Усаў: «Стварыць яшчэ адну гарачую кропку ў падбрушшы Еўрасаюза – гэта вельмі ў палітыцы і натуры Крамля»

Канфлікт паміж Сербіяй і Косава: каму больш за ўсіх гэта выгадна і чаму.

– Сербія заўсёды была галоўным саюзнікам Расіі ў Еўропе, як некалі Югаславія, – кажа палітолаг Павел Усаў у эфіры «Е*рарадыё». – Для Беларусі варта нагадаць і братоў Карычаў, якія ў нас актыўна будаваліся.

Яшчэ калі быў Мілошавіч, Лукашэнка, як ён казаў, вельмі актыўна вёў там сваю гульню ў прыватнасці да сумнавядомых падзей (гаворка пра вайну 1999 года – С.).

Таму і ў ідэалагічным, і ў палітычным кантэксце, канешне, Сербія для рэжымаў Пуціна і Лукашэнкі гулялі і гуляюць важную ролю.

Палітолаг нагадвае:

– Рэгулярна да пачатку вайны праводзіліся нават агульныя вайсковыя вучэнні «Славянскае братэрства». Апошнія адбыліся ў 2021-м на тэрыторыі Сербіі.

І нават казалася, што ў 2020 годзе, – бо ў Брэсцкай вобласці тады праходзіла тое ж самае «Славянскае братэрства», – гэтыя сербскія легіянеры бралі ўдзел у разгоне мірных дэманстрантаў. Прынамсі, з’яўляліся здымкі, калі ў спецыяльных браніраваных машынах сядзелі людзі з сербскімі шэўронамі.

Палітолаг адзначае, што сённяшні прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч мае вельмі прапуцінскія погляды і ледзьве не падтрымлівае палітыку прэзідэнта РФ у Еўропе.

– І вось гэты механізм – я кажу пра прызнанне Косава – які быў запушчаны амерыканцамі і часткай еўрапейскіх краінаў, стварыў такое ідэалагічнае падложжа для дзейнасці Расіі і ў Грузіі і ва Украіне, – гаворыць эксперт.

Усаў падкрэслівае:

– Менавіта на гэты факт прызнання незалежнасці Косава Расія ўвесь час абапіралася ў гульні з дэканструкцыяй постсавецкіх дзяржаў. Яна прэзентавала гэта на знешняй арэне, перш за ўсё ў ААН, кажучы, што кожны народ мае права на самаакрэсліванне. Маўляў, чаму абхазцы не маюць гэтага права, а Косава мае?

Гэтую палітыку двайных стандартаў Расія вельмі актыўна выкарыстоўвала і па сённяшні дзень выкарыстоўвае для дэканструкцыі дзяржаўных утварэнняў.

– Да таго ж, – падкрэслівае Усаў, – Косава застаецца вельмі праблемным рэгіёнам для Еўропы. Гэта адзін з бяднейшых рэгіёнаў і крыніца розных выклікаў, у тым ліку для бяспекі кантыненту – напрыклад, так званая косаўская мафія, якая актыўнічае ў Іспаніі і ў некаторых іншых краінах.

І, канешне, стан сербскай меншасці на тэрыторыі Косава, – дадае Павел Усаў, – цяжка сказаць, якая там дакладная колькасць людзей, але яна знаходзіцца пад даволі моцным ціскам з боку косаўскіх уладаў.

Таму падобныя канфлікты ўзнікаюць перыядычна паміж Косавам і Сербіяй. На мяжы ёсць рэгулярныя сутыкненні, а ў моманты агульнага крызіса гэтыя праблемы ўзнікаюць з большай сілай.

Ты не менш, па словах Усава, тое, што зараз адбываецца на Балканах – гэта натуральная гульня Крамля.

– Бо, чым больш праблемаў у Еўропе, тым лепей для знешняй палітыкі Масквы і Расіі. Можна прыгадаць як агрэсіўна яна дзейнічала ў некаторых балканскіх славянскіх дзяржавах, у той жа Чарнагорыі падчас уступлення гэтай краіны ў НАТА. Тады была спроба ледзьве не арганізацыі дзяржаўнага перавароту.

І, безумоўна, стварыць яшчэ адну гарачую кропку, але ўжо непасрэдна ў падбрушшы Еўрасаюза – гэта вельмі ў палітыцы і натуры Крамля, але гэта мусіць быць не проста напружанне, а вайсковыя сілавыя сутыкненні на мяжы, каб гэты замарожаны канфлікт паступова перафарматаваўся ў адчынены і ўвага пераключылася непасрэдна на Балканы, Сербію і Косава, – кажа Павел Усаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(6)