Усаў: «Калі б НАТА рыхтавала вайну супраць Расіі, то Украіна была б настолькі моцна ўзброеная, што ніводная ракета не ўпала б на тэрыторыю мірных гарадоў»

Для чаго Лукашэнка працягвае выконваць ролю прэс-сакратара Пуціна, тлумачыць палітолаг Павел Усаў.  

Павел Усаў

— Лукашэнка на саміце Еўразійскага эканамічнага саюзу раскрыў новыя планы «каварнага» НАТА па захопу Беларусі і планы па пачатку вайны супраць Расіі, — распавядае эксперт на сваім Юцюб-канале. — Гэтыя планы, паводле Лукашэнкі, заключаліся ў наступным: перш за ўсё у 20-м годзе НАТА, выкарыстоўваючы электаральную рэвалюцыю ў Беларусі, павінна было б цалкам захапіць нашу краіну і ўвесці сюды неабмежаваны вайсковы кантынгент і размясціць яго фактычна на мяжы з Расіяй.

Пасля чаго другім этапам з’яўляўся пачатак вайны на Данбасе і вызваленне гэтых тэрыторыяў ад акупацыйных войскаў РФ, далучэнне Данецкай і Луганскай абласцёў да Украіны і фарміраванне геапалітычнага выступу на мяжы з Расіяй.

Такім чынам, па сутнасці, павінен быў бы быць сфарміраваны агульны, працягласцю ў некалькі тысячаў кіламетраў, ад Балтыйскага да Чорнага мора, адзіны натаўскі фронт супраць Расіі, пасля чаго павінна была б пачацца Трэцяя сусветная вайна.

Аналітык падкрэслівае, што сутыкненне паміж НАТА і Расіяй азначае пачатак Трэцяй сусветнай вайны, бо і НАТА, і Расія маюць ядзерны патэнцыял, што прывяло б да вынішчэння ўсяго свету і жыцця на зямлі.

— Таму ніводны палітык, акрамя, магчыма, Пуціна і Лукашэнкі, увогуле не разглядае магчымасць выкарыстання ядзернай зброі ў нейкім супрацьстаянні. Тым больш, калі мы паглядзім на тое, як развіваліся эканамічныя і палітычныя адносіны паміж Расіяй і Захадам, нягледзячы на падзеі 2014 года, можна ацаніць іх як даволі канструктыўныя.

Нават пасля 2014 году санкцыі супраць Расіі і расійскага кіраўніцтва былі даволі абмежаваныя. Гандаль працягваўся, як і пастаўкі энергарэсурсаў з Расіі ў Еўропу. І гэтая вайна, як мы назіраем, нікому, акрамя Пуціна, не была патрэбная.

…Пытанне — для чаго Лукашэнка працягвае выконваць ролю прэс-сакратара Пуціна і выказваць абсурдныя рэчы і гіпотэзы, і намагацца іх даказаць.

Павел Усаў нагадаў, што калі пачалася вайна, Лукашэнка даказваў, што ў яго ёсць мапа, на якой бачна, як з тэрыторыі Украіны рыхтаваліся ўдары па Беларусі, а таксама ўвесь час абвяргаў злачынствы, якія рабілі расійскія вайскоўцы і ў Бучы, і ў Ізюме.

Увесь час спасылаючыся на тое, што НАТА рыхтавала вайну, ён перш за ўсё пераследуе адзіную мэту — прапагандысцкую, якая звязаная з тым, каб умацоўваць той прапагандысцкі вобраз Захаду, які зараз намагаецца стварыць і расійская і беларуская прапаганда — падаваць усю Заходнюю Еўропу і Злучаныя Штаты Амерыкі, перадусім НАТА, як спадкаемцаў фашысцкай Нямеччыны, Гітлера.

— І вось той квазі-план, які ён агучыў на саміце Еўразійскага звязу, упісваецца ў парадыгму Другой сусветнай вайны, калі Гітлер распачаў агрэсію супраць СССР нападаючы з аднаго накірунку — з захаду, захопліваючы Украіну, Беларусь, а потым ужо ідучы на Маскву. Беларусь у той час была вельмі важным калідорам, па ёй быў нанесены адзін з самых мацнейшых удараў гітлераўскага вермахту.

Спекулюючы на падзеях Другой сусветнай вайны, намагаючыся надаць НАТА вобраз агрэсіўнага блоку накшталт таго, чым быў нацыстскі вермахт і рэжым Гітлера, узмацніць такім чынам пазітыўны вобраз самога сябе і Пуціна, а таксама нейкім чынам апраўдаць тое, што апраўдаць немагчыма, а менавіта агрэсіўныя дзеянні Расіі, вайну на Украіне.

Павел Усаў адзначае, што застаецца даволі шмат людзей, якія працягваюць верыць у тое, што прапаноўвае іх свядомасці і расійская, і беларуская прапаганда, Пуцін з Лукашэнкам: тое, што Захад — вораг, хоча захапіць Беларусь і знішчыць Расію.

Палітолаг тлумачыць:

— Калі б НАТА рыхтавала вайну супраць Расіі, то Украіна была б настолькі моцна ўзброеная, што ніводная б ракета не ўпала на тэрыторыю мірных гарадоў, і расійскае войска было б разбітае на працягу першага месяца вайны,  і ўкраінцам не прыйшлося б плаціць такога велізарнага кошту.

Былі б ва Украіну пастаўленыя не толькі HIMARS, якіх краіна дачакался толькі праз некалькі месяцаў пасля пачатку вайны, але былі б і пастаўкі ўзмоцненых сістэмаў супрацьпаветранай абароны, тыя ж Patriot, якія НАТА не жадае пастаўляць ва Украіну. 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(14)