“Уся мая праца накіравана на тое, каб паскорыць вяртанне ў Беларусь”
У інтэрв’ю “Еўрарадыё” Зянон Пазьняк распавёў пра тое, ці вернецца на Радзіму, па чым сумуе ў Беларусі, а таксама колькі яшчэ “Курапатаў” акружаюць Мінск.
У Беларусі
адзначаюць Дзяды. Апазіцыя па традыцыі наведвае ўрочышча Курапаты, дзе
пахаваныя сотні тысяч ахвяраў савецкага рэжыму. Менавіта ў гэтым месцы на Дзяды
дваццацігадовай даўніны адбыўся першы масавы антыкамуністычны мітынг. Папярэднічаў
яму артыкул Зянона Пазьняка, які выкрыў месцы расстрэлаў і распавёў пра гэта
ўсяму свету.
— Зянон Станіслававіч, як вы даведаліся пра
Курапаты?
Зянон Пазьняк: Пра Курапаты я даведаўся ў пачатку 1970-х
гадоў. Я жыў там непадалёк на вуліцы Кальцова. Каля Курапатаў тады яшчэ дамоў
не было. Там былі вёскі. І вось я размаўляў з людзьмі, якія жылі ў вёсках, і
яны мне пра гэта расказвалі. Тады нельга было публічна выйсці з такой
інфармацыяй. Па-першае, ніхто б яе не надрукаваў, а па-другое, гэта было небяспечна,
бо гэтае месца маглі знішчыць. Неабходна было збіраць звесткі і чакаць свайго
часу. Так склалася жыццё, што гэты час прыйшоў.
— Сенсацыйны артыкул пра Курапаты быў
надрукаваны ў ЛіМе 3 чэрвеня 1988 года. Як вам удалося гэта зрабіць?
Зянон Пазьняк: У асноўным гэта дзякуючы гераізму рэдакцыі.
Гэта ўвогуле ўнікальны выпадак, калі пры Савецкім Саюзе ўзбунтавалася ўся
рэдакцыя, не падпарадкавалася ЦК і выступіла за тое, каб артыкул быў
надрукаваны. Запусцілі ў друк, і тады з ЦК было ўказанне спыніць машыны,
раскідаць набор. І вось тады і ўзбунтавалася ўся рэдакцыя: усе да аднаго.
Сабралі сход і пастанавілі друкаваць. У дадатак я хадзіў да Васіля
Ўладзіміравіча Быкава, паколькі патрэбна было заручыцца аўтарытэтнай
падтрымкай, прасіў яго, каб ён зрабіў уступнае слова. Быкаў дапамог, зрабіў
гэтае слова. І такім чынам, калі гэты артыкул выйшаў, ён зрабіў, як я лічу,
сваю гістарычную ролю. Яго выхад быў раўназначны ўзрыву атамнай бомбы.
Васіль Быкаў і Зянон
Пазьняк, 1993 год
— Ці лічыце, што вы сталі вядомым палітыкам
менавіта дзякуючы Курапатам?
Зянон Пазьняк: Курапаты ў пэўным сэнсе былі такой вехай у
маім жыцці. І, безумоўна, вядомасць прынеслі Курапаты ў першую чаргу. Потым ужо
была палітычная дзейнасць, незалежнасць, Вярхоўны Савет. Але першае – гэта
Курапаты! Даведаўшыся пра Курапаты, людзі даведаліся і пра чалавека, які гэта
адкрыў, даследаваў і апісаў.
Біл Клінтан і Зянон
Пазьняк, Курапаты 1994 год
— Колькі такіх “курапатаў”, на ваш погляд,
вакол Мінска?
Зянон
Пазьняк: Вакол Мінска я налічыў каля дзясятка. Я спрабаваў даследаваць Лошыцу.
— гэта пасля Курапатаў самае буйное месца расстрэлаў — але мяне апярэдзілі. Там
некалькі метраў насыпалі жвіру і пабудавалі гаражы. Таксама ёсць у раёне
Баравой, недалёка ад вёсачкі Дроздава. Вельмі буйное месца расстрэлаў было ў
лесе Ваньковіча, цяпер гэта Парк Чалюскінцаў.
Вы цяпер у Варшаве.
Чым тут займаецеся?
Зянон Пазьняк: Асноўны час забірае палітычная дзейнасць.
Работа наша практычна падпольная. Шмат рознай цякучкі. Ёсць праца і ў
эміграцыі. Ёсць тут праблемы, якімі трэба займацца. Разам з тым я працую над
артыкуламі і над кнігамі. Я пастаянна нешта пішу, аналізую. І таксама на
варштаце маю некалькі кніг. У любы свабодны час, у кожную свабодную хвіліну
сядаю і пачынаю патроху рабіць.
— А ці збіраецеся вы вярнуцца ў Беларусь?
Зянон Пазьняк: Гэтая думка ў мяне існуе пастаянна. Уся мая
праца, уся мая работа накіраваная на тое, каб гэты час прыспешыць. Я, дарэчы,
прыязджаў ужо ў Беларусь. У 1996 годзе 26 красавіка, праз месяц пасля
эміграцыі. Гэта была проста дэтэктыўная гісторыя, як мне ўдалося праехаць праз
мяжу. На мітынгу я быў. Я быў з аховай, бо я ўжо ведаў, што мяне будуць браць
пасля мітынгу. Закончылася гэта штурмам. Мы забарыкадаваліся ў Сядзібе, нас
акружылі і потым штурмавалі. Але ж мне ўдалося выйсці з гэтага становішча.
Пасля я яшчэ два тыдні быў у падполлі ў Мінску, а потым перабраўся ва Ўкраіну,
затым ў Чэхію і гэтак далей. Так што прыезд ужо быў. Ён дакладна паказаў, што
будзе. Мне ехаць цераз гэтую мяжу — раўназначна самагубству, таму што я ведаю
дакладна тыя распараджэнні, якія ідуць асабіста ад Лукашэнкі. Яны гучаць так:
пры непадпарадкаванні і аказанні супраціўлення страляць на паражэнне. Так што,
усе тыя размовы: вернецца, не вернецца — альбо такое інфантыльнае аматарства,
альбо гэта свядома робяць людзі з правакацыйнымі мэтамі, каб у людзей, якія не
вельмі разбіраюцца, пасеяць дрэннае ўражанне пра чалавека. Вось ён тут не
вяртаецца… Узяў бы і вярнуўся.
— Пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў было
модна пужаць грамадства вашым вяртаннем. У інтэрнэце з’яўляліся вершы, і песні
нават складалі пра гэта…
Зянон Пазьняк: Я толькі чуў… Быў такі на рускай мове
“Занон-Хоп” (смяецца). Ну, хто яго ведае. У інтэрнэце столькі дзівакоў розных,
што часам цяжка адрозніць, дзе “гэбэ”, а дзе дзівак. Цяжка мне сказаць. Я так з
пацісканнем плячэй паставіўся да гэтага.
— Па чым найбольш сумуеце ў Беларусі?
Знаеце, як не дзіўна, але не хапае краявіду. У першую чаргу.
Калі глядзіш на фотаздымкі, цяперашнія, былыя, там, дзе краявід Бацькаўшчыны, —
немагчыма… Сціскае за сэрца і за горла. І не толькі мяне. Кожнага беларуса, які
перажывае такія цяжкасці — немагчымасць вярнуцца на Радзіму. Прырода мае вельмі
вялікае значэнне. З поўным усведамленнем кажу. Я шмат, дзе быў. Нідзе няма
харашэйшага краявіду, як у Беларусі. Абсалютна ўнікальны марэнны пейзаж,
абсалютна ўнікальны. Такога вось дыхання, такога адчування вечнасці, адчування
Бога няма нідзе. Для беларуса вельмі цяжка — расстацца са сваім краем. З тым,
што стала часткай наша душы. А гэта наша зямля, наш краявід.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное