Общество

Паліна Моргун, Intex-Press, усе фота з асабістага архіву герояў

«Усе бабулі выйшлі пытацца, «чыя» я». Гісторыі іншаземцаў, якія размаўляюць па-беларуску

Паэтка з Іспаніі, тэхнолаг з Польшчы і юрыст з Японіі падзяліліся сваім шляхам да беларускай мовы. Паглядзіце на іх досвед, дастаньце слухаўкі – і зрабіце першы шлях да роднай мовы: паслухайце Лявона Вольскага.

Анхела Эспіноса, Малага (Іспанія)

— Распавядзі крыху пра сябе.

— Я цяпер не магу сказаць, што жыву недзе пастаянна. Апошнім часам я — у родным горадзе, у Малазе, пішу кандыдацкую дысертацыю. У мяне праца пра беларускую і іспанскую літаратуру эпохі Рамантызму. Я параўноўваю творчасць Яна Баршчэўскага («Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях») і Густава Адольфа Бэкера («Паданні» і «З маёй клеткі»).

Яшчэ і сама пішу літаратурныя творы па-беларуску, пераважна вершы, але таксама прозу і артыкулы. У часопісе «Маладосць» два гады выходзілі мае калонкі на розныя тэмы.

Вось адзін з вершаў:

Прысьвячаецца Беларусі

Я прыйшла зь ніадкуль — ні з таго, ні зь сяго,

Цёплым брызам паўднёвага краю.

«Ты чыя?», кажуць мне — я прыйшла зь ніадкуль,

І са слоў помню толькі «кахаю».

 

Быццам песьня далёкіх, шчасьлівых гадоў,

Я прыйшла да цябе, нібы з грому.

Невядома, чаму, я прыйшла зь ніадкуль,

Бы пакутна-салодкая стома.

 

Я прыйшла зь ніадкуль мімалётным сьвятлом,

І раптоўнай, натхнёнаю думкай,

Лёгкім подыхам, сном — я прыйшла зь ніадкуль:

Уся вечнасьць адным пацалункам.

 

І радзімы няма, і дарогі назад,

Толькі шэпат высокай ялінкі.

Без пытаньняў сюды я прыйшла зь ніадкуль

Лістападаўскай першай сьняжынкай.

 

Я прыйшла зь ніадкуль, я пакінула ўсё:

Лета, сонца ды сіняе мора.

Я забыла сябе — я прыйшла зь ніадкуль,

Кепска будзе? Магло б быць і горай!

 

Я прыйшла зь ніадкуль, мімаволі, няўзнак,

Выпадкова, зьнянацку і ўзімку.

Нарадзілася дзесь — і прыйшла зь ніадкуль,

Каб памерці ў цябе ж у абдымку.

 

Я прыйшла зь ніадкуль, і твой горад люблю,

Люблю шэры прасьпект, нібы з гліны,

Пекла й рай я люблю — я прыйшла зь ніадкуль,

І трымаюся за павуціну.

 

Я твой вецер люблю, тваё неба люблю,

Я люблю тваю ціхую мову.

Патрымай на руках — я прыйшла зь ніадкуль,

Не кажы мне жахлівага слова!..

 

Я прыйшла зь ніадкуль — і твой дождж палюблю,

Тваю цемру, балота, туманы…

Вось адзіны мой грэх: я прыйшла зь ніадкуль,

Пакахала цябе я зарана.

 

Я прыйшла зь ніадкуль — толькі не выкідай,

Я магу і ў кішэню схавацца.

Я ніхто, я нішто… Я прыйшла зь ніадкуль.

Я прыйшла — ты дазволь мне застацца.

— Якімі мовамі валодаеш?

— Спіс доўгі і нуднаваты, але іх недзе тузін. Можа, больш, калі ўлічыць тыя, якія ведаю на зусім нізкім узроўні. Я не хачу выкрываць усе, але магу сказаць, што добра валодаю  англійскай, французскай, польскай. Мне вельмі падабаюцца мовы, захапляюся імі, заўжды шукаю, якую яшчэ можна вывучыць.

— Чаму беларуская?

— А чаму не?

— Дзе вывучала беларускую мову?

— У сябе дома, самастойна.

— Якія цяжкасці былі пры вывучэнні?

— У пачатку, вядома, мала практыкі, не было з кім размаўляць, як правяраць, ці добра вымаўляю словы. Яшчэ раней, калі рыхтавалася вывучаць, вельмі не хапала матэрыялаў — анлайн амаль нічога не было, а што было — усё па-расейску.

— Як часта і з кім размаўляеш на беларускай мове?

— Штодня, з сябрамі, калегамі (філолагамі і літаратарамі) – цяпер у мяне вялікае беларускамоўнае сацыяльнае кола, хоць сама я інтраверт. Мае беларускамоўныя сябры 99% з Беларусі, пара чалавек ёсць ў іншых краінах. У Польшчы аднагрупнікі, напрыклад, ці беларусы ЗША.

— Як ты падтрымліваеш беларускі дух: кнігі, музыка?

— Не зусім разумею, што за «дух», але чытаю вельмі шмат, пішу сваё і слухаю беларускую музыку, натуральна, слухаю: Вольскі, Вайцюшкевіч (ведаю, што не надта арыгінальна, але што зробіш), Сумарок, Уліз, Ляпіс, Брутта… Цяжка ўзгадаць усё адразу.

— Ці была у Беларусі?

— Так, шматразова. Была ў Гародні, Берасці, Мінску, Полацку, Наваполацку і ў аграгарадку Захарнічы (ездзіла да знаёмых). Уразіла, калі ўсе бабулі Захарніч выйшлі на двор пытацца, «чыя» я. Мне найбольш падабаецца наведваць беларускія імпрэзы, бачыцца з сябрамі. Яшчэ беларуская прырода невымоўна прыгожая.

Мар’юш Хебдзыньскі, Зелена Гура (Польшча)

— Распавядзі крыху пра сябе

— Маё імя Мар’юш, мне 26 гадоў. Жыву ў Зеленай Гуры, у заходняй Польшчы. Я вывучаў хімію і цяпер працую тэхналогам вытворчасці гарэлкі. Пасля работы займаюся спортам: бегаю марафоны ды іграю ў валейбол. Мой дзядуля паходзіць з Заходняй Беларусі, якая ў даваенны час належала Польшчы. Зараз там жывуць нашы сваякі.

— Якімі мовамі ты валодаеш?

— Мая галоўная замежная мова – англійская, але валодаю яшчэ добра нямецкай, шведскай і эсперанта (Эсперанта — штучная мова, прызначаная для міжнароднага карыстання. У наш час эсперанта валодаюць каля 300 тысяч чалавек ва ўсім свеце). Вывучэнне замежных моў – гэта маё вялікае захапленне, таму што магу пры тым пазнаёміцца з культурамі іншых краін.

— Чаму беларуская?

— Перад усім з цікавасці. Польшча і Беларусь – дзве вельмі блізкія краіны ў геаграфічным, культурным і гістарычным плане, але мы ведаем зусім мала адзін пра аднаго, не разумеем нават мовы суседзяў… Нават я — не лінгвіст — хутка ўбачыў, што беларуская мова – найменш складаная для палякаў у параўнанні з усімі астатнімі мовамі. Нават без доўгага навучання можна зразумець даволі многа. Беларуская мова гучыць неяк знаёма, свойска, дазваляе хутка дасягнуць паспехаў. Мне таксама патрабаваўся адпачынак ад вывучэння складаных германскіх моваў, таму я вырашыў звярнуцца да беларускай… Зразумела, я таксама ўбачыў магчымасць аднаўлення кантактаў са сваякамі з Беларусі.

— Дзе вывучаў беларускую мову?

— Спачатку сам, дома, але падняўся на вышэйшы ўзровень толькі пасля заняткаў з настаўніцай па Skype. Часам я глядзеў тэлеканал Белсат, які выпускае якасныя матэрыялы па-беларуску на розныя паўсядзённыя тэмы.

