Унікальны выпадак у свеце: пандэмія, а наша Мінздароўя больш за месяц не адказвала на пытанні

Сёння 28 мая, а апошні раз брыфінг у Міністэрстве адбыўся 24 красавіка, падкрэслівае Наша Ніва.

Тады намесніца міністра Алена Богдан зачытала падрыхтаваную інфармацыю і адмовілася адказваць на пытанні карэспандэнтаў. Гэта таксама быў адзіны дзень, калі прадстаўніца Мінздароўя публічна прынесла спачуванні сем'ям памерлых ад эпідэміі.

Перад тым прэс-канферэнцыя адбылася 17 красавіка з удзелам міністра аховы здароўя Уладзіміра Караніка. Падчас яе міністр і яго калегі прыкладна 45 хвілін выступалі з уступнымі словамі, пасля чаго каля 10 хвілін адказалі на некалькі пытанняў журналістаў — пры гэтым выбіралі самі, хто можа задаць пытанні.

Тая прэс-канферэнцыя скончылася пратэстамі. Сын памерлага ў Барысаве фельчара звінаваціў міністра ў хлусні наконт яго бацькі. Міністр заявіў, што ў прычыне смерці гэтага медработніка яшчэ трэба разабрацца, на што сын прадэманстраваў пасведчанне аб смерці таты з пазначаным у ім COVID-19.

Акрамя таго, журналісты выявілі, што названыя міністрам Каранікам лічбы хворых па раёнах Віцебскай вобласці ў разы разыходзяцца з колькасцю, абвешчанай у той жа дзень мясцовымі ўладамі.

У большасці еўрапейскіх краін у час пандэміі ўпаўнаважаныя асобы санітарных службаў штодзённа інфармавалі грамадскасць пра сітуацыю. У многіх краінах кіраўнікі ведамства рабілі гэта асабіста. Статыстыка, у тым ліку па раёнах, не складае ў іншых еўрапейскіх краінах таямніцы.

Па афіцыйных звестках, па стане на 28 мая ў Беларусі зафіксавана без малога 40 тысяч выпадкаў каранавіруса. Па інфармацыі НН, бальніцы многіх гарадоў краіны застаюцца практычна цалкам запоўненыя хворымі на COVID-19.

Як можна зрабіць выснову, супастаўляючы наяўныя звесткі, у большасці раёнаў краіны колькасць пнеўманій нашмат, часам у дзясяткі разоў, перавышае як звычайныя для гэтага сезона паказчыкі, так і афіцыйна зарэгістраваную колькасць выпадкаў каранавіруса.

Апошнія афіцыйныя звесткі пра загружанасць бальніц і колькасць шпіталізаваных пацыентаў з пнеўманіяй прагучалі амаль месяц назад, 2 мая — тады іх было 12 800. Усе наступныя дні колькасць выяўленых выпадкаў каранавіруса перавышала колькасць вылечаных хворых. Гэта азначае, што цяпер такіх пацыентаў у бальніцах нашмат больш.

Тры месяцы з каранавірусам. 10 фактаў пра COVID-19 у Беларусі

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 5 (оценок:37)