Филин

Арына Радзівонава

Усаў: Што стала з лукашэнкаўскай выведкай за апошнiя два гады

Чаму Польшча не падзяляе беларускія спецслужбы ад расейскіх i разглядае іх агулам як пагрозу з боку краінаў-агрэсараў.

Былы кіраўнік польскай Службы вайсковай контрвыведкі генерал Пётр Пытэль заявіў у інтэрв’ю Gazeta Wyborcza, што расейскія спецслужбы дзейнічаюць у Польшчы з дапамогай беларускіх калег, якія нібыта лепш «адчуваюць» палякаў.

Генерал адзначае, што кіруючая партыя «Права і Справядлівасць» падтрымлівае кантакты з рэжымам Лукашэнкі, каб праз яго паразумецца з Пуціным.

Наколькі гэтыя схемы імаверныя, улічваючы вонкавыя стабільна дрэнныя стасункі афіцыйнага Менску з Варшавай?

Палітолаг Павел Усаў гаворыць Филину, што факт супрацы расейскіх і беларускіх спецслужбаў, перадусім у зборы і абмене інфармацыяй, сакрэтам не з’яўляецца.

— Раней даволі часта з’яўлялася інфармацыя пра тое, што польская контрвыведка арыштоўвала ці нейтралізавала тых ці іншых асобаў, звязаных з беларускімі спецслужбамі, — нагадвае эксперт. — Але наколькі глыбока гэты працэс рэалізоўваўся ў папярэднія гады, сказаць вельмі цяжка, бо Польшча ніколі не была моцным прыярытэтам Расеі, чые спецслужбы дзейнічалі ў краінах, перш за ўсё, Заходняй Еўропы — гэта можна пабачыць па Вялікабрытаніі, Нямеччыне альбо Чэхіі.

Тым не менш, магчыма, што гэты кірунак быў пакінуты якраз для беларускіх спецслужбаў: ГРУ (вайсковай выведкі) ці КДБ. Перш за ўсё, гэта было ў інтарэсах беларускіх уладаў, каб нейтралізаваць уплыў і сувязі Польшчы з беларускай апазіцыяй — яшчэ задоўга да 20-х гадоў бягучага веку.

Канешне, сітуацыя змянілася пасля выбараў 2020-га: інфільтрацыя, пранікненне часткова і праз беларускую дыяспару і іншыя структуры ў Польшчы сталася значна больш актыўным, і палякі не могуць ігнараваць гэты факт.

Словы Пытэля, зазначае палітолаг, скандалаў у польскім грамадстве і палітычным асяродку не выклікалі:

— Гэта, хутчэй, экспертны погляд прафесіянала на сітуацыю, якая склалася ў краіне і вакол яе, асабліва калі ўлічваць, што пасля 2020 года беларускі рэжым пачаў праводзіць адкрыта варожую палітыку ў дачыненні да Польшчы і той жа Літвы. Нічога новага не было сказана, гэта відавочная ацэнка ва ўмовах вайны, і спрабаваць знайсці тут негатыўныя элементы, якія могуць паўплываць на стаўленне да беларусаў, на маю думку, не варта.

Галоўнай задачай беларускіх спецслужбаў у Польшчы, перакананы Павел Усаў, заўсёды быў падрыў і сабатаж дзейнасці апазіцыйных структур, недапушчэнне кансалідацыі палітычнай дыяспары, якая функцыянавала тут пасля 2006 году. А вось для таго, каб працаваць супраць уладаў Польшчы, у беларускага рэжыму не было дастатковых магчымасцяў і рэсурсаў.

— Пасля 2020 году характар дзейнасці змяніўся, і лукашэнкаўская выведка стала інструментам міжнароднай выведчай дзейнасці Расеі. Як прыклад, можам прыгадаць пасадку самалёта Ryanair летась, арганізацыю міграцыйнага крызісу — усё гэта безумоўна рабілася пры непасрэдным удзеле расейскіх спецслужбаў.

Таму як рызыку Польшча сёння не падзяляе беларускія спецслужбы ад расейскіх, разглядаючы іх агулам як службы краінаў-агрэсараў, якія могуць падрываць бяспеку краіны.

Ці гэта адаб’ецца на больш пільнай увазе польскіх спецслужбаў да дзейнасці беларускай палітычнай эміграцыі? Магчыма. Я гэтага не выключаю, у сітуацыі вайны гэта даволі натуральна.

Ці павялічыць нейкае агрэсіўнае стаўленне? І так пасля пачатку вайны беларусы ўжо абмежаваныя шмат у якіх правах: калі няма карты сталага побыту ці пашпарту, яны могуць мець праблемы з адкрыццём рахунку, вядзеннем бізнесу і г.д.

Ці будуць рэалізаваныя нейкія крокі, звязаныя з пашырэннем кантролю дзейнасці дыяспары? Таксама можа быць.

Але на сённяшні момант Польшча — адна з тых краін, якая забяспечвае абсалютную падтрымку дзейнасці беларускіх палітычных арганізацый, валанцёрскіх ініцыятыў, актыўнасці дыяспары. Тут нейкай радыкальнай змены, я ўпэўнены, не адбудзецца.

Усё ж такі Польшча разумее, што Беларусь стала аб’ектам расейскай агрэсіі, што яна была ўцягнутая ў вайну і Лукашэнка фактычна прадаў незалежнасць краіны. Скідаць усё ў адзін кош, казаць, што ўсе беларусы вінаватыя — чыстай вады папулізм і абсурд, таму татальнага недаверу да беларусаў, напэўна, не будзе.

Тое, што я назіраю нават на ўзроўні міжасабовых кантактаў, сведчыць: польскае грамадства ставіцца да беларусаў вельмі прыхільна.

Але трэба глядзець на рэчы аб’ектыўна і разумець, што краіна-суседка не можа ігнараваць існуючыя пагрозы. Таму, мабыць, дзейнічае на апераджэнне. І нават калі са старонак газет ці публічных каналаў гэта выглядае непапулярным і пужае нас — для польскага боку гэта пытанне бяспекі ўласнага краю.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.2(10)