Усаў: «Лукашэнка не сядзе ні за які стол перамоваў»
Што дасць галасаванне за «перамовы па мірнаму выйсцю з крызісу»?
Учора Святлана Ціханоўская заклікала беларусаў прагаласаваць, каб прымусіць улады Беларусі да перамоваў. Што дасць гэта галасаванне і ці варта разлічваць на актывізацыю масавых пратэстаў і перамовы з Лукашэнкам? Эксперты выказваюць розныя меркаванні на гэты конт.
Кіраўнік варшаўскага Цэнтра палітычнага аналізу і прагнозу, доктар палітычных навук, палітычны аналітык Павел Усаў агучыў у эфіры «Еўрарадыё.Live» свае заўвагі да фармату сказанага, і разгледзеў магымыя варыянты далейшага развіцця падзей:
– Мушу прызнацца, больш-менш ведаў адносна таго, што будзе сказана, але той пафас, які быў перад заявай – што нібы сем месяцаў да яе рыхтавалася Ціханоўская разам з камандай, то-бок, тая палітычная інвестыцыя, якая была закладзена, не адпавядала зместу. Ён мусіў быць больш канкрэтны, моцны, як і пасыл – большы шырокі, мацнейшы.
Усё ж такі беларусы чакалі, што будзе прапанавана нейкая канкрэтная, зразумелая стратэгія дзейнасці на 25 сакавіка, зараз пра гэта збольшага ўсе і гавораць. Збольшага чакалі стратэгіі таго, як у бліжэйшы час скінуць сістэму, альбо стратэгіі, так бы мовіць, доўгатэрміновай барацьбы з рэжымам.
Бо мы бачым, што рэвалюцыйнымі вулічнымі пратэстамі скінуць ці паралізаваць сістэму не ўдалося, таму для беларусаў вельмі важна ведаць, што рабіць далей. Але атрымалася як атрымалася. На жаль, заява да канца не адказвае на гэта пытанне і збольшага нагадвае няўдалыя акцыі, звязаныя з абвяшчэннем ультыматуму – шмат хто ўжо зараз параўноўвае гэтую заяву менавіта з ультыматумам 2020 года.
Што тычыцца магчымай інаўгурацыі і прыняцця тытулу прэзідэнта – гэта павінна было быць зроблена летась у верасні, максімум у кастрычніку, калі шмат хто з беларусаў прапаноўваў гэта, а палітычныя колы Захаду былі гатовыя прыняць Ціханоўскую ў гэтым статусе, зазначыў Павел Усаў: «А тут атрымоўваецца, што замест барацьбы з рэжымам Лукашэнкі трэба скіраваць дадатковыя рэсурсы на тое, каб пацвердзіць легітымнасць Ціханоўскай».
– На працягу апошніх некалькіх месяцаў мы задаемся пытаннем, ці выйдуць беларусы на вуліцы 25 сакавіка ці ў весну – у красавіку, траўні – ці не выйдуць. Тым жа пытаннем задаюцца ўлады і рыхтуюцца да гэтага: мы бачым і заявы, і жорсткія прысуды, і нават наўпроставае выкарыстанне войскаў у будучым для падаўлення пратэстаў…
Таксама цяжка адказаць і на пытанне, ці будуць галасаваць беларусы на платформе «Голас», ці не будуць. Напэўна, нейкая частка будзе галасаваць – але ці гэта набярэ масавы характар?
Каб мець нейкі канкрэтны вынік і апеляваць да вынікаў галасавання, у ім павінны прыняць удзел каля 2-2,5 мільёнаў чалавек, бо, нагадаю, выбаршчыкаў у Беларусі – 6,5 мільёнаў, і патрэбна не менш як траціна, лепш, канешне, палова ад агульнай колькасці, каб гэтыя вынікі галасавання былі рэпрэзентатыўныя і на іх можна было б абапірацца.
Калі ўдзел у галасаванні возьме, скажам, адзін і нават паўтара мільёна чалавек – гэта будзе, на жаль, фіяска. Бо гэта не будзе мець моцнага палітычнага значэння і хутчэй згуляе супраць Ціханоўскай: адразу прапаганда Лукашэнкі і ўсе колы, якія гуляюць на ягоным полі, тая ж Расея, адразу заявяць, маўляў, паглядзіце, усё той жа адзін мільён, а гэта не большасць грамадзян… Вось у чым асноўная пагроза, калі казаць пра механізм і вынікі галасавання.
Другое пытанне – што з гэтым рабіць, калі ўдзел у галасаванні, скажам, возьме палова беларускіх выбаршчыкаў. Безумоўна, трэба разумець, што Лукашэнка не сядзе ні за які стол перамоваў, нават калі за іх прагаласуюць 90%. Ён не дзеля гэтага тапіў у крыві беларускі пратэст, і не дзеля гэтага суды зараз саджаюць на гады іх актыўных удзельнікаў, даюць абсурдныя выракі і па факце тэрарызуюць грамадства.
Для Лукашэнкі вынікі галасавання ніякага значэння мець не будуць, і мы вяртаемся да сітуацыі, што беларусы павінны рабіць...
Калі за галасаваннем нават большасці выбаршчыкаў не будуць ісці нейкія практычныя дзеянні, то змусіць улады да нейкага канструктыўнага дыялогу немагчыма.
Палітолаг: «Галасаваньне мае значэньне, як любы крок, які спрыяе мабілізацыі»
Читайте еще
Избранное