Улады Таронта адмовіліся вывесіць бел-чырвона-белы сьцяг на ратушы
Гарадзкая ўправа Таронта адмовіла беларусам Канады вывесіць бел-чырвона-белы сьцяг у гонар стагодзьдзя БНР. Згуртаваньне беларусаў Канады прасіла ўлады сталіцы рэгіёну Антарыё вывесіць нацыянальны сьцяг 25 сакавіка.

Нацыянальны сьцяг над ратушай Таронта
Традыцыя вывешваньня нацыянальнага сьцягу ў Таронта сягае 1973 году. Тады прадстаўнікі беларускай эміграцыі ў Канадзе Кастусь Акула і Раіса Жук-Грышкевіч зьвярнуліся да ўладаў гораду з просьбай падтрымаць беларусаў і вывесіць у гонар БНР бел-чырвона-белы сьцяг на сядзібе мэрыі.
— 30 зь нечым гадоў мэрыя сама вывешвала беларускі сьцяг, нават без нагадваньня беларусаў. Але недзе 10 гадоў таму ўсё спынілася, — распавёў Свабодзе кіраўнік канадзкага сэктару Рады БНР Аляксандар Кот.
Паводле яго, беларуская грамада яшчэ ў другой палове 2000-х зьвярталася ў мэрыю з пытаньнем, чаму сьцяг больш не вывешваецца. Адказ уладаў засмуціў канадзкіх беларусаў.
— Нам заявілі, што ў мэрыі новы парадак. Вывешвацца могуць толькі тыя сьцягі, якія прадстаўленыя ў ААН або зарэгістраваныя, — гаворыць Аляксандар Кот.
Але напярэдадні 100-годзьзя БНР прадстаўнікі беларускай дыяспары вырашылі ўсё ж паспрабаваць і дамовіцца зь мясцовымі ўладамі, каб аднаразова, з нагоды юбілею, вывесіць сьцяг.
— Мы пайшлі цэлай дэлегацыяй. Узялі кнігу «Краіна Беларусь», ручнік з арнамэнтам, вышыванку з нацыянальным колерамі. Але нам кажуць — пішыце заяву ва ўстаноўленым парадку. Мы напісалі і ўсё патлумачылі, што такое БНР. Распавялі, што «Пагоня» прызнаная і ў Беларусі, і што сьцяг — гэта нацыянальны сымбаль, сьцяг БНР. Мы былі гатовыя ўзьняць яго пад гімн і згарнуць. Але ўсё роўна была адмова, — кажа Кот.
Дамагчыся вывешваньня бел-чырвона-белага сьцягу ў іншых гарадах Канады ня ўдасца, паколькі ўлады разглядаюць заяўку роўна месяц.
З нагоды 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці БНР у Таронта адбудуцца сьвяточныя мерапрыемствы з удзелам беларускай дыяспары, у тым ліку канцэрт.
11 сакавіка юбілей БНР беларусы Канады адзначаць у сядзібе парлямэнту ў Атаве.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное