Комментарии
Дзяніс Мельянцоў, belinstitute.eu

Усходняе партнёрства: незавершаны гештальт

Гэты інтэграцыйны праект можа стаць альтэрнатывай СНД і ЕўрАзЭС. Піша аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў Дзяніс Мельянцоў.

20 сакавіка на саміце ЕС ў Брусэлі была канчаткова ўхвалена палітыка Ўсходняга Партнёрства ЕС, якая павінна забяспечыць больш шчыльную інтэграцыю Еўрасаюза з шасцю постсавецкімі краінамі ўключаючы Беларусь. Беларусь стала ўдзельніцай Ўсходняга Партнёрства без аніякіх папярэдніх патрабаванняў і на цалкам раўнапраўных умовах. Разам з тым, усё яшчэ застаецца інтрыга з запрашэннем Аляксандра Лукашэнкі на інагурацыйны саміт УП, які мае адбыцца ў траўні.

Новыя словы — стары сэнс

Як і было спрагназавана ў папярэдніх аналітычных матэрыялах BISS, зацверджаная на Еўрапейскім Савеце Дэкларацыя Ўсходняга Партнёрства зазнала істотныя змены ў параўнанні з папярэднімі версіямі дакументаў па гэтай ініцыятыве, якія былі апублікаваны напрыканцы мінулага году.

Найбольшыя змены адбыліся з матывацыйнай часткай дакумента, ў якой раней празрыста вялося пра геапалітычную значнасць праекта Ўсходняга Партнёрства і неабходнасць падвысіць бяспеку ўсходніх суседзяў ЕС пасля агрэсіўных дзеянняў Расіі на Каўказе ў жніўні 2008 года. У версіі праграмы УП, анансаванай у снежні, было адкрыта заяўлена пра жаданне ўзмоцніць палітычны ўплыў Еўрасаюза ў шасці постсавецкіх краінах (якія павінныя былі стаць часткай УП) і стварыць на ўсходняй мяжы ЕС буфер лаяльных да ЕС краінаў.

У дэкларацыі УП, зацверджанай 20 сакавіка, эмацыйная рыторыка пра пагрозу з боку Расіі змянілася на дэкларацыю неабходнасці пашыраць стабільнасць сярод постсавецкіх дзяржаў і спрыяць іх эканамічнаму развіццю праз пабудову больш шчыльных адносінаў з ЕС. Але знікненне геапалітычнай рыторыкі не азначае знікнення геапалітычнай матывацыі самога праекту. Па сутнасці, мэтай палітыкі Ўсходняга Партнёрства застаецца паступовае ўцягванне постсавецкіх дзяржаў у працэсы еўрапейскай інтэграцыі і, адпаведна, ў сферу палітычнага ўплыву ЕС. Такім чынам, словы міністра замежных страў Расіі сп. Лаўрова пра спробы ЕС распаўсюдзіць сваю сферу ўплыву падаюцца цалкам справядлівымі.

Распачынаючы новую палітыку для ўсходніх суседзяў, Еўрасаюз намагаецца пабудаваць эканамічны інтэграцыйны блок альтэрнатыўны таму, што фармуе Расія на постсавецкай прасторы. У ранніх версіях прапановы Еўракамісіі па Ўсходняму Партнёрству інтэграцыя ЕС з шасцю ўсходнееўрапейскімі краінамі павінна была падначальвацца расійска-еўрапейскім адносінам, якія абазначаліся як стратэгічныя. Зараз жа УП і расійска-еўрапейскія адносіны трактуюцца ў якасці паралельных праектаў.

У адрозненні ад папярэдніх прапановаў па УП, ядром зацверджанай дэкларацыі становяцца каштоўнасці, якія павінны падзяляцца ўсімі ўдзельнікамі гэтай палітыкі. Гэта было зроблена па некалькіх прычынах. Па‑першае, каб збалансаваць значны геапалітычны ўхіл першапачатковых прапаноў па УП, які ўжо пачаў выклікаць сур’ёзную незадаволенасць. І па‑другое, каб мець падставы для крытыкі і выстаўлення дадатковых умоваў такім недэмакратычным краінам як Беларусь ці Азербайджан. Сама па сабе палітыка Ўсходняга Партнёрства прадстаўляе аднолькавыя ўмовы для ўсіх яе ўдзельнікаў і факт запрашэння Беларусі да ўдзелу ў гэтай палітыцы з аднаго боку канчаткова легітымізуе беларускае кіраўніцтва, а з другога — ліквідуе папярэдні статус краіны як «апошняй дыктатуры Еўропы». Таму, каб і надалей мець падставы для спробаў дэмакратызацыі Беларусі Еўрапейскаму саюзу прыйшлося распаўсюдзіць каштоўнасныя патрабаванні на ўсіх удзельнікаў УП. Беларусь, між іншым, паставілася да такіх захадаў з разуменнем і вуснамі прэсавага сакратара МЗС адзначыла недыскрымінацыйны характар Усходняга Партнёрства.

