Общество
Алесь Дашчынскі, ”Радыё Свабода”

Урочышча Курапаты прыбранае да Дня памяці продкаў

Ва ўрочышчы Курапаты сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ ладзілі талаку напярэдадні Дня памяці продкаў – Дзядоў. Яе ўдзельнікі прыбіралі тэрыторыю Курапацкага лесу – аднаўлялі крыжы, зьбіралі раскіданае гальлё, паваленыя дрэвы, зграбалі леташняе лісьце.

Крыж “Пакутнікам Беларусі”, які быў зламаны вандаламі, адноўлены.

Пакуль няма на месцы паламанай вандаламі гэтак званай “лавы Клінтана”, мэмарыяльнага знаку “Ад народу ЗША народу Беларусі дзеля памяці”. Яе ўзяў на рэстаўрацыю скульптар Алесь Шатэрнік. Чакаецца, што да 1 лістапада яна будзе таксама зноў усталяваная.

На месца талакі некалькі разоў наведваліся міліцыянты.

Намесьнік старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі Юрась Беленькі сказаў:

“Кожную суботу цягам году тут адбываліся талокі. Урочышча прыбранае, крыжы – рэстаўраваныя.

У наступную суботу, пакуль ня выпадзе сьнег, і зь першых цёплых дзён увесну, пастаянна тут адбываецца праца. І па ўсталяваньню новых, і па рамонту, рэстаўрацыі ўжо ўсталяваных крыжоў. Народны мэмарыял даглядаецца і пашыраецца”.

Каля вогнішча ў Курапацкім лесе гутару са старшынём Хрысьціянскай злучнасьці Курапаты Вацлавам Нямковічам. Ён распавёў, як адзначаюцца Дзяды:

“Хадзілі ў храм, маліліся. Прыходзілі дахаты, рыхтавалася вячэра з 12-ці патраў. Як сьцямнее, усе сядалі за стол, адкрывалі фортку ці дзьверы, запрашалі дзядоў за гэты стол. За кожнага памерлага ў гэтай хаце ставілі сьвечку. Былі такія тры тосты – за нашых дзядоў, якія памерлі ў гэтай хаце. Другі тост быў за дзядоў той мясцовасьці, а трэці – за тых, хто загінуў за абарону роднага краю”.

Аліна Дуброўская кажа, што на Дзяды прыходзіць ва ўрочышча Курапаты:

“Для мяне гэта сьвяты абавязак сюды прыехаць.Тут лунае асаблівы дух”.

Спадарыня Ліля Шымко мяркуе, што яе дзед таксама пахаваны ў Курапатах:

“Я адзначаю Дзяды тут, у Курапатах. Мы самі прыходзім, але ўсё ж стараемся й шэсьцем, калі яно заплянавана. Мы прыходзім, каб ушанаваць памяць нашых продкаў, якія паклалі тут свае нявінныя галовы”.

Сябра КХП Уладзімер Юхо сказаў:

“Па-першае, ідуць на могілкі, прыбіраюць, кладуць кветкі, моляцца, расказваюць як пражылі гэты год. Просяць у дзядоў спагады на наступны год. Мы, напрыклад, праводзім у Курапатах ужо амаль 20 гадоў Дзяды. Калі цяжка, я тут жыву ў “Зялёным лузе”, то я заўсёды прыходжу сюды, памалюся каля Крыжа “Пакутнікам Беларусі”. Я іду адсюль з новымі сіламі”.

Надзея таксама брала ўдзел у талацэ. Як яна будзе адзначаць Дзяды?

“Традыцыйна прыходзім на шэсьце ў Курапаты на Дзяды. Тут агульна памінаем нашых продкаў. Са зьнічкамі, з кветкамі прыходзім”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)