Гэта сведчыць, што АДКБ абсалютна нічога вырашыць не зможа. Яны ніколі нічога не вырашалі, гэта быў толькі палітычны інструмент у руках Расіі дзеля таго, каб узалежніць ад сябе постсавецкія краіны. Але зараз бачна, што Расія перастала існаваць як супердзяржава, якую ўсе баяліся.
Усаў: «Лукашэнка вельмі добра разумее, што сістэма АДКБ не працуе»
Палітолаг патлумачыў, ці можа немагчымасць АДКБ уплываць на сітуацыю адбіцца на Беларусі.
Стала вядома, што праз абвастрэнне канфлікту паміж Азербайджанам і Арменіяй, краіны АДКБ дамовіліся аб накіраванні ў Арменію місіі арганізацыі на чале з генеральным сакратаром Станіславам Засем. Ці возьме АДКБ удзел у гэтым канфлікце і як гэта можа адбіцца на Беларусі, у жывым эфіры «Е*рарадыё» паразважаў палітолаг Павел Усаў.
— У перыяд палітычнага крызісу ў Казахстане ў пачатку 2020 года, АДКБ актыўна задзейнічала менавіта з прычын таго, што гэтага пажадала Расія і туды былі накіраваныя войскі перш за ўсё Расіі і Беларусі, — адзначыў Усаў.
Што тычыцца азербайджанска-армянскага канфлікту, то я лічу, што гэта непасрэдна звязана з тым, што мы пабачылі ва Украіне. І Азербайджан выкарыстаў гэтую магчымасць, каб прыступіць да ўласных дзеянняў: адваяваць Нагорны Карабах. Ён разумее ўсю слабасць Арменіі ў Горным Карабахе.
Расія для Азербайджана зараз не з’яўляецца пагрозай. Ніводная страна АДКБ зараз не можа паслаць туды сваіх вайскоўцаў, Лукашэнка таксама. Чальцы АДКБ заявілі, што кансультуюцца, вывучаюць сітуацыю.
На пытанне, як немагчымасць АДКБ нешта зрабіць можа адбіцца на Беларусі, улічваючы, што менавіта на яе належыла рэжым Лукашэнка ў выпадку, калі наступны пратэст беларусаў будзе не мірным, палітолаг адказвае так:
— Зараз Лукашэнка можа абапірацца выключна на расійскія войскі, якія знаходзяцца ў Беларусі. Мы не ведаем дакладную колькасць, але па розных дадзеных да 10 тысяч расейцаў знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі.
Лукашэнка вельмі добра разумее, што сістэма АДКБ не працуе. Напэўна, калі б Расіі ўдалося зрабіць тое, што яна жадала ва Украіне, яна б вярнулася да тых схем пабудавання ўнутраных адносін, якія існавалі ў Савецкім Саюзе. Але гэтага не адбываецца.
Сістэма, якая пабудавана Лукашэнкам, і метады яго кіравання абапіраюцца выключна на стабільнасць Расіі. Лукашэнка разумее, што на Захадзе яго ўжо не прымуць, як бы ён не граў, тым больш што прыйдзецца адказваць за міжнародныя злачынствы.
Ён можа стварыць перадумовы для дыялогу толькі выключна дзеля таго, каб выгандляваць для сабе ўмоўна спакойны адыход. Ёсць адзін з варыянтаў, найбольш акцэптаваны для Лукашэнкі — гэта аслабленне Расіі, яна будзе займацца ўласнымі справамі, але падтрымліваць рэжым і яму атрымаецца нейкім чынам яшчэ захаваць свае рэсурсы, у тым ліку рэсурсы ўнутранага кантролю за грамадствам, палітычнага кантролю і ўтрымаць гэтую сістэму.
Але тут ёсць адно але: Украіна не будзе назіральнікам за тым, што адбываецца ў Беларусі.
Будуць пастаўлены адпаведныя ўмовы пасля таго, як украінскія войскі выкінуць расейцаў са сваёй тэрыторыі. Тады ў іх будзе задача забяспечыць свае межы ад пэўных магчымых пагроз, бо пакуль будзе існаваць аўтарытарны рэжым у Беларусі і Расіі, гэта будзе пагроза.
Таму будуць пастаўлены ўмовы, і рэжым Лукашэнкі зможа існаваць, толькі калі ён выканае ультыматум Украіны: адвядзе войскі і будзе выплочваць кампенсацыі і таксама пры гэтым падтрымлівацца Расіяй.
Калі ж у Расіі пачнецца хаос, у Лукашэнкі не будзе вонкавых рэсурсаў адтуль, тады яго рэжым доўга праіснаваць не зможа.
Читайте еще
Избранное