Общество
Кастусь Матушыч, «Наша Ніва»

Улады прыдумалі спосаб забіраць кватэры ў старых

Дзяржаўныя СМІ рэкламуюць рэнтныя адносіны. Раней старых людзей прымалі ў домах-інтэрнатах і не забіраючы іхніх кватэр.

Перад Новым годам, падчас наведвання дома-інтэрната для ветэранаў вайны і працы «Світанак» Аляксандр Лукашэнка адобрыў стварэнне новай сацыяльнай схемы, так званых рэнтных адносінаў з дзяржавай.

Рэнтныя адносіны існавалі ў Беларусі і раней. Самотная бабуля можа адпісаць кватэру свайму суседу, а той абавяжацца даглядаць пенсіянерку. А калі бабулі не стане, атрымае кватэру.

Згодна з Грамадзянскім кодэксам, заключацца рэнтная дамова можа толькі між пенсіянерам і фізічнымі асобамі. Цяпер дзяржава вырашыла фізасобаў замяніць сабой: увесці манаполію на заключэнне рэнтных адносінаў. Дзяржаўныя СМІ з уласцівай ім бадзёрасцю рэкламуюць такое ноу-хау.

«Сціплая аднапакаёвая кватэра ў сталічным 9-павярховіку. Нізкія столі і вузкая лесвічная клетка. Усё самае дарагое за 75 гадоў жыцця Таісія Васільеўна змагла змясціць на трыццаці трох квадратных метрах. Выйшаўшы на пенсію, былы інжынер засталася сам-насам з уласнай жылплошчай. Знайсці выхад з жыллёвага ступару дапамаглі сацработнікі: у абмен на старую кватэру яны прапанавалі састарэлай жанчыне пажыццёва грашовую дапамогу, а таксама магчымасць пераехаць у пакой у спецыяльным інтэрнаце...», — такі рэпартаж паказалі на тэлеканале СТВ.

Якія ж варыянты хоча прапанаваць дзяржава?

Як паведамілі ў Мінгарвыканкаме, іх два. Адзінокія пенсіянеры жывуць на сваёй кватэры, якая пераходзіць да дзяржавы толькі пасля іх смерці. А да гэтага сацыяльныя работнікі павінны даглядаць пенсіянера, ім будзе выплачвацца грашовая дапамога (у дадатак да пенсіі).

Альбо другі варыянт: састарэлы чалавек пераязджае ў дом-інтэрнат, дзе ён забяспечваецца ўсім неабходным. А кватэра ў гэты час можа здавацца са згоды ўласніка. Грошы ж будуць паступаць у бюджэт краіны. І ў гэтым выпадку толькі пасля смерці пенсіянера кватэра пяройдзе да дзяржавы.

Згодна са згаданым рэпартажам СТВ, з чатырох тысяч апытаных пенсіянераў 600 гатовыя да такога абмену. Што рабіць іншым, хто хоча пераехаць у інтэрнат і пакінуць кватэру? Адказу на гэтае пытанне чыноўнікі не змаглі даць. Дакументы, якія дазваляюць дзяржаве сёння працаваць па такой схеме, яшчэ не прынятыя. Міністэрства працы і сацыяльнай абароны і Камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама толькі перадалі іх на разгляд ва ўрад. Але разлічваюць, што папраўкі ў заканадаўстве запрацуюць ужо сёлета.

Толькі ў Мінску пражывае дзесяць тысяч адзінокіх пенсіянераў, якія ў сваёй уласнасці маюць жыллё. На гэтыя кватэры і пазіраюць улады.

Але ўзнікае два пытанні.

Па-першае, раней старых людзей прымалі ў домах-інтэрнатах і не забіраючы іхніх кватэр. Проста вылічвалі ў іх з пенсіі грошы на пракорм і дагляд. Няўжо «дзяржава для народа» так распанела, што і гэтае апошняе права нямоглых хоча забраць, як забралі права на бясплатны праезд?

Па-другое, у тым і ёсць прынцып дзяржавы, што мы плацім падаткі не толькі на патрэбы сябе ці сваёй сям’і, а на патрэбы ЎСЯГО грамадства. Гэта значыць, у роўнай ступені абароненымі павінны быць і тыя старыя людзі, што засталіся адзінокімі.

Беднай Таісіі Васільеўне, якая «засталася сам-насам з уласнай жылплошчай», ці патлумачаць, што яна мае права пераехаць у інтэрнат і не ахвяруючы кватэрай? А кватэру мае права пакінуць таму, з кім, можа, цяпер і не ладзіць, хто, можа, цяпер і далёка, але хто будзе глядзець яе магілу і ставіць свечкі за яе душу. І для гэтага зусім не абавязкова сваімі грашыма спансіраваць спецназ і бландзінак з СТВ.

* * *

Згодна з Законам «Аб пенсійным забеспячэнні», пенсіянеры, якія пражываюць на поўным дзяржаўным забеспячэнні ў доме-інтэрнаце, штомесяц атрымліваюць 10% прызначанай пенсіі, але не менш за 20% мінімальнай пенсіі па ўзросце (63970 руб.).

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)