Политика
Ян Буян

Упершыню за 15 год прэзыдэнт ЗША зрабіў зварот з нагоды 25 Сакавіка

Сёння быў распаўсюджаны зварот прэзыдэнта Злучаных Штатаў Амэрыкі Джорджа Буша з нагоды 88-х угодкаў утварэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. Апошнім разам аналягічны зварот рабіў ягоны бацька, Джордж Буш-старэйшы ў 1991 годзе.

"Я вітаю ўсіх тых, хто працуе на карысьць вяртаньня свабоды і адзначае 88-я ўгодкі першай спробы ўсталяваць незалежнасьць Беларусі, — гаворыцца ў звароце прэзыдэнта ЗША. — Свабода — гэта права, якое даецца кожнаму чалавеку па нараджэньні і дае пастаянную надзею ўсяму чалавецтву. Прага справядлівасьці, свабоды, павагі да правоў чалавека і надзейнага ды рэпрэзэнтатыўнага ўраду, зьяўляецца унівэрсальнай. Нацыі разьвіваюцца тады, калі таленты і свабоды квітнеюць, а не тады, калі яны падаўляюцца. Урады могуць натхніць грамадзтва і надаць уладу грамадзянам толькі праз захаваньне законнасьці, абмежаваньне ўлады дзяржавы, правядзеньне свабодных і справядлівых выбараў ды павагі да правоў усіх людзей.

Я з павагай стаўлюся да тых, хто працуе на карысьць вяртаньня свабоды ў Беларусі. Думкі нашай нацыі знаходзяцца з тымі, хто перасьледаваўся, быў затрыманы, кінуты ў турмы і зьбіты за свае намаганьні. Злучаныя Штаты асуджаюць дзеяньні беларускіх службаў аховы парадку раніцай 24 сакавіка і заклікаюць усіх сяброў міжнароднай супольнасьці далучыцца да нас і асудзіць любыя злоўжываньні, а таксама патрабаваць ад беларускіх уладаў паважаць права ўласных грамадзянаў мірна выказваць свае меркаваньні. Злучаныя Штаты Амэрыкі будуць і надалей падтрымліваць народ Беларусі і тых, хто дапамагае Беларусі заняць належнае месца ў дэмакратычнай судружнасьці".

Цікава, што папярэдні такі зварот датуецца аж 1991 годам, і рабіў яго Джордж Буш-старэйшы. Пасьля таго, як да ўлады прыйшлі дэмакраты на чале з Білам Клінтанам, гэтая практыка была прыпынена. Не рабіў зваротаў з нагоды 25 Сакавіка ў першыя гады свайго прэзыдэнцтва і Джордж Буш-малодшы. Але цяпер сітуацыя зьмянілася.

Выглядае, што у гэтым накірунку добра папрацавалі сябры Рады БНР, якія лабіруюць беларускія справы ў ЗША. Аднак імаверна, што канчатковае рашэньне адносна звароту Джордж Буш прыняў, дзякуючы тым прыхільнікам дэмакратыі, якія апошнімі днямі ладзілі акцыі пратэсту, што мелі вялікі розгалас у сьвеце.

Як адзначае намесьнік старшыні Рады БНР Сяргей Навумчык, згодна існуючай практыцы такія звароты звычайна з'яўляюцца за некалькі дзён да ўласна падзеі. Аднак цяперашні зварот быў распаўсюджаны літаральна сёння. Падобна, што прэзыдэнт ЗША быў уражаны існаваньнем наметавага гарадка і яго ганебным штурмам. У выніку Буш прыняў рашэньне пра неабходнасьць звароту. І не толькі звароту.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)