— Якія цяжкасці былі пры вывучэнні?

— Напэўна склонавыя канчаткаў слоў, якія крыху падобныя да польскіх, але ўсё ж такі моцна адрозніваюцца.  Акрамя таго ў мяне была спачатку цяжкасць, як агульна пазнаёміцца з мовай пры абмежаванай хуткасці чытання кірылічнага алфавіта, але я справіўся з гэтым дзякуючы аўтаматычнаму канвертаванню кірылічнага тэкста на беларускую лацінку. На шчасце, цяпер гэта мне ўжо зусім не патрэбна.

— Як часта і з кім размаўляеш на беларускай мове?

— Выкарыстоўваю кожную магчымасць. У асноўным размаўляю з маёй кузынкай (яна з Пастаў) пры сямейных сустрэчах. Спадзяюся, што падчас майго прыезду ў Беларусь пазнаёмлюся з новымі людзьмі і мы станем сябрамі.

— Як ты падтрымліваеш беларускі дух: кнігі, музыка?

— Я прачытаў толькі адну кнігу на беларускай мове – гэта быў вельмі цікавы «Дзень Святога Патрыка» Ганны Севярынец. Часцей слухаю музыку, напрыклад, калі іду на працу альбо шпацыр. Тады часам ўключаю беларускі рэп, які, можа, не вельмі распаўсюджаны, але класны. Напрыклад, слухаю такіх рэпераў, як Vinsent, Angst — яны вельмі арыгінальныя.

— Ці быў у Беларусі?

— Не, але гэта значыць, што самае лепшае яшчэ наперадзе! Калі сёлета паеду ў Беларусь, хачу найперш наведаць Мінск і Паставы, бо там жывуць мае сваякі. А ў наступным годзе, можа, нейкі прыгожы запаведнік? Белавежская пушча? Пажывем — убачым!

Кэн Сібата, Токіа (Японія)

— Распавядзі крыху пра сябе

— Я жыву ў Токіа. Вучыўся ў магістратуры па рускай філалогіі. А цяпер вучуся ў юрыдычнай школе (law school — па-ангельску).

— Якімі мовамі валодаеш?

— Валодаю японскай, беларускай ды рускай мовамі. Больш-менш ведаю ангельскую, літоўскую, украінскую ды царкоўнаславянскую.

— Чаму беларуская?

— Бо яна дае мне натхненне.

— Дзе вывучаў беларускую мову?

— Я вывучаў яе на філфаку БДУ. Галоўнай мэтай было вывучэнне рускай мовы. Але пачаў наведаць заняткі рускай і беларускай моў адначасова. На занятках упершыню пачуў гаворку па-беларуску — тады і зразумеў, што хачу вывучыць яе дасканала.

— Якія цяжкасці былі пры вывучэнні?

— Спачатку не мог знайсці носьбітаў у Беларусі, акрамя некаторых знаёмых. Таму практыкі не хапала. Але потым пазнаёміліся з многімі беларускамоўнымі людзьмі і сталі сябрамі.

— Як часта і з кім размаўляеш на ёй?

— У мяне даволі шмат беларускамоўных сяброў у Мінску ды Вільні. Акрамя таго, мы размаўляем ў Токіа па-беларуску з выкладчыцай з Беларусі.

— Як ты падтрымліваеш беларускі дух: кнігі, музыка?

— Я паважаю беларускіх паэтаў і пісьменнікаў. Асабліва я люблю Максіма Багдановіча. Я напісаў магістарскую працу пра яго творы і пераклаў іх на японскую. Што да музыкі, то я слухаю, напрыклад, Ляпис Трубецкой ды Лявона Вольскага.

— Ці быў у Беларусі?

— Я вучыўся ў Мінску год. Пасля гэтага тры разы наведваў Беларусь. Мне спадабаўся прыгожы Мінск. Я люблю гуляць па Верхнім горадзе ды Траецкім прадмесці.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.3(22)