Усаў: Па сутнасці, у беларускага грамадства заўседы быў попыт на палітычную асобу ZERO
Палітолаг — пра нашумелую гісторыю ў лагеры дэмсіл, якую абмяркоўваюць гэтымі днямі.
— Прачытаў розныя каментары адносна прыходу і зыходу Таццяны Зарэцкай з «кабінету», — піша Павел Усаў. — Галоўная думка, (тлумачэнне) адносна зыходу Зарэцкай — гэта яе выпадковасць (добра, калі гэта ключавая прычына).
Яна — постаць, якая з’явілася ў палітыцы ніадкуль, якая не разумела, што такое палітыка і куды гэта можа прывесці. Але:
1. 70%, а то і 80% людзей, якія ўвайшлі ў палітыку ў 2020 ў годзе, — людзі ніадкуль, у тым ліку Ціханоўская, Бабарыка, Калеснікава. Усіх іх можна назваць «палітычная асоба 0».
Дарэчы, Таццяна Караткевіч, кандыдат на прэзідэнта ў 2015, была асобай ніадкуль, і было вельмі шмат тых, хто ей паверыў. Ядро новай беларускай апазіцыі — гэта бінэсоўцы, кветачнікі, айцішнікі, былыя чыноўнікі і прадстаўнікі сілавых стуктур;
2. Па сутнасці, у беларускага грамадства заўседы быў попыт на «асобу — 0». Звязана гэта было з тым, што ў большасці беларусаў было ZERO уяўленняў пра палітыку, ZERO уяўленняў пра апазіцыю, (ці людзей з палітыкі).
Больш таго, апазіцыйнасць успрымалася негатыўна, дзякуючы створаным уладай міфам і склаўшымся поглядам на палітычнае жыццё.
У сваю чаргу, людзі ад палітыкі (апазіцыя) былі па-за сістэмай. У іх не было магчымасці зрабіць кар'еру, зладзіць эфектыўны бізнэс.
У сацыяльным плане яны былі не прываблівымі — маргіналамі, якія жылі на нейкія падачкі. Першае ж пытанне: чаго ты дасягнуў, дзе ты працаваў? А... апазіцыянер, ну ясна...
Канешне, у такой сітуацыі, людзі з сацыяльным статусам, але палітычна 0, мелі для большасці беларусаў абсалютную перавагу. Чаму? Таму, што лічылася, што той, хто займаецца палітыкай (апазіцыйнай дзейнасцю), — вар’ят, няўдачнік. Выбар відавочны. Ніхто не будзе галасаваць за вар’ята.
Тыя, хто былі ў палітыцы да 2020 году, «людзі адтуль» не мелі ні даверу, ні аўтарытэту, ні ўплыву і вельмі хутка далучыліся да тых, хто быў «ніадкуль». Працавалі на іх выбарчую кампанію, а потым у «офісах».
Таму асоба 0, успрымалася выключна пазітыўна і прывабліва, як анелак з Раства, бо адпавядала ўласным запытам.
3. 70-80% — людзі выпадковыя, якія нічога да 2020 году ні пра палітыку, ні пра Беларусь нічога не ведалі. Яны верылі ў «закон», «выбары», Расею. Для іх выбары і рэвалюцыя быў звычайны драйв, не барацьба, а хутчэй вечарына;
4. Для неафітаў ад палітыкі, уваход у палітычную актыўнасць — гэта не рэвалюцыя, не свядомы выбар, а прыемны шпацыр. Я нават скажу так, што большасць з тых, хто воляй лесу апынуліся ў «палітыцы», пасмакаваўшы чырвонай пілюлі, пры магчымасці ў 2020 годзе выбралі б блакітную, каб ізноў апынуцца ў салодкім забыцці.
Свядомы палітычны выбар — гэта той выбар, якога ты не шкадуеш, і зрабіў бы яго ізноў. З гэтага вынікае наступная праблема, калі ўсе тыя ж 70% будуць знаходзіцца ў стане выпадковага, а не свядомага выбару, мы ізноў будзем хадзіць па коле: прыстасаванне, безадказнасць, негатовасць да перамен.
Палітыка (апазіцыйнасць), асабліва ў нашай рэчаіснасці — гэта ў нейкім сэнсе подзвіг і самавырачэнне (фактычна вайна), на якое не кожны есць здольны і гатовы. Людзі хутчэй пачынаюць шукаць кампраміс, у выніку чаго палітыка пераўтвараецца ў бізнес і абавязкова павінна суправаджацца наяўнасцю камфорту.
Адсюль узнікаюць далейшыя праблемы, якія вядуць да спрэчак, расколаў, скандалаў, страты даверу і ў выніку знікнення.
Беларускі палітычны капітал — гэта ўсе тыя хто прыйшлі ў палітыку ў 2020 годзе выпадкова, і зараз павінны зрабіць свой свядомы выбар, каб у палітыцы застацца.