Зноў абумоўленасць

Удзел ва ўсіх праектах і актыўнасцях Усходняга Партнёрства ня ёсць аднаразовай працэдурай — прагрэс і глыбіня інтэграцыі залежаць ад жадання і намаганняў краін-удзельніц. І бязвізавы рэжым, і ўдзел у агульнай эканамічнай прасторы, і дамовы пра асацыяцыю для кожнай з шасці краін будуць знаходзіцца ў залежнасці ад адаптацыі еўрапейскага заканадаўства, выканання эканамічных і іншых патрабаванняў.

Іншымі словамі, Еўрапейскі саюз збіраецца рэалізаваць класічную палітыку абумоўленасці (conditionality approach), але з нюансам — у адрозненні ад цэнтральнаеўрапейскіх дзяржаў і краін Балтыі, усходнееўрапейскай шасцёрцы не прапануецца сяброўства ў ЕС. Наадварот, УП павінна стаць заменай сяброўству пры адначасовай ўключанасці ў еўрапейскія інтэграцыйныя працэсы на дастаткова глыбокім узроўні.

І хаця для некаторых краін шасцёркі выгоды УП могуць падацца занадта сціплымі, для Беларусі, на дадзены момант, яны большыя, чым можна было чакаць. Таму палітыка абумоўленасці стасоўна афіцыйнага Мінску можа стаць цалкам працоўным механізмам кантраляванага палітычнага і эканамічнага збліжэння з Еўрапейскім саюзам.

Уключэнне Беларусі ў праграму Ўсходняга Партнёрства на раўнапраўных умовах можна разглядаць як значны палітычны аванс для беларускага кіраўніцтва, паколькі апошняе не зрабіла ніякіх істотных крокаў у бок лібералізацыі палітычнай сістэмы ў краіне за 6‑месячны перыяд прыпынення санкцыяў. Тым не менш, такое рашэнне ЕС варта прызнаць дальнабачным, паколькі еўрапейскія палітыкі рашыліся пайсці на выкарыстанне палітыкі «ўцягвання» ў дачыненні да Беларусі, што на дадзены момант з’яўляецца практычна адзіным варыянтам доўгатэрміновай дэмакратызацыі і еўрапеізацыі Беларусі. У адрозненні ад расійскай тактыкі крэдытавання і зацягвання ў даўгавую яму постсавецкіх рэспублік, Еўрапейскі саюз робіць стаўку на «мяккае» ўцягванне сваіх суседзяў у прывабныя інтэграцыйныя працэсы, якія ў любым разе накладаюць на ўдзельнікаў шэраг абавязацельстваў, тым самым спрыяючы іх паступовай трансфармацыі ў бок неабходны Еўрасаюзу. «Мяккая сіла» ЕС такім чынам у перспектыве будзе мець нашмат большы эфект, чым агрэсіўныя метады Масквы.

Прызнаваць ці не прызнаваць?

Афіцыйна Ўсходняе Партнёрства распачне працу пасля ўстаноўчага саміту на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў або ўрадаў, які мае адбыцца 7 траўня ў Празе або ў Брусэлі (канчаткова месца правядзення яшчэ не зацверджана). У выпадку Беларусі ўсё яшчэ застаецца інтрыга ці будзе запрошаны да ўдзелу Аляксандр Лукашэнка. Хаця Беларусь ужо стала часткай Усходняга Партнёрства Еўрапейскі Саюз працягвае ўвязваць запрашэнне яе прэзідэнта на ўстаноўчы саміт з непрызнаннем афіцыйным Мінскам грузінскіх сепаратысцкіх тэрыторыяў.

Прызнанне Беларуссю незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асетыі па-першае прадэманструе палітычную залежнасць Беларусі ад Расіі і незацікаўленасць беларускага кіраўніцтва ў далейшым збліжэнні з ЕС, а па-другое, створыць непрыемную калізію, калі саміт павінен будзе праходзіць без удзелу аднаго з лідэраў усходнееўрапейскай шасцёркі — або Лукашэнкі, або Саакашвілі. Але і Грузія, і Беларусь аднолькава важныя для Ўсходняга Партнёрства, бо без іх губляецца ўвесь сэнс гэтае палітыкі. Прысутнічае таксама разуменне, што без удзелу беларускага боку ў інагурацыйным саміце УП на вышэйшым узроўні наўрад ці ўдасца ўцягнуць Беларусь у паўнамаштабную супрацу ў межах гэтай праграмы, бо афіцыйны Мінск патрабуе або ўсё, або нічога.

