«Усе мае фільмы атрымаліся саплівыя, глядзець няма чаго». 7 фактаў пра экранізацыі твораў Васіля Быкава

100-годдзю народнага пісьменніка прысвячаецца.

На здымках «Альпійскай балады»

Самы экранізаваны беларускі пісьменнік — на творы Васіля Быкава было знята 25 фільмаў. «Трэцяя ракета», «Альпійская балада», «Абеліск», «Дажыць да світання», «Знак бяды», «Бліндаж» ды іншыя аповесці і апавяданні былі ўвасобленыя на экранах. Гэта былі мастацкія і тэлевізійныя фільмы, кароткаметражныя стужкі і міні-серыялы.

Толькі два фільмы былі знятыя па-беларуску — гэта прысвячэнне Слуцкаму збройнаму чыну «На чорных лядах» (1995) і «Народныя мсціўцы» (2019), зняты на грошы, забраныя дзякуючы краўдфандынгу.

Быкаў не любіў ні экранізацыі, ні працэс здымак — пра гэта сведчаць ягоныя лісты сябрам.

«Усе мае фільмы атрымаліся саплівыя, глядзець няма чаго» (з перапіскі з крытыкам Лазарам Лазаравым).

«Я даў сабе слова завязаць з кіно, у мяне больш няма сілаў, а галоўнае — няма нерваў, усе павыцягвалі па пучку, па валаконцу. І — дарэмна. Столькі напісана і знята, і хоць бы адна ўдача» (ліст да кінарэжысёра Леаніда Мартынюка).

«Мне асабіста хочацца, каб ты пісаў больш (у гэтай сувязі я не магу ўхваліць твае сувязі-валакіты з кіно, якое ў наш час не мае нічога агульнага з мастацтвам, хіба што дае магчымасць зарабіць)» (у лісце да Алеся Адамовіча).

Пры гэтым пісьменнік напісаў сцэнары ці не да паловы фідьмаў, знятых паводле ягоных твораў.

Афішы фільмаў, знятых на творы беларускага пісьменніка

Якія фільмы Быкаву спадабаліся — «Узыходжанне» рэжысёркі Ларысы Шапіцькі, знятае паводле «Сотнікава», пісьменнік называў «найлепшай за ўвесь дзясятак экранізацыяў маіх аповесцяў».

Пазітыўна ацаніў ён і экранізацыю «На чорных лядах»: «зроблена ў духу маёй прозы».

У кіно цэнзура была была больш жорсткая, чым цэнзура літаратурная. Пра гэта расказваў біёграф пісьменніка Сяргей Шапран у адным з інтэрв’ю. Класічны прыклад — фільм «Трэцяя ракета», самая першая экранізацыя быкаўскай аповесці.

Ішоў 1963 год, Быкава яшчэ не цкавалі ў партыйнай прэсе за праўдзівае апісанне вайны. І ўсё тое, у чым яго пачалі вінаваць неўзабаве, яму давялося пачуць ад тых, хто вычытваў і зацвярджаў сцэнар.

Заступаліся Машэраў і Гарбачоў, дзякуючы якім на экраны трапілі два фільмы паводле аповесцяў Быкава. Першы паспрыяў, калі пад пытаннем трапляння на экраны апынулася «Узыходжанне». Фільм «Знак бяды» вазілі на прагляд у Маскву Міхаілу Гарбачову, пасля чаго стужка трапіла ў кінатэатры.

А вось зняты ўжо ў незалежнай Беларусі ў 1995-м фільм «На чорных лядах» так і не трапіў у пракат. Пасля лічаных паказаў па тэлебачанні, ён апынуўся на архіўных паліцах.

Фільмы паводле твораў Быкава ўзнагароджвалі і ў СССР і на замежных кінафестывалях. Напрыклад, «Альпійская балада» атрымала прыз за лепшы фільм на Міжнародным кінафестывалі ў Дэлі ў 1968-м, а «Узыходжанне» заваявала ў 1977-м «Залатога мядзведзя» на Берлінскім кінафестывалі, а таксама прыз Міжнароднай асацыяцыі кінакрытыкаў  FIPRESCI.

У 2003-м «Альпійская балада» ўдзельнічала ў рэтраспектыўным паказе на кінафоруме Канскага кінафестываля.

У 2019-м BBC Culture уключыла фільм Ларысы Шапіцькі ў Топ-100 стужак, знатых жанчынамі. «Узыходжанне» займае ў гэтым спісе 11-е месца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(12)