«Успокойся, малыш». Прэсавы сакратар МУС адказаў блогеру Матольку ў фэйсбуку

 «Тут адзін начальнік прэсавай службы МУС хуліганіць», напісаў на сваёй старонцы ў фэйсбук вядомы блогер Антон Матолька. Гаворка вядзецца пра начальніка Управы інфармацыі і грамадзкіх сувязей, прэсавага сакратара МУС Канстанціна Шалькевіча.

Падставай для спрэчкі ў фэйсбуку сталася пост аб затрыманьні ў мэтро, дзе некалкі міліцыянтаў затрымліваюць да крыві зьбітага юнака. Спрэчка разгарэлася паміж удзельнікамі абмеркаваньня адносна асобаў у форме дзяржслужбоўцаў і іх дзеяньняў. Удзел у абмеркаваньні прыняў таксама прэсавы сакратар МУС Канстанцін Шалькевіч.

У сваіх камэнтарах на адрас Антона Матолькі ён, у прыватнасьці, пісаў: «Anton Motolko, як заўсёды, не прадаставіў поўнай карціны. І ня выклаў свой пост. А за такое морду б’юць. Праўда, не дзяўчынкам, вядома. Тут, у натоўпе яго прыхільнікаў, я, вядома, не баец. Але ў іншай галіне ён проста баязьліва зьліўся, вырваў словы з кантэксту і запосціў тут. Усё гэта, вядома, гнюсна. Але як ёсць».

У сваю чаргу, Антон Матолька адказаў: «Косьця, тут не БТ з Саўбелкай, тут лёгка твае словы абвергнуць парачкай скрыншотаў. Так што, перш чым рабіць зь сябе нявінную ахвяру, падумай, калі ёсьць чым, вядома ж, яшчэ раз». «Ты супрацоўнік МУС, працуеш за МАЕ грошы. І грошы іншых грамадзян Беларусі. І служыш ты МНЕ і ГРАМАДЗЯНАМ Беларусі. Памятай пра гэта, калі будзеш пісаць чарговы фэйкавы прэс-рэліз, калі шуняўкі будуць выкрадаць і зьбіваць людзей».

У сваю чаргу Канстанцін Шалькевіч адказаў, што свае камэнтары ў фэйсбуку пісаў, як прыватная асоба, а не прадстаўнік МУС, але іншыя ўдзельнікі спрэчкі з з гэтым сьцьвярджэньнем не пагаджаюцца:

«За такое морду б’юць», «дзяўчынка», «зьліўся» — вось гэта слоўнікавы запас сапраўднага афіцэра МУС Беларусі! Абараніў гонар мундзіра», піша яшчэ адзін удзельнік спрэчкі.

У якасьці камэнтара пра інцэдэнт Антон Матолька спаслаўся на загад МУС ад 04.03.2013 году «Аб правілах прафэсійнай этыкі супрацоўнікаў МУС РБ». У прыватнасьці, на артыкул 5 гэтага загаду «Паводзіны супрацоўніка ў непрацоўны час».

 «Хацелася б таксама атрымаць камэнтар яго вышэйшага кіраўніцтва з нагоды паводзін іх супрацоўніка, а таксама службовай кампэтэнцыі, якая адпавядае ягонай пасадзе», сказаў Свабодзе Антон Матолька.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)