Скандалы

Уначы невядомыя часова захапілі тэлеграм-канал «Нашай Нівы»

Уначы зламыснікі часова атрымалі доступ да тэлеграм-канала «Нашай Нівы», узламаўшы акаўнты трох супрацоўнікаў, у тым ліку намесніка галоўнага рэдактара Змітра Панкаўца.

Такія спробы ўзлому адбываюцца другую ноч запар — прыблізна а 3-й ночы работнікі «НН» атрымліваюць паведамленні аб спробе ўзлому.

Захопленыя акаўнты рэдактараў змянілі назву канала на непрыстойную, выдалілі ўсе навіны за 25 сакавіка і пачалі блакаваць падпісчыкаў. Яны паспелі выдаліць каля 1300 падпісчыкаў, пакуль адміністратар «НН» не вярнуў сабе кантроль над каналам.

Наша Ніва просіць чытачоў пераслаць паведамленне сваім сябрам і закінуць у чаты і свае каналы, каб людзі, якіх зламыснікі выкінулі з канала, маглі ўбачыць інфармацыю і вярнуцца да канала.

Ці маглі ўзломшчыкі атрымаць персанальную інфармацыю падпісчыкаў? Не, яны бачылі толькі імя акаўнта і выдалялі карыстальнікаў адзін за адным.

Аднак магчыма, што зламыснікі завалодалі ўсімі перапіскамі Змітра Панкаўца. Гэта важна ведаць тым, хто нешта абмяркоўваў з імі у прыватнай перапісцы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(5)