Скандалы
Ірына Чарняўка, ”Радыё Рацыя”

Улады пачынаюць вайну з талеркамі

У Лідзе мясцовыя ўлады пад пагрозай штрафа патрабуюць, каб жыхары здымалі спадарожнікавыя антэны.

Штраф у 15 базавых велічыняў і прымусовая ліквідацыя антэны — вось што пагражае ўладальнікам спадарожнікавых талерак у Лідзе, калі яны не падпарадкуюцца патрабаваньню камунальшчыкаў і не прыбяруць іх самі з дамоў і дахаў. Такія аб’явы ЖЭСы гораду разьвесілі па пад’ездах ва ўсіх мікрараёнах. Як расказаў Рацыі мясцовы жыхар Сяргей Коваль, перад гэтым кожнага з уладальнікаў антэнаў ЖЭСы папярэджвалі асабіста.

Коваль: "Спачатку патэлефанавалі з ЖЭСа дахаты: "Вы ведаеце, спадарожнікавая талерка — незаконная, прыйдзіце да нас у ЖЭС, мы вам дамо папярэджаньне". Я кажу: "Ды вы што?! З глузду зьехалі?!". Тады яны кажуць, што талеркі будуць здымацца прымусова, і нам будзе выпісаны штраф, прыкладна 700 даляраў. Пасьля па ўсіх пад’ездах наляпілі аб’яваў, каб здымалі антэны. Гэта па ўсім горадзе".

Як расказала Рацыі супрацоўніца аднаго з ЖЭСаў, распараджэньне пра ліквідацыю спадарожнікавых талерак прыйшло ад Лідзкага жыльлёва-рамонтнага эксплюатацыйнага прадпрыемства за подпісам намесьніка дырэктара Віктара Вайтулевіча. Пасьля гэтага супрацоўнікі ЖЭСаў абыйшлі ўсе дамы і перапісалі ўладальнікаў антэнаў. Сяргей Коваль упэўнены, што такім чынам мясцовыя ўлады ня хочуць дапусьціць прыёму незалежнага беларускага спадарожнікавага тэлеканалу "БЕЛСАТ", які плянуе пачаць вяшчаньне ўвосень.

Коваль: "Я так думаю, што гэта яны на асобным рэгіёне вырашылі "абкатаць", паглядзець на рэакцыю насельніцтва напярэдадні запуска новага спадарожнікавага беларускага каналу, які будзе вяшчаць з-за мяжы на Беларусь. Калі мы гэтую "пілюлю" праглынём, то такая практыка распаўсюдзіцца на ўсю краіну".

Нягледзячы на пагрозы, паводле супрацоўніцы лідскага ЖЭСу, ніхто з жыхароў патрабаваньню камунальшчыкаў пакуль не падпарадкаваўся.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)