Для Мінска візіт першай асобы ў Прагу (ці Брусэль) таксама прадстаўляе выключнае значэнне, паколькі сімвалізуе канчатковае прымірэнне з «апошнім дыктатарам Еўропы» і адначасова служыць моцным сігналам для Масквы, які павінен узмацніць перамоўныя пазіцыі Лукашэнкі на ўсходзе. Удзел у саміце УП будзе таксама першым пробным візітам у краіну ЕС пасля прыпынення санкцыяў, і ад таго як ён пройдзе будзе шмат у чым залежыць час і фармат афіцыйнага візіту беларускага прэзідэнта ў сталіцу ЕС а таксама сталіцы буйнейшых еўрапейскім краін.

Таму можна з вялікай доляй верагоднасці прагназаваць, што, нягледзячы на несупынны ціск з боку Крамля, незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асетыі не будзе прызнаная афіцыйным Мінскам прынамсі да 7 траўня бягучага году, а ЕС усё ж накіруе запрашэнне беларускаму прэзідэнту.

Прызнанне Беларуссю мяцежных рэгіёнаў Грузіі, як таго дамагаецца Крэмль, і няўдзел Лукашэнкі ва ўстаноўчым саміце УП не будзе, аднак, фатальным для дыялогу з ЕС і ўдзелу Беларусі ва Ўсходнім Партнёрстве ў цэлым. Беларускі бок можа адмовіцца ад удзелу ў палітычных форумах УП, якія будуць перыядычна праводзіцца на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў і міністэрстваў, але ён моцна зацікаўлены ў падключэнні да шэрагу праектаў і сфераў супрацоўніцтва (напрыклад, доступ да рынкаў ЕС) і будзе прымаць удзел на тэхнічным узроўні. Такі варыянт разгортвання падзеў усё адно дазваляе працаваць прынцыпу абумоўленасці і спрыяе ўцягванню Беларусі ў агульнаеўрапейскія працэсы. І хаця пры такім сцэнары магчымасць шматбаковага супрацоўніцтва ў межах УП для Беларусі будзе абмежавана (з-за пазіцыі Грузіі), двухбаковы механізм (ЕС-Беларусь) для Беларусі будзе працягваць працаваць.

Высновы

Па-першае, Еўрапейскі Саюз без дадатковых перадумоў уключыў Беларусь у свой рэгіянальны інтэграцыйны праект, які мусіць стаць альтэрнатывай СНД і праекту Адзінай эканамічнай прасторы. Гэта стала моцнай заяўкай на перадзел сфер уплываў ва Ўсходняй Еўропе па карысць растучаму ЕС, што не магло не выклікаць негатыўнай рэакцыі Крамля. Гэта азначае, што афіцыйны Мінск шматкроць пашырае сваё поле для манёўра і падвышае сваю вагу ў геапалітычнай гульні.

Па-другое, Еўрапейскі Саюз інкарпараваў у праект УП каштоўнасны блок і прынцып абумоўленасці, што ўзмацняе яго інструменты ўплыву на працэс палітычнай трансфармацыі ў постсавецкай шасцёрцы і дазваляе кантраляваць дыялог з такімі партнёрамі як Беларусь.

Па-трэцяе, ступень удзелу Беларусі ва Ўсходнім Партнёрстве ўсё яшчэ застаецца няпэўнай, паколькі канчаткова не вырашана важнае для беларускага боку пытанне пра запрашэнне прэзідэнта Лукашэнкі на ўстаноўчы саміт УП. Гэтае пытанне з’яўляецца лакмусавай паперкай для вызначэння еўрапейскіх намераў беларускага кіраўніцтва і ступені яго залежнасці ад Крамля.

Па-чацвёртае, незалежна ад удзелу ці няўдзелу прэзідэнта Беларусі ў саміце УП Беларусь ужо ўключылася ў працэсы, якія будуць аказваць доўгатэрміновы ўплыў на ўнутраную і знешнюю палітыку Мінска. Палітычны дыялог з ЕС будзе працягвацца. І задача ЕС у гэтым працэсе — падтрымліваць гэты дыялог і паслядоўна прытрымлівацца палітыкі ўцягвання Беларусі ў еўрапейскія інтэграцыйныя працэсы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)