Общество

Улады патрабуюць грошы за ахову Курапатаў

Упраўленне ўнутраных спраў Мінскай вобласці прапануе Аргкамітэту для ўшанавання памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій плаціць за ахову ўрочышча Курапаты. Такі ліст за подпісам намесніка начальніка абласной міліцыі спадара Шутава атрымалі сёння сябры аргкамітэту, паведамляе Радыё Свабода.

У лютым аргкамітэт звярнуўся да старшыні Мінгарвыканкама Міхаіла Паўлава са зваротам, у якім была выказана занепакоенасць наконт урочышча Курапаты. Аргкамітэт папрасіў кіраўніка Мінгарвыканкама вырашыць пытанне надзейнай аховы ўрочышча.

Сябры аргкамітэту распавялі пра шматлікія выпадкі вандалізму ў дачыненні да мемарыяльнага знака “Ад народа ЗША народу Беларусі дзеля памяці” — гэтак званай лавы Клінтана. Апошнім разам мэмарыяльны знак быў разламаны сёлета ў студзені. “Усё сведчыць пра планавы і мэтанакіраваны характар разбурэння”, — адзначалася ў звароце.

У лісце, які прыйшоў з Мінгарвыканкама за подпісам намесніка старшыні абласной міліцыі спадара Шутава адзначаецца: “Для забеспячэння ахоўных мерапрыемстваў дадзенага аб’екту неабходныя значныя фінансавыя сродкі. Упраўленне ўнутраных спраў Мінаблвыканкама іх не мае і забяспечыць кругласутачную ахову комплексу Курапаты на бязвыплатнай аснове не мае магчымасьці”.

Разам з тым у лісце гаворыцца, што пры аплаце аргкамітэтэтам паслуг за ахову Мінскі абласны дэпартамент аховы “гатовы разгледзіць пытанне ў ахове Курапатаў”.

Такое заяўленне з боку уладаў сакратар аргкамітэту для ўшанавання памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій Уладзімір Раманоўскі ужо назваў верхам цынізму.

Як вядома, комплекс Курапаты мае гісторыка-культурную каштоўнасць і занесена ў першы рэестар культурных і гістарычных аб’ектаў, якія ахоўвае дзяржава.

Уладзімір Раманоўскі выказаў прапанову напісаць ліст экс-прэзідэнту ЗША Білу Клінтану, каб ён дапамог аплаціць ахову мэмарыяльнага знака, які той усталяваў ва ўрочышчы ў студзені 1994 году.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)