Филин

Ірына Марозава

Урач: «Пра аднаўленне колькасці лекараў і медсёстраў казаць пакуль не выпадае»

Экс-кіраўнік медыцынскай службы Дэпартаменту выканання пакаранняў МУС, сузаснавальнік арганізацыі «Урачы за праўду і справядлівасць» (Вільня) Васіль Завадскі распавёў у інтэрв’ю Філіну, ці хопіць беларускім уладам аднаго толькі грашовага стымулу, каб утрымаць медыкаў у Беларусі.

Васіль Завадскі. Фота з асабістага архіву

Тыдзень таму пасля нарады ў Аляксандра Лукашэнкі міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч анансаваў павышэнне заробкаў беларускіх медыцынскіх работнікаў. Пазней быў апублікаваны і адпаведны ўказ — з 1 ліпеня з’явіцца надбаўка за працу ў сферы аховы здароўя, памер якой «будзе ўсталёўвацца дыферэнцыянавана, у залежнасці ад складанасці і інтэнсіўнасці выконваемай працы».

Найбольш высокі яе памер, тлумачаць чыноўнікі, прадугледжаны для ўрачоў і медсёстраў аддзялення анезестыялогіі і рэанімацыі, участковай службы, прыёмных аддзяленняў бальніц, хуткай меддапамогі і аддзяленняў для пацыентаў з інсультамі.

Удзячнасць, якую загадзя выказаў міністр (ён назваў надбаўку «падарункам ад Лукашэнкі», які трэба будзе адпрацаваць), выглядае досыць дзіўнай, калі ўлічыць, што паралельна адмяняюцца «кавідныя» выплаты і ў цэлым зніжаюцца заробкаў медыкі. А дэфіцыт кадраў, наадварот, расце: на сярэдзіну чэрвеня па краіне патрабуецца звыш 3 900 урачоў і каля 3 400 медсёстраў.

Дый нядаўнія гучныя «справа артапедаў» і «паляванне» на камерцыйныя медыцынскія цэнтры аптымізму наконт стану спраў у сферы ахоўя здароўя не дадаюць. Няўжо беларуская вертыкаль дагэтуль верыць, што можна палепшыць становішча, «падкінуўшы» медыкам грошай?

— Сапраўды, так прагучала з вуснаў міністра, што гэта падарунак прэзідэнта, — каментуе Філіну сітуацыю былы кіраўнік медслужбы Дэпартаменту выканання пакаранняў МУС РБ, урач і праваабаронца Васіль Завадскі. — Падобныя заявы не першы раз чуваць ад чыноўнікаў.

Як быццам  Лукашэнка дастаў свае ўласныя грошы і «з барскага пляча» даў іх некаму іншаму. Зразумела, што насамрэч гэта бюджэтныя грошы.

Згодны, што гэта яскрава характарызуе менталітэт нашых чыноўнікаў, якія прывыклі ўсё вымяраць грашыма. Таму ў 2020-м годзе яны не маглі зразумець, што людзі выйшлі на пратэст супраць гвалту і беззаконня не за грошы — добра помню адзін з лозунгаў «Я ненавіджу цябе бясплатна». І цяпер захоўваюць такі самы падыход і да справы, і да жыцця ўвогуле.

Што да цяперашніх зменаў у заробках медыкаў — я не бачыў яшчэ ўсіх дакументаў на гэты конт, але за свой прафесійны і жыццёвы шлях перажыў ужо столькі так званых «падвышэнняў», калі гучна абвяшчаюць, што дадаюць, але пры тым не кажуць, што забіраюць. У дадзеным выпадку, праўда, абазначылі, што кавідныя даплаты будуць адменены.

А дыферэнцыяваныя надбаўкі за складанасць і інтэнсіўнасць працы медработнікаў — гэта зусім не ноў-хаў. Ужо даўно існуюць даплаты, калі людзі выконваюць, да прыкладу, складаныя высокатэхналагічныя аперацыі, ці працуюць у больш жорсткіх умовах.

Тобок, мне здаецца, што ўлады хочуць зрабіць такую добрую міну пры не вельмі добрай гульні. Пабачым, як складзецца сітуацыя на практыцы.

Але я амаль упэўнены, што дадуць 10 рублёў, а забяруць — добра, калі не 11 рублёў, а толькі 9. Бо і такое бывала, што ў выніку заробкі зніжаюцца.

Ці можа рэжым утрымаць кваліфікаваныя медыцынскія кадры адно толькі грашыма? Васіль Завадскі ўпэўнены, што не:

— Медыцына — гэта не гандаль (хай мне даруюць прадаўцы), не сфера абслугоўвання, куды можна, умоўна, з вуліцы ўзяць людзей і за які месяц навучыць іх працаваць. Якія грошы сёння не дай — па-першае, кадры не з’явяцца ніадкуль.

А па-другое, мы бачым сітуацыю з адтокам кадраў пасля 2020 года, і хоць няма на гэты конт адмысловых даследаванняў, але па маіх назіраннях, сыходзяць і з’язджаюць якраз высокакваліфікаваныя спецыялісты, урачы са стажам працы.

Вось адзін з прыватных, аднак, на жаль, тыповых сёння выпадкаў: мой знаёмы медык, якому ўжо каля 50 гадоў і які адбыўся ў Беларусі як спецыяліст, з’язджае ў Германію, бо не бачыць магчымасці працягваць працу тут. І яго не пужае, што давядзецца пацвярджаць свой дыплом, прайсці пэўныя іспыты…

Я ведаю нямала ўстаноў, дзе займаюцца ў тым ліку медыцынскай навукай і адкуль адмыслоўцы вымушаныя былі звольніцца, самі альбо з-за ціску, легендарнага «вы ж самі ўсё разумееце».

І як распавядаюць мае калегі, тым спецыялістам, якія пэўным чынам праявілі сябе пасля жніўня 2020-га, папросту не працягваюць кантракт — хоць гэта людзі вельмі аўтарытэтныя, кваліфікаваныя і паважаныя сярод пацыентаў.

У цяперашніх умовах, кажа суразмоўца, падвышэнне заробку медыкам, якім бы істотным яно ні было, не зможа палепшыць сітуацыю з дэфіцытам кадраў — нават у доўгатэрміновай перспектыве.

— Ці можна яе змяніць і ўтрымаць лекараў украіне, альбо, як кажуць сантэхнікі, «тут усю сістэму мяняць трэба»?

— Я б сказаў, як медыкі: тут патрэбнае аператыўнае лячэнне, — зазначае Васіль Завадскі. — Пры цяперашнім рэжыме я не бачу магчымасцяў утрымаць медыкаў.

Канешне, у медыцынскія ВНУ людзі будуць ісці, конкурс будзе. Але пра аднаўленне колькасці лекараў і медсёстраў казаць пакуль не выпадае: нават пры самых аптымальных варыянтах гэта перспектыва больш як 5 гадоў, пакуль вывучацца студэнты і з’явяцца новыя медыкі. А каб яны сталі насамрэч кваліфікаванымі спецыялістамі, адмыслоўцамі — яшчэ дадайце гадкоў 10.

Агулам жа без змены стаўлення да людзей, без павагі да іх (і гэта датычыць не толькі медычнай сферы) нічога не зменіцца. Без гэтага немагчыма нармальнае развіццё. Адзіная мая надзея палягае ў тым, што зменіцца рэжым — і тады, безумоўна, не ўсе, але многія мае калегі вернуцца ў Беларусь.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(14)