнуць рот. Здалося, што яны паважаюць нашу пазыцыю.

Толькі ў самым канцы размовы Праляскоўскі у рэкамэндацыйнай форме параіў нам не граць на канцэртах апазыцыі. Але ніякіх пагадненьняў зь ім мы не заключалі».

Кульлінковіч паведаміў, што пра палітыку размова не вялася ўвогуле, калі не лічыць фразы «Хлопцы, ня лезьце ў палітыку, займайцеся музыкай».

«Незалежна ад выніку сустрэчы нас абвінавачваюць у нейкім крымінале. Але забываюцца, што мы тры гады не маглі нідзе нармальна даць канцэрт. Што даводзілася выступаць на няякасных пляцоўках, пасьля чаго ўсе казалі пра кепскі гук, пра тое, што канцэрт быў дрэнны. Так не магло працягвацца вечна», — лічыць Л.Вольскі.

Алег Хаменка расказаў, што на сустрэчы абмяркоўваўся лёс таксама маладзейшых гуртоў, якія таксама сутыкаюцца з праблемамі выступаў. Закраналася гаворка і пра лёс фэстываляў «Рок-кола» і «Басовішча», якім дзяржава не аказвае ніякай падтрымкі.

«Мы гаварылі пра праблемы ва ўсім беларускім мастацтве, ня толькі ў музыцы, — у літаратуры, жывапісе, харэаграфіі. Нельга ўсё зводзіць толькі да нашых рок-гуртоў. Мы не палітыкі, мы — творцы, таму і надалей мы будзем займацца толькі культурнай палітыкай», — мяркуе Алег Хаменка.

На пытаньне, ці будзе мяняцца рэпэртуар гуртоў пасьля гэтых падзей Лявон Вольскі адказаў у жартаўлівай форме:

«Уявіце, што NRM выконвае песьню «Маё пакаленьне» разам з Анатолем Ярмоленкам, а «Нас да халеры» — з хорам БРСМ».

Адносна таго, дзеля чаго ўладам была патрэбная гэтая сустрэча выказаўся Піт Паўлаў:

«Фінансавая і эканамічная каньюнктура дыктуе такія крокі. Улады гатовыя пайсьці на нейкія саступкі Эўропе, хай хоць зноў дазволіўшы NRM і «Краму». Мы разумеем, што нас запрасілі, каб выкарыстаць, але мы не пасунуліся ні на сантымэтар. Мы засталіся на ранейшых пазыцыях».

Напрыканцы прэс-канфэрэнцыі музыкі так і не сышліся ў адзіным меркаваньні, ці была прамоўленая Алегам Праляскоўскім фраза, што забарона на канцэрты зьнятая. Нехта казаў, што чуў яе, іншыя — што не. Аднак ідэоляг даў нумар тэлефону сваёй прыёмнай Піту Паўлаву і сказаў тэлефанаваць яму адразу як у музыкаў узьнікнуць праблемы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)