Спорт
Сяргей НЯТРЭБА

Usplesk — “КАРАгод”

Дэбютны альбом маладэчанскай групы — актыўных удзельнікаў менскіх вечарынаў альтэрнатыўнай музыкі. Выдадзены самастойна, аформлены з густам і прэтэнзіяй: “Купі сабе сябе!” — напісана на дыску.

Альбом сьведчыць пра зьяўленьне годных беларускамоўных канкурэнтаў шалёна папулярных “Кукол”. Ірваныя рытмы, жорсткія гітары, электроніка і плынь сьвядомасьці — спалучэньне, якое сёньня шмат каму да спадобы. Лірычны герой “КАРАгоду” — выпускнік школы, які блытаецца між “закавулкаў, клетак, белых кветак і чорных метак”, але ўжо ведае, што хоча ад гэтага жыцьця. “Я ўсім дакажу, што я нумар адзін, куплю машыну, адчыню магазін”, — так проста і пяецца ў песьні “КаніCOOLы”.

Мультымэдыйная прэзэнтацыя групы на дыску дэманструе, што Usplesk — больш чым музычны праект. На дыску можна ўбачыць мастацкія экспэрымэнты кожнага з удзельнікаў каманды. Пераважнай большасьцю гэта фотаздымкі на ўрбаністычную тэму і дызайнэрскія напрацоўкі. Хлопцы нібы крычаць: “Пасуньцеся, новая культурная фармацыя ідзе!”. Праект мае ўсе шанцы стрэліць у наступным годзе. “КАРАгод” можна адшукаць у дыскарнях Менску, Маладэчна і Віцебска.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)