Общество
Аляксандар Старыкевіч

Уладзімер Арлоў выдаў “Энцыкляпедыю Свабоды”

Пабачыла сьвет новая кніга Ўладзімера Арлова “Імёны Свабоды”. Сярод намаляваных аўтарам гістарычных партрэтаў — і постаць журналісткі “Салідарнасці” Веранікі Чаркасавай, забітай тры гады таму.

Ня дзіва, што для прэзэнтацыі гэтай кнігі ў Менску не знайшлося ніводнай залі, акрамя добра вядомай, на Варвашэні (пр.Машэрава), 8. У сядзібе БНФ у той вечар вольнага месца не знайшлося б нават гарошыне, ня кажучы ўжо пра яблык. А чарга да Арлова, які падпісваў свае кнігі, дасягнула такіх памераў, што паміж волі згадваліся часы гарэлачнага дэфіцыту (тым больш што побач месьціцца фірмовая крама “Крышталю”).

“Імёны Свабоды” складаюцца з 261 гістарычнага партрэту герояў беларускай свабоды. Гэта не манументальныя творы, а кароткія занатоўкі. Кожнаму персанажу адведзеныя літаральна некалькі абзацаў, у якія, аднак, Арлоў пасьпявае ўкласьці больш зьместу, чым іншыя аўтары — у вялізныя тамы.

Найбольш трапнае вызначэньне “Іменам Свабоды” даў Аляксандар Лукашук. У прадмове да гэтай кнігі кіраўнік Радыё Свабода назваў яе “энцыкляпедыяй любові да радзімы, волі й незалежнасьці”.

Цяпер пра нашых герояў, акрамя тысячаў суайчыньнікаў, пэўна, даведаецца і эўракамісар у пытаньнях замежных сувязяў і палітыкі добрасуседзтва Бэніта Фэрэра-Вальднэр, якая таксама атрымала ў падарунак “Імёны Свабоды”. І, верагодна, гэтая кніга лепш за словы палітыкаў патлумачыць ёй, чаму за Беларусь варта змагацца. Прымаючы падарунак ад журналіста Радыё Свабода Аляксандра Ўліцёнка, спадарыня Фэрэра-Вальднэр сказала, што гэта будзе першая кніга, выдадзеная на постсавецкай прасторы, якую яна прачытае на мове арыгіналу, на беларускай мове.

У гэтай энцыкляпедыі сярод іншых згаданае імя Веранікі Чаркасавай, журналісткі “Салідарнасці”, якую зьвяры ў чалавечым абліччы забілі 20 кастрычніка 2004 году. Злачынства дагэтуль не раскрытае.

“Мы зь ёй ня былі блізка знаёмыя, але за некалькі тыдняў да зьверскага забойства Вераніка брала ў мяне інтэрвію пра беларуска-расейскія дачыненьні ў гістарычнай рэтраспектыве, — піша Арлоў. — Дагэтуль памятаю дакладныя й не заўсёды “камфортныя” пытаньні, скажам, пра нязводную веру часткі нашых продкаў у добрага маскоўскага цара. Мой нумар тэлефону знайшлі ў яе нататніку, і я апынуўся на допыце.

Сьледчы пацікавіўся маёй вэрсіяй трагедыі. “Мяркую, што прычына — прафэсыйная дзейнасьць”, — адказаў я. — “Напрыклад?” — “Напрыклад, публікацыі кшталту “КДБ усё яшчэ сочыць за табой”. Сьледчы забегаў па кабінэце, пераконваючы мяне, што забойства — самая банальная “бытавуха”, якую яны хутка раскрыюць.

Вярнуўшыся дадому, я зьняў з паліцы тэчку з публікацыямі Чаркасавай. Сабраныя разам, яны ператвараліся ў своеасаблівы гіпэртэкст, дзе адлюстравалася ўся наша найноўшая гісторыя — зь яе перамогамі, трансфармаванымі ў паразы, і паразамі, якія дзіўным чынам запальвалі сьвятло ў канцы тунэлю...

Героямі Веранікі былі дэпутат Вярхоўнага Савету Сяргей Навумчык, вядомы ва ўсім сьвеце беларускі мастак з Беласточчыны Лёнік Тарасевіч, геніяльны майстар Сьцяпан Яфімчык, які стварыў адзіны на плянэце цалкам драўляны, прычым “жывы”, а не дэкаратыўны гадзіньнік...”

“Імены Свабоды” выйшлі ў сэрыі “Бібліятэка Свабоды”. Як пазначана ў анатацыі, “кніга можа служыць дапаможнікам для напісаньня раманаў, здыманьня фільмаў, абароны дысэртацыяў, зьмены назваў плошчаў ды інш.”

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)