Общество

«Улады ў Стоўбцах паспрабавалі супакоіць усхваляваную грамадскасць. Атрымалася як заўсёды»

Тыдзень таму краязнавец Валер Дранчук распавёў, што пад Стоўбцамі знішчылі брукаванку. Улады паспрабавалі апраўдацца: гэта не той кавалак дарогі, што ахоўваецца дзяржавай як помнік архітэктуры, а іншы. Журналіст Дзмітрый Гурневіч пракаментаваў сітуацыю.

– Улады ў Стоўбцах паспрабавалі супакоіць усхваляваную грамадскасць. Атрымалася як заўсёды, – піша Гурневіч. – У віры падрыхтоўкі да абласных «Дажынак», каб зрабіць «красоту», каля гораду знішчылі брукаванку і пакладуць там асфальт. Начальнік мясцовага ДРБУ кажа, цяпер у Стоўбцах павысіцца дарожная бяспека і стане цішэй.

Знішчаны ўчастак брукаванкі пад Стоўбцамі

Без знішчэння кіламетру старога гасцінца, трэба разумець, машыны б куляліся бы яблыкі па шыферу, а шум давёў бы мясцовых да Навінак. Абурэнне эстэтаў начальнік называе шуміхай, якая не мае пад сабою падстаў.

У яго ёсць аргумент: працаўнікі знішчылі не той фрагмент брукаванкі, які лічыцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, а іншы брукаваны кавалак перад тым адрэзкам. Адчулі, як усім адлягло? А між тым, знішчаны кавалак большы за той, што абвешчаны «каштоўным».

Усё гэта нагадала мне візіт аднаго харошага чалавека ў сельсавет адной з вёсак раёну, каб давесці да ладу габрэйскія могілкі, дзе стагоддзямі хавалі мясцовых людзей і дзе дагэтуль ляжаць старажытныя валуны з надпісамі. Чалавеку адказалі, што ніхто займацца гэтым не будзе, бо «могілкі не на балансе сельсавета».

У мяне ажно сківіца пачала варушыцца, калі я пра гэта пачуў. Дык б…., пастаўце на баланс. Могілкі гінуць.

Нікому не хапіла мазгоў, каб сабрацца, паглядзець на тую брукаванку і сказаць: не, ну давайце мы і гэты кавалак захаваем, далучым да зоны аховы, ці проста пакінем, бо ў нашым раёне староцця і гістарычных перлінаў тры з паловай штукі на паўсотню кароўнікаў.

Затое хапіла фантазіі (бо на мазгі няма ўжо спадзявання), каб пасля знішчэння брукаванкі сабраць у Стоўбцах нейкую шоблу камуністаў і паўдня з вясёлымі, а часам трывожнымі тварамі (так на фотасправаздачы), асуджаць палякаў за будаўніцтва сцяны ў Белавежскай пушчы і ўручаць адзін другому драўляных зуброў у якасці падарункаў.

«Как противостояние таким действием поляков столбчане отправили 3092 подписи в ЮНЕСКО и Совет Европы», — піша раёнка. А брукаванка? Х… з ёю, яна ж не на балансе.

Кажуць, на тым кіламетровым адрэзку ямкі і нязручна ездзіць. Матачка Боская. Гэта краіна, якая славіцца дарогамі і тэхнічнай адукацыяй. Дык вазьміце і адрэгулюйце так, каб не было ямак, пастаўце знак, каб лесавозы не насіліся там як шалёныя.

Нядаўна я катаўся па чэшскім Нацыянальным парку «Шумава», там ёсць адрэзак брукаванкі (мо 10 км) паміж вёскамі. Вам не перадаць, як мяне трэсла і потым усё балела. Але я разумею, што людзі вырашылі захаваць гэты кавалак для наступных пакаленняў чэхаў. І аўтобусы там ездзяць, і машыны — проста не так хутка.

Разумею, немагчыма пакінуць брукаванку паўсюль, бо людзям дыскамфортна так жыць. Але ў чым праблема, каб пакінуць пару кіламетраў на цэлы раён? У Налібаках некалі ўсе вуліцы былі брукаваныя, цяпер застаўся лапік каля 100-200 метраў на водшыбе.

Усе апошнія гады я хадзіў туды кожны раз, калі прыяжджаў. Дзеці каталіся па бруку на ровары і калі іх падтрасвала, то яны наўмысна крычалі «аааа», каб потым рагатаць з гуку.

А я разглядаў колеры камянёў, рабіў іх здымкі на фоне рачулкі, параўноўваў, як камяні абчасаныя і ўзгадваў імёны тых, хто гэты брук клаў, бо аднаго застаў жывым. А імёны тых людзей, якія прымаюць такія рашэнні, хочацца як мага хутчэй забыць і ніколі не ўзгадваць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(22)