Общество
Алёна Германовіч, naviny.by

Упершыню за 17 гадоў грамадзяніна Беларусі пакаралі за абразу роднай мовы

Упершыню, пачынаючы з 1999 года, у Беларусі быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці грамадзянін, які абражаў родную мову, чым парушыў артыкул 9.22 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (парушэнне заканадаўства аб мовах).

Дзмітры Шчарбатых. Фото са старонкі vk.com/mozyr

Пакарання для жыхара Мазыра Дзмітрыя Шчарбатых, які ў інтэрнэце неаднаразова зняважліва выказваўся пра беларускую мову, дамогся жыхар Гомелю Ігар Случак. Ён піша магістэрскую дысертацыю на тэму «Прававыя асновы дзяржаўнай моўнай палітыкі ў Рэспубліцы Беларусь», таму, апроч адстойвання нацыянальных каштоўнасцяў, юрыдычная частка канфлікту яму была цікавая як частка яго навуковай працы.

Ігар Случак. Фото belngo.info

Разборкі, якія скончыліся адміністрацыйным пакараннем — штрафам у памеры чатырох базавых велічынь, пачаліся з каментару былога супрацоўніка сайту Offside.by, жыхара Мозыра Дзмітрыя Шчарбатых на адной са старонак у сацыяльных сетках. Там абмяркоўваўся новы білборд ФК «Славія» (Мазыр) з надпісамі на беларускай мове.

Дзмітры Шчарбатых пакінуў на старонцы абразлівы ў бок роднай мовы каментар.

«Я прапанаваў чалавеку выбачыцца, але ён зрабіў выгляд, што дрэнна разумее беларускую мову і выбачацца не стаў, хоць і скончыў ВНУ», — паведаміў БелаПАН Ігар Случак.

Тады ён звярнуўся ў Мазырскі райвыканкам з просьбай прыцягнуць да адказнасці жыхара Мазыра па артыкулу 9.22 КаАП — парушэнне заканадаўства аб мовах, за публічную абразу беларускай мовы.

З выканкаму прыйшоў адказ, што з грамадзянінам праведзена прафілактычная гутарка, і «ён усвядоміў свае неправамерныя паводзіны і запэўніў у недапушчальнасці здзяйснення падобных дзеянняў у далейшым».

Такі адказ не задаволіў Случака. «Я зноў прапанаваў Дзмітрыю Шчарбатых выбачыцца, і ён зноў адмовіўся, і пачаў зняважліва выказвацца ў мой бок. Гэта гаворыць, што ён не «ўсвядоміў свае неправамерныя паводзіны». Таму я звярнуўся ў пракуратуру», — дадаў жыхар Гомелю.

Пракуратура дала некалькі адказаў, як і райвыканкам, і ўсё-такі ў выніку жыхар Мазыра быў пакараны штрафам.

Запыт Ігара Случака у Інфармацыйны цэнтр МУС паказаў, што з 1999 году грамадзяне не прыцягваліся да адказнасці па артыкуле 9.22 КаАП.

«Юрыдычная рэалізацыя гэтага пытання — прыцягненне да адказнасці за абразу мовы, пакуль не дапрацаваная. На маю думку, і зыходзячы з практыкі прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне заканадаўства аб мовах, неабходна пашырыць колькасць суб’ектаў, якія маюць права складаць пратакол аб адміністрацыйным парушэнні. Паколькі пытанне парушэння моўных правоў даволі складанае і патрабуе спецыяльных ведаў, а складанне пратаколаў аб правапарушэннях і наогул абароны парушаных правоў не з’яўляецца асноўнай дзейнасцю выканкамаў, гэта выклікае ў сваю чаргу не заўсёды правільнае тлумачэнне нормаў, з якімі выканкам сутыкаецца рэдка, што ў сваю чаргу вядзе або да спынення адміністрацыйнай справы, альбо яе зацягвання да такога моманту, калі выходзяць тэрміны прыцягнення да адказнасці. Выканкамы аб’ектыўна не вельмі добра падрыхтаваны для хуткай і якаснай працы з парушэннямі заканадаўства аб мовах», — пракаментаваў Ігар Случак.

Яго прапановы аб удасканаленні заканадаўства праходзілі разам з усёй дыпломнай работай рэцэнзію ва Упраўленні юстыцыі Гомельскага аблвыканкама і атрымалі добрую адзнаку. Таму, лічыць грамадскі актывіст, варта ўздымаць гэтае пытанне перад дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў.

Случак дадае, што ў жыхара Мазыра Дзмітрыя Шчарбатых гэта была не першая абраза роднай мовы публічна, і як доказ прадстаўляе скрыншоты з розных старонак у сацыяльных сетках і на форумах, дзе той неаднаразова зняважліва пісаў пра беларускую мову.

«Трэба спачатку прапанаваць чалавеку выбачыцца, растлумачыць, што ён не мае рацыі, а пасля звяртацца ў органы, якія мусяць пакараць чалавека, калі ён не разумее, што абражаць нацыянальныя мовы нельга. Прэцэдэнт створаны, і спадзяюся, што тыя, хто любяць пісаць зняважліва пра мову, зараз крыху супакояцца», — падагульніў Случак